Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Сіўчык — у турме на Акрэсьціна


Любоў Лунёва, Менск Вячаслаў Сіўчык знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна. Ён адбывае 10 сутак арышту, якія, паводле міліцыянтаў, мусіць адседзець за ўдзел у сакавіцкай акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Апазыцыянэра судзілі завочна 25 траўня, калі ён знаходзіўся ва Ўкраіне. 12 верасьня супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну затрымалі яго ў менскай кавярні.

Вячаслаў Сіўчык адбывае пакараньне ў першым корпусе турмы на Акрэсьціна. Адлік тэрміну арышту ідзе ад 12 верасьня.

Нагадаю, што Вячаслава Сіўчыка затрымалі сёлета 23 сакавіка за некалькі гадзінаў да ліквідацыі намётавага лягеру. З турмы на Акрэсьціна апазыцыянэра завезьлі ў 3-ці клінічны шпіталь. Вячаслаў Сіўчык паведаміў мэдыкам, што быў зьбіты падчас затрыманьня. Празь некалькі дзён ён пакінуў шпіталь і зьехаў ва Ўкраіну.

Увечары 12 верасьня Вячаслава Сіўчыка затрымалі ў кавярні, калі ён там сустракаўся са сваім сябрам, журналістам Паўлюком Быкоўскім. Міліцыянты патлумачылі, што 19 траўня Сіўчыка судзілі завочна ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Паводле прысуду ён мусіць адседзець 10 сутак арышту ў турме на Акрэсьціна.

Маці Вячаслава Сіўчыка непакоіцца за сына. У яе высокі ціск. Перадачу на Акрэсьціна адвезла актывістка моладзевага дэмакратычнага руху Ірына Тоўсьцік. Яна паведаміла “Свабодзе”:

(Тоўсьцік: ) “Прынялі без праблемаў. Галоўнае для іх — аплаціць суткі. За 10 сутак заплаціла 46 500 рублёў. У перадачы такі стандартны баявы набор: рэчы для асабістай гігіены, а таксама харчы — сала, каўбаса, садавіна, гародніна, часнок, лімон для прафіляктыкі інфэкцыйных захворваньняў. Вось яшчэ перадалі спальнік для Сіўчыка. Так што, я думаю, яму будзе мякчэй спаць гэтыя 10 сутак”.

Вячаслаў Сіўчык выйдзе на волю ўвечары 22 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG