Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Шруб: "Фэрмэры павінны быць ня пасынкамі, а сынамі нашай краіны"


Радыё Свабода, Гомель Аднаму зь першых фэрмэраў Беларусі Міхаілу Шрубу з Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці споўнілася 50 гадоў. Амаль 15 зь іх Міхаіл аддаў фэрмэрству. За высокія паказьнікі ў земляробстве Міністэрства сельскай гаспадаркі 4 разы прызнавала Міхаіла Шруба лепшым фэрмэрам краіны.

Фэрмэрствам Міхаіл Шруб заняўся напачатку 90-х гадоў. Маючы вышэйшую эканамічную адукацыю, ён адмовіўся ад прэстыжных пасадаў у Гомелі і вярнуўся ў родную вёску Хільчыцы. Узяў там на пару з бацькам у арэнду зямлю і стаў вырошчваць гародніну. Дапамагалі яму ў гэтым і брат, і жонка Кацярына.

Справы ладзіліся, і праз некалькі гадоў ўсё вяскоўцы, увесь калгас “Шлях да камунізму” папрасіўся да фэрмэра. Гэтаму супрацівіліся і раённае начальства, і многія вышэйшыя чыноўнікі. У Хільчыцах чатыры разы зьбіралі сходы вяскоўцаў, каб прымусіць іх зьмяніць рашэньне пра далучэньне да фэрмэра.

Вось што казала чыноўнікам на адным са сходаў вясковая кабета, што 30 гадоў працавала ў калгасе даяркаю:

(Кабета:) “Бягуць людзі не з прычыны годнасьці Шруба, хаця ён самы годны чалавек – такога няма ні ў вобласьці, ні ў рэспубліцы. Бягуць людзі зь пекла ў рай. Як не атрымлівалі мы гадамі заробак у калгасе, як не давалі пэнсіянэрам, усім іншым збожжа – ніхто нічога ня бачыў. Вам жа людзі вочы павыпорваюць – вось што я вам хачу сказаць. І няма чаго аб нас ногі выціраць – не дамо”.

Міхаіл Шруб вымушаны быў праз гаспадарчы суд адстойваць права вяскоўцаў на далучэньне ўсім калгасам да ягонай фэрмэрскай гаспадаркі. І ў рэшце дзяржаўныя ворганы юрыдычна прызналі далучэньне калгасу да фэрмэра.

За 4 гады Міхал Шруб здолеў павялічыць аб`ём прадукцыі ў параўнаньні з калгасам больш, як у 7,5 разоў. Сярэднямесячны заробак у вяскоўцаў падвысіўся за гэты час амаль у 6 разоў -- з 66 тысячаў рублёў да 395 тысячаў.

Цяпер асабіста фэрмэра Шруба ніхто не чапае. Ён разьвівае вытворчасьць, сацыяльную сфэру, пераймае лепшы эўрапейскі досьвед вядзеньня фэрмэрскай гаспадаркі.

А каб фэрмэрства ў Беларусі пасьпяхова разьвівалася ня толькі ў Хільчыцах, патрэбна, на думку Міхаіла Шруба, наступнае:

(Шруб:) “Падтрымка патрэбна, добрыя адносіны да фэрмэрскіх гаспадарак. Ідэалёгія павінна атачаць іх добрая. Яны, фэрмэры, павінны быць ня пасынкамі, а сынамі ў нашай краіне. І тады ўсё атрымаецца, людзі знойдуцца, я ўпэўнены. Я кажу ня толькі пра фэрмэрства, але і прыватны бізнэс. Прыватны бізнэс ў вёсцы вельмі неабходны, запатрабаваны, і за ім – будучыня”.
XS
SM
MD
LG