Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя не знайшла, хто даслаў пагрозы ад імя РНЕ газэце "Витебский курьер"


Радыё Свабода Галоўны рэдактар недзяржаўнай грамадзка-палітычнай газэты "Витебский курьер" Уладзімер Базан атрымаў адказ з міліцыі на заяву рэдакцыі з просьбай знайсьці і прыцягнуць да адказнасьці аўтараў ліста з пагрозамі ад РНЕ.

Як паведамляе БелаПАН, у адказе за подпісам намесьніка начальніка Кастрычніцкага РАУС Віцебска гаворыцца, што "падчас праведзенай праверкі ўстанавіць асобу, якая даслала ліст-папярэджаньне, зьявілася немагчымым. У выпадку ўстанаўленьня асобы вам будзе паведамлена дадаткова".

Нагадаем, 10 жніўня ў рэдакцыю "Витебского курьера" прыйшоў ліст з пагрозамі, адпраўнікам якога значылася "кіраўніцтва віцебскага аддзяленьня ўсерасійскай арганізацыі "Рускае нацыянальнае адзінства".

У лісьце выказвалася патрабаваньне "спыніць публікацыі, што дыскрэдытуюць існуючую ў Беларусі ўладу і глыбокапаважанага намі першага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, бо ён вядзе непрымірымую, сусьветную барацьбу за веліч славянскіх народаў з жыдамі і лібэраламі ўсіх масьцей, якія імкнуцца заняволіць вялікі рускі народ".

Аўтары ліста заклікалі супрацоўнікаў рэдакцыі на працягу месяца "перагледзець сваю інфармацыйную палітыку". У адваротным выпадку, зазначалася ў лісце, "мы пакідаем за сабою права задзейнічаць усе свае рэсурсы і сувязі ў калідорах улады для закрыцьця газэты ў максымальна кароткія тэрміны".

Тэкст ліста дапаўняў малюнак, на якім малады чалавек у ваеннай форме са свастыкай трымае ў адной руцэ меч, а ў другой – падвешанага на вяроўцы чалавека, на грудзях якога намалявана зорка Давіда, а з кішэняў сыплюцца даляры. Пад малюнкам стаяў надпіс "Ачысьцім Расію!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG