Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Трыгубовіч: “Веру ў неацэнную ролю жанчыны”


Радыё Свабода Валянціна Трыгубовіч, ўдзельніца перадачы "У што я веру..."

У адказ на пытаньне “ў што я веру?” імгненна выплывае з падсьвядомасьці: “Верую ў адзінага Бога Айца, Уседзяржыцеля, Тварца неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага... ” Гэты “Сымбаль веры” ў пэўным моманце царкоўнай службы чытаецца людзьмі супольна, уголас. Кожны гаворыць ад сябе асабіста, але адначасова пачуваецца, робіцца часьцінкай хрысьціянскай еднасьці – часьцінкай не толькі прысутнай у гэтым храме супольнасьці, але агульнахрысьціянскай, мільёнаў вернікаў у іншых храмах, гарадах, краінах. Гэтае “верую” лучыць мяне з продкамі, якія зьвярталіся калісьці да Бога з тымі самымі словамі. І хросныя бацькі маёй унучкі ўжо прамовілі за яе ў царкве першы раз “верую”...

Абмежаваньне духоўнай свабоды не так заўважаецца чалавекам, які заняты адно выжываньнем у гэтым сьвеце, як абмежаваньне фізычнае, турэмнае зьняволеньне, напрыклад. Але наступствы несвабоды разбуральныя для любога чалавека і грамадзтва, нават калі яны не ўсьведамляюцца імі. Я далучылася да царквы толькі ў часе гарбачоўскай перабудовы, хоць была ахрышчаная пры нараджэньні, у паваенным сорак сёмым. Але бацька праз гэта страціў працу... Урок быў павучальны. Наступных дзяцей да бацюшкі не панесьлі. І ў хатнім выхаваньні нейкіх пратэстных сацыяльных матываў не гучала. Вучылі працавітасьці, сумленнасьці, адказнасьці, самастойнасьці... Свабода думак і дзеяў не прадугледжвалася. А школьнае выхаваньне было татальна ідэалягізаванае, я і сёньня магу па-ангельску лепш распавесьці пра ХХІІ з’езд КПСС, чым пра сваю сям’ю, а папулярная ў пачатку 60-х песьня “Куба – любовь моя” помніцца да апошняга радка.

Пераканалася на ўласным досьведзе, што з дзецьмі ў сям’і трэба абыходзіцца інакш: быць з імі праўдзівымі, шчырымі, адкрытымі да дыскусыі, даваць ім свабоду выбару і разуменьне адказнасьці за свой выбар. Маё пакаленьне расло з вузкімі ўяўленьнямі пра сьвет за “жалезнай заслонай”, мы былі абмежаваныя і самаўпэўненыя ў сваёй савецкай велічы і праваце.

Закрытасьць грамадзтва і людзей была моцная. Пра рэпрэсаванага ў часе калектывізацыі дзеда я пачула ад маці толькі тады, калі ўжо нарадзіла ўласнае дзіця. А былы дэпутат Валянцін Голубеў часам згадвае, што ён, выпускнік гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэта, пра БНР, Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг даведаўся, толькі калі пачаў працаваць у архівах як навуковец.

Сёньняшняя глябалізацыя, кампутарызацыя, увогуле – больш шырокія магчымасьці атрыманьня інфармацыі даюць маладым людзям шанец не зьведаць нашых комплексаў. Але праблема выбару і адказнасьці паўстае перад імі з непазьбежнай вастрынёй. Веру: патрэбен сталы дыялёг паміж пакаленьнямі. І супольныя дзеяньні ў кірунку свабоды, праўды, справядлівасьці.

Я упэўнена, што захаванасьць адвечнай народнай традыцыі надае жыцьцю устойлівасьці, а чалавеку – годнасьці і павагі да сябе. Нашы традыцыі ў ХХ стагодзьдзі былі гвалтоўна зламаныя бальшавіцкай уладай цераз прымусовы атэізм, русыфікацыю, вынішчэньне самых гаспадарлівых і вальнадумных прадстаўнікоў нацыі.

