Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква: Мадонна прасьпявала без Лукашэнкі


Ігар Карней, Менск Учорашняе шоў амэрыканскай поп-зоркі Мадонны ў Маскве прайшло без чаканага аншлягу. Каб убачыць скандальную зорку, на стадыён “Лужнікі” прыйшло крыху больш за 50 тысяч гледачоў — прычым, служба бясьпекі арэны разьлічвала на 75 тысяч наведнікаў.

Адбыліся неістотныя зьмены і ў самой праграме Мадонны. Перадусім, было цікава, як успрыме маскоўская публіка відэашэраг да песьні “Sorry”. У часе папярэдніх выступаў у рамках эўрапейскага турнэ пад “праклёны”, што сьпявачка адрасавала “брудным” палітыкам, на вялізным экране адзін аднаго зьмянялі выявы дыктатараў і прыхільнікаў аўтарытарнага стылю кіраваньня. Сярод “абраных” аказаўся прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Аднак, як апавядаюць гледачы, у Маскве Мадонна адзначылася паліткарэктнасьцю і ня стала ўскладняць дачыненьняў з гаспадарамі. Ляйтматывам візуальнага суправаджэньня кампазыцыі “Sorry” сталі асобы, датычныя да пачатку ваенных дзеяньняў ці абвінавачаныя ў генацыдзе — Франка, Мусаліні, Гітлер, Сталін, Мугабэ, Пол Пот, Піначэт, Фідэль Кастра, Садам Хусэйн, паўночнакарэйская дынастыя Кімаў, нават старэйшы і малодшы Бушы.

Аднак на разьвітаньне сьпявачка не ўстрымалася ад невялікай лекцыі: маўляў, Расея вось ужо пятнаццаць гадоў дэмакратычная краіна, таму ўсе тут мусяць быць свабодныя і вольна выказваць свае думкі. З чым усе і пагадзіліся.

Дарэчы, анансаваная сустрэча Мадонны зь сям’ёй Уладзімера Пуціна не адбылася.
XS
SM
MD
LG