Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Штосьці ня так у нашым грамадзтве, калі працягваем цярпець такія зьдзекі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 13 верасьня).

Ці забясьпечаныя ў Беларусі сацыяльная роўнасьць, справядлівасьць і раўнапраўе грамадзянаў? Лісты з развагамі на гэтую тэму й спробамі самастойна адказаць на падобныя пытаньні часта сустракаюцца ў нашай пошце апошніх тыдняў.

Адной з галоўных для сёньняшняга беларускага грамадзтва лічыць гэтую праблему наш даўні слухач Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну. Свой новы ліст на “Свабоду” ён пачынае з цытаваньня нядаўняга праграмнага артыкулу першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Рубінава пад назвай “Яшчэ раз аб ідэалёгіі”. Артыкул быў зьмешчаны 28 ліпеня ў прэзыдэнцкай газэце “Советская Белоруссия”. У публікацыі спадар Рубінаў, у прыватнасьці, сьцьвярджае: “Усе грамадзяне і жыхары Беларусі адчуваюць сябе зусім раўнапраўнымі, ні на кім не стаіць пячатка другога гатунку, як у некаторых іншых краінах”.

Васіль Валошка з гэтай нагоды піша:

“Сапраўды, у якой яшчэ краіне магчыма, каб катэджы высокапастаўленым чыноўнікам будавалі рабочыя, якім зарплату за гэта плацяць на месцы іх асноўнай працы — на заводах і фабрыках? Альбо ўзяць настаўніцу, якая адпрацавала ў школе 45 гадоў, ці токара, які ўсё працоўнае жыцьцё прастаяў ля станка. Найвышэйшая пэнсія для іх — 270 тысяч рублёў. Ці раўнапраўныя яны з чыноўнікам, які 20 гадоў прасядзеў у крэсьле над паперамі, альбо міліцыянтам, які з раніцы да вечара глядзіць тэлевізар ля дзьвярэй банку (лічыцца, што ён гэты банк ахоўвае)? У 45 гадоў ён ужо пэнсіянэр, пры гэтым плацяць яму ўдвая, а то і ўтрая больш, чым настаўніцы і токару.

А што гэта за раўнапраўе, калі кіраўнік прадпрыемства з адным работнікам заключае кантракт на 5 гадоў, а з другім — толькі на год, карыстаючыся гэтым як бізуном і пернікам. Яшчэ адзін прыклад так званага “раўнапраўя”: высокапастаўленая начальніца скрала ў дзяржавы мільёны даляраў — і памілавана, не адседзеўшы ў турме ніводнага дня. А маладыя людзі за спробу наладзіць незалежны падлік галасоў на выбарах кінутыя ў турму на тэрмін ад паўгоду да двух гадоў”.

Думаю, спадар Валошка, вы зьвярнулі ўвагу на самыя балючыя для цяперашняй улады пункты ў яе барацьбе за грамадзкую думку. Лёзунгі сацыяльнай роўнасьці і справядлівасьці ўладнай вэртыкальлю актыўна выкарыстоўваюцца — асабліва падчас выбараў. І сапраўды, гэтыя лёзунгі для сярэднестатыстычнага беларуса значна больш блізкія і зразумелыя, чым тыя каштоўнасьці, пра якія спрабуе гаварыць апазыцыя, — дэмакратычныя правы, свабоды, дзяржаўная незалежнасьць.

Але лёзунгі людзі супастаўляюць з рэальнымі фактамі й зьявамі. Яны цікавяцца, чаму райвыканкамаўскі чыноўнік атрымлівае ўтрая большую зарплату і пэнсію, чым перадавая даярка? За якія грошы кіраўнік вэртыкалі будуе сабе на беразе возера дом, падобны на палац, і чаму на будоўлі працуюць рабочыя заводу, якіх на гэты час адарвалі ад станкоў?

Урэшце, чаму высокапастаўленыя чыноўнікі не карыстаюцца тымі ж паліклінікамі, шпіталямі, санаторыямі, што і просты працоўны люд? Як сталася, што намэнклятурныя прывілеі, якія з такімі скандаламі былі адмененыя напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў, ня толькі зноў адноўленыя, але і шматкроць пашыраныя?

Пакуль што многія людзі тлумачаць усё гэта карумпаванасьцю і несумленнасьцю мясцовых начальнікаў — яны, маўляў, ня слухаюць прэзыдэнта, робяць, што хочуць, а ён пра гэта ня ведае. Прынцыповыя грамадзяне сумленна спрабуюць паведаміць пра гэта кіраўніку дзяржавы — прэзыдэнцкая адміністрацыя атрымлівае на гэту тэму дзясяткі тысяч лістоў, і акуратна пераадрасоўвае іх “на рэагаваньне” ў тыя ведамствы, на чыноўнікаў якіх якраз і скардзяцца людзі.

Новы ліст ад нашага даўняга сябра, настаўніка-пэнсіянэра Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну. Як і раней, спадар Ляскоўскі спрабуе асэнсаваць апошнія палітычныя падзеі ў краіне:

“Да чаго ж мы дажыліся, да чаго дакаціліся! Закручваньне гаек з боку ўлады адносна апазыцыі дасягнула такіх ганебных маштабаў, што ўжо ніяк ня ўкладваецца ў маёй старэчай пасівелай галаве. Моладзь з “Партнэрства” кінулі за краты толькі за тое, што яны хацелі й дамагаліся сапраўды сумленных і справядлівых выбараў. А былога кандыдата ў прэзыдэнты, мужнага прафэсара Казуліна пасадзілі ў турму ажно на пяць з паловай гадоў паводле яўна сфабрыкаваных палітычных абвінавачаньняў.

Пастаянна зьдзіўляюся і ніяк не магу зразумець: як гэта наш народ так спакойна ды абыякава назірае за ўсім гэтым. Няўжо ў нашых людзей такія каменныя сэрцы ды чэрствыя душы? Што ні кажы, але штосьці ня так у нашым грамадзтве, калі людзкое цярпеньне не дайшло да пункту кіпеньня. Адно для мяне відавочна: людзкімі душамі цалкам завалодаў страх. А яго можна пераадолець толькі вялікімі намаганьнямі волі. А якім вам, паважаны Валянцін Пятровіч, бачыцца выйсьце нашага аблуднага грамадзтва з таго незайздроснага (ці, можа, нават тупіковага) становішча, у якім яно знаходзіцца?”

На вашым, Алесь Іванавіч, вяку было шмат дыктатараў і паўдыктатараў. І кожны кіраваў так, нібы яго ўлада — назаўсёды, а ўсё, што ён скажа, напіша і зробіць, будзе на стагодзьдзі ўвекавечанае ўдзячнымі нашчадкамі. І гэта ж на вашай памяці выносілі цела геніяльнага генэралісімуса з маўзалею, зьнішчалі за адну ноч бронзавыя манумэнты на цэнтральных вуліцах і плошчах, мянялі назвы гарадоў, выкідвалі на сьметнік кнігі “Малая Зямля”, “Адраджэньне” і “Цаліна”, якія раней называлі геніяльнымі.

Напэўна, калі б большая частка беларускага грамадзтва імкнулася да зьменаў і прыкладала дзеля гэтага ўласныя намаганьні, зьмены адбыліся б хутчэй. Але яны ўсё роўна непазьбежныя. Час аўтарытарных рэжымаў на эўрапейскім кантынэнце мінуў у ХХ стагодзьдзі. З таталітарнымі правадырамі расквіталіся і разьвіталіся ўсе суседнія зь Беларусьсю краіны — адны, як Польшча, раней; іншыя (як Украіна) зусім нядаўна. Беларуская ўлада імкнецца застацца выключэньнем на кантынэнце — але наўрад ці такі стан магчыма ўтрымліваць працяглы час: дзеля гэтага няма ні фінансавых рэсурсаў, ні багатых карысных выкапняў, ні міжнароднай падтрымкі, ні бясконцага людзкога цярпеньня.

12 ліпеня ў аглядзе пошты прагучаў ліст былога настаўніка, інваліда Івана Цімафейчыка зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну. Ён расказваў пра тое, як ужо дзесяць гадоў безвынікова спрабуе вырашыць свае камунальныя праблемы. Жыве ён разам з калегамі ў васьмікватэрным настаўніцкім доме пры школе. Сыстэму ацяпленьня там калісьці празь нядбайнасьць абслуговага пэрсаналу размарозілі, а потым замест таго, каб адрамантаваць, увогуле замянілі печкамі-“буржуйкамі”. Коміны ж вывелі ў вэнтыляцыю, з прычыны чаго ў памяшканьнях высокая вільготнасьць. Так атрыбут галечы і грамадзянскай вайны зрабілі нормай. А чалавека, які імкнецца даказаць абсурднасьць, ненармальнасьць такой сытуацыі, запісалі ў суцяжнікі й на ўзроўні кіраўніка вобласьці забаранілі рэагаваць на ягоныя звароты і заявы. Днямі мы атрымалі новы ліст ад Івана Цімафейчыка.

“Тое, што “Свабода” ў сваёй перадачы згадала пра мяне, гаротніка з Зэльвеншчыны, на якога чыніцца ўціск, бясьсьледна не мінула. Тут у нас даўно падзялілі люд на “вашых” і “нашых”. Хто ня зь імі — той супраць іх, а значыць — вораг. А таму і стаўленьне да яго як да ворага. Да прыкладу, на друкаваньне маіх твораў у мясцовай газэце “Праца” наклалі забарону. Зрабілі выгнаньнікам. А таму даводзіцца адшукваць іншыя месцы, каб мае творы ўбачылі сьвет”.

Магчыма, спадар Цімафейчык, і ня варта дужа засмучацца з тае нагоды, што вас пазбавілі гэтай трыбуны. Цяперашнія раённыя (і ня толькі раённыя — увогуле дзяржаўныя) газэты падобныя, як блізьняты. Робяць іх людзі паднявольныя, залежныя. Прапусьціць якую-небудзь палітычна рызыкоўную публікацыю для іх раўназначна страце працы. А для таго, каб адмовіць вам у публікацыі, заўсёды знойдзецца якая-небудзь фармальная зачэпка.

Іншая рэч — ваша змаганьне за свой дом, за вартыя чалавека ўмовы побыту. Праўда тут на вашым баку. Вы аддалі дзесяцігодзьдзі працы ў дзяржаўнай школе, і маеце права патрабаваць уважлівага стаўленьня да сваіх праблемаў.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Паўла Панасюка з Івацэвіцкага раёну:

“Нядаўна цаной вялікіх намаганьняў удалося адрамантаваць стары радыёпрымач “Акіян”. І пасьля пяцігадовага перапынку я зноў слухаю “Свабоду”. Цяпер я ў вёсцы — самы інфармаваны чалавек. Газэтаў можна не чытаць. Тым больш, што праўдзівых навінаў у іх амаль няма. Дзякую ўсім журналістам “Свабоды” за вялікую працу і за мужнасьць. Гэты ліст перадаю са сваякамі ў Менск, бо баюся, што з нашай пошты ён да вас можа не дайсьці. Час цяпер такі, што верыць нікому нельга: за палітычна падазронымі асобамі могуць сачыць”.

Дзякуй вам, спадар Панасюк, за добрыя словы і за ўвагу да нашай працы. Што да сачэньня да палітычна падазронымі й іхным ліставаньнем, то вашы страхі, можа, і перабольшаныя. У тым, што вы слухаеце радыё і пішаце лісты ў рэдакцыю, нічога крамольнага няма. Атрымліваць інфармацыю зь любых адкрытых крыніцаў — ваша канстытуцыйнае права.

Зрэшты, апошнім часам вельмі многія нашы слухачы ў сваіх лістах выказваюць такія ж апасеньні й падазрэньні, дзеля перасьцярогі падпісваючы свае допісы выдуманымі імёнамі й адрасамі. І гэтым страхам няцяжка знайсьці тлумачэньне.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG