Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піянэрскія песьні


Вінцэсь Мудроў З пачаткам восені ня скончыўся наш "Летні альбом", у якім засталося яшчэ шмат неперагорнутых старонак. Таму на хвалях “Свабоды” аж да бабінага лета -- яшчэ месяц -- будзе гучаць праграма Вінцэся Мудрова пра рэчы важныя, страшныя, дэфіцытныя калісьці і сьмешныя цяпер.

Піянэрскія песьні, нават самыя звонкія і жыцьцярадасныя, несьлі на сабе цяжар ідэалягічнай сур’ёзнасьці і таму хутка надакучвалі. Калі я ўпершыню прыехаў у піянэрскі лягер, дык напачатку з натхненьнем сьпяваў: “Взвейтесь кострами, синие ночи”. Песьня гэтая была неафіцыйным піянэрскім гімнам, гучала на кожнай вечаровай лінейцы і ў канцы зьмены абрыдла да нэрвовага сьвербу.

На дзённай лінейцы мы сьпявалі “Солнечный круг, небо вокруг”. Пры гэтым, на патрабаваньне старэйшай піянэрважатай, мусілі біць у ладкі над галавой. Гэткай артыкуляцыяй немудрагелістай дзіцячай песеньцы, як я цяпер разумею, надавалася патасная рамантызацыя.

Усе гэтыя зонгі мы выконвалі ў суправаджэньні вясёлага баяніста – дзядзькі Колі. Дзядзька Коля ведаў шмат папулярных песень, якія граў у адсутнасьць дырэктара лягеру. Ну а ля піянэрскіх вогнішчаў ён, тузануўшы галавой, расьцягваў мяхі і голасна сьпяваў: “Вперёд продвигались отряды спартаковцев смелых бойцов”. Я падхопліваў песьню, наіўна маракуючы, што спартакаўцы – гэта мабілізаваныя ў войска футбалісты. Аднойчы старэйшая піянэрважатая гукнула: “А зараз усе танцуем “Вальс дружбы”. У адказ дзядзька Коля зычна ссунуў баянныя мяхі. Ён ня ведаў вальсу, і потым, пасьля адбою, падбіраў мэлёдыю з голасу важатай. Музыцыравалі яны ў лягернай сталоўцы, і мальцы старэйшага атраду казалі, што піянэрважатая пасьля музыцыраваньня села баяністу на калені. А калі той паспрабаваў расшпіліць дзявочую кашулю, стала роспачна адбівацца.

Раз на тыдзень дырэктар лягеру ехаў у горад за харчамі і мы гамузам абступалі свайго куміра.

– Дзядзька Коля, збацайце пра Ўругвай.

Песьня гэтая была відавочна антыпэдагагічнага гучаньня, таму дзядзька Коля напачатку аднекваўся, а потым, азірнуўшыся на бокі, расьцягваў мяхі.

– Раз мы шли по Уругваю (ваю), ночь хоть выколи глаза…

У папулярнай на той час разухабістай песьні гарлалі папугаі, гукалі малпы і некага сілком, не раўнуючы як старэйшую піянэрважатую, распраналі.

Ну а яшчэ ў ахвоту і без прынукі мы сьпявалі туш. Гэта п''еса фанфарнага складу і выконваецца бяз словаў. Аднак мы зламалі такую завядзёнку. І калі дырэктар уручаў чэмпіёну лягеру па бегу ці яшчэ па якой спартовай дысцыпліне грамату, упоравень з баяннымі акордамі, напаўголасу сьпявалі:

– Ко-ро-ва пукнула слегка увидев белого быка не подыма-а-я хвос-ти-ка!

І сёньня, з вышыні пражытых гадоў, магу заявіць: гэта была нашая ўлюбёная піянэрская песьня.
XS
SM
MD
LG