Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў мірнай беларускай арміі гінуць салдаты?


Ігар Карней, Менск Беларуская ваенная пракуратура абвясьціла: узровень надзвычайных здарэньняў у войску зьнізіўся на 13% у параўнаньні зь мінулым годам. Адзначаецца, што за першыя 6 месяцаў гэтага году не адбылося ніводнага наўмыснага забойства, што сьведчыць аб паступовай нэўтралізацыі нестатутных адносінаў паміж ваеннаслужачымі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, удвая зьнізілася колькасьць загіблых у выніку няшчасных здарэньняў і парушэньняў тэхнікі бясьпекі. Аднак бацькі загіблых салдатаў лічаць, што такія высновы робяцца заўчасна.

Сёлета ў чэрвені малады салдат Аляксандар Шамрын пры нявысьветленых абставінах атрымаў сьмяротную траўму. У вучэбным комплексе “Печы” пад Барысавам падчас гаспадарчых працаў на пабелцы боксу хлопец зваліўся з двухмэтровага насьцілу, ударыўшыся галавой аб бэтонную падлогу. 28 чэрвеня, пасьля 11 дзён, праведзеных у коме, Аляксандар памёр у ваенным шпіталі Менску. Здарэньне было клясыфікаванае як няшчасны выпадак, на падставе чаго справу неаднойчы спрабавалі закрыць. Бацька Аляксандра лічыць, што вайскоўцам выгадна ўсё зьвесьці да выпадковасьці, заявіць, што так званай “дзедаўшчыны” у беларускім войску няма.

(Шамрын: ) “У той дзень, калі гэта здарылася, яго адправілі ў суседнюю частку, у танкавую. Тут яны былі ўсе аднолькавага прызыву, а там быў стараслужачы, прыстаўлены кантраляваць, як яны працуюць. І я не выключаю, што там мог здарыцца канфлікт у майго сына з тым салдатам. Хлопцы, якія разам зь ім былі, самі гавораць: да краю насьцілу было 1,5-2 мэтры. Ён калі б і зваліўся, то на гэты насьціл. Але ніяк не на бэтонную падлогу галавой. І на твары ў яго шмат драпінаў. Адкуль пабоі на барадзе, на шчацэ? Мы гэта ўсё бачылі, калі ён яшчэ ляжаў у ваенным шпіталі”.

У заявах на адрас Генэральнай пракуратуры і Міністэрства абароны Аляксандар Шамрын просіць адхіліць ад справы Барысаўскую ваенную пракуратуру і правесьці аб’ектыўнае расьсьледаваньне трагедыі. Тым больш, як кажа спадар Шамрын, сьмяротныя факты ў войску ня рэдкасьць. Яшчэ адзін салдат з Крычаўскага раёну, Аляксандар Давыдоў, у сьнежні 2004 году быў да сьмерці зьбіты афіцэрам. Лейтэнант атрымаў 5 гадоў зьняволеньня, але бацькам ад гэтага наўрад ці лягчэй. Салдат тэрміновай службы зь вёскі Ярмакоўка таго ж Крычаўскага раёну быў зьбіты стараслужачымі, у выніку чаго з цяжкімі траўмамі быў камісаваны.

Першы намесьнік беларускага ваеннага пракурора Ігар Лапека перакананы: у беларускім войску робіцца ўсё дзеля таго, каб пазьбегнуць нестатутных адносінаў. Дзеля гэтага, ад моманту адбору ў ваенкамаце, працуюць і армейскія камандзіры, і псыхолягі, і ідэолягі.

(Лапека: ) “Фармуецца каманда, якая накіроўваецца, прыкладам, у нашу 120-ю брыгаду ў Менску. Прыбылі сюды, тут зь імі гутарка адбываецца, выхавацелі імі займаюцца. Мэдычны агляд праводзіцца. Таму вось такая абсалютна канкрэтная сыстэма спрыяе таму, што стан правапарадку ў нас ацэньваецца ў войску як “добры”.

На здымках:

Аляксандар Шамрын на выпускным вечары пасьля заканчэньня Магілёўскага абласнога ліцэю №4, 2004 год.



Маці загіблага салдата Аляксандра Давыдова, Натальля Пятроўна, на магіле сына.

XS
SM
MD
LG