Але Беларусь жыве! Кожны чалавек, які мае чуйную душу і розум, не цураецца свайго дарэшты. Гнецца, хіліцца, затуляецца ад жыцьцёвых нягодаў, а пры першай магчымасьці зноў імкнецца выпрастацца, стаць самім сабою. Толькі трэба, каб сям’я ці добрыя людзі дапамаглі з маленства скласьці належнае уяўленьне пра норму, правільнасьць, маральнасьць. Акрэсьліць СВАЁ, без грэбаваньня ІНШЫМ.

Веру, што кожны чалавек мае ўласную “матрыцу”, вобраз чагосьці адмыслова свайго, роднага. Словы, краявіды, мелодыі, пахі, колеры... І пазнаюць духоўна блізкіх людзей інтуітыўна. Хоць не заўсёды гэтае збліжэньне адбываецца хутка, лёгка, проста нават у асяродзьдзі разумных і адукаваных. Як часта мы памыляемся, апякаемся і, крыўдуючы, кажам, што некага амбіцыі замучылі, рэўнасьць заела, характарамі не сышліся. Рэальнае жыцьцё не бывае бясхмарным, а чалавек – бязгрэшным. Трэба пастаянна самаўдасканальвацца, рабіць высновы з памылак і не баяцца працы. Уласным прыкладам найбольш пераканаеш у слушнасьці сваёй веры, сваёй справы, сваіх мараў.

Веру ў неацэнную ролю жанчыны! Не толькі таму, што яны ў нас сёньня самыя адукаваныя, самыя прыгожыя, самыя дынамічныя. Ухваляю ўсё гэта! Але ці заўсёды маладыя жанчыны дарэшты ўсьведамляюць, што без іх высілкаў, без іх ахвярнасьці нацыя не можа мець працягу, разьвіцьця. Так, так, я пра нараджэньне дзетак... І пра іх належнае ўзгадаваньне. Якія б ні былі залатыя таты, бабулі ці дзядулі, маміны рукі для немаўлят самыя пяшчотныя. З вышыні свайго ўзросту скажу, што мала якія творчыя дасягненьні ці кар’ерныя набыткі могуць зраўняцца з усьведамленьнем таго, што твае ўласныя дзеці вырасьлі прыстойнымі людзьмі, што яны годна прадаўжаюць твой род, што ты можаш спакойна думаць пра Вечнасьць.

Памятаю, як уразіла мяне ў маладыя гады простая думка пра тое, колькі пакаленьняў зьмянілася на зямлі ад стварэньня сьвету, як доўга плялася нітачка жыцьця, натуральным працягам якой ёсьць я сама, і як гэта адказна – не даць ёй абарвацца. Гэта слушна не толькі ў дачыненьні да фізычнага існаваньня асобы. Тут побач ідзе клопат пра захаванасьць матчынай мовы, пра шанаваньне памяці дзядоў-прадзедаў, пра народныя песьні, грыбы і дранікі.

Кожнае пакаленьне ўзвышаецца над сваімі папярэднікамі на вышыню іх рэбраў. Не памятаю, дзе гэта прачытала. Але імкнуся, каб мае рэбры былі надзейнымі, трывалымі і добра маглі паслужыць маёй сям’і, майму народу.



Валянціна Трыгубовіч – грамадзкая дзеячка, мастацтвазнаўца, кіраўніца міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская пэрспэктыва”, зачыненага ўладамі. Актыўна садзейнічала стварэньню праваслаўнага Брацтва трох Віленскіх пакутнікаў і з’яўляецца сябрам яго кіроўнай рады. Каардынатарка праекту “Хто ёсьць хто ў Беларусі” ў 1999, 2001 і 2004 гадах, а таксама кіраўніца праекту выданьня трохтомнага зборніку вершаў для дзяцей “Побач з намі на Зямлі”.



Гл. таксама: Новую перадачу "У што я веру" адкрывае Івонка Сурвіла “У што я веру”: Мікалай Цімафееў Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..." Уладзімер Арлоў: “Веру ў моладзь, а значыць – веру ў Беларусь”
XS
SM
MD
LG