Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску зьявіўся бабёр-габрэй (фота)


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ 13 верасьня

"Витебский курьер" ня раз пісаў пра небясьпечнае суседзтва жыхароў прыгараду Віцебска – Уланавічаў – з арсэналам вайсковай часткі. Пасьля жнівеньскіх выбухаў на вайсковых сховішчах Украіны прынята рашэньне вывесьці ўзбраеньне з прыгараду абласнога цэнтру на станцыю Прудок Гарадоцкага раёну, дзе завяршаецца рамонт і падрыхтоўка спэцыяльных памяшканьняў пад сховішчы са зброяй.

Гадавіна Аршанскай бітвы сёлета адзначаная дзьвюма падзеямі: традыцыйным, ужо 15-м фэстам бардаўскай песьні ля ракі Крапіўны, куды прыехаў адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл Аляксандар Мілінкевіч, і лунаньнем 9 верасьня бел-чырвона-белага сьцягу над Заходняй Дзьвіной ў Віцебску.

“Комсомольская правда” в Белоруссии” даведалася, пра што расейскае НТВ пыталася ў Аляксандра Лукашэнкі. Карэспандэнт Аляксей Паборцаў працуе зараз над фільмам “Саюз непарушны” да 15-годзьдзя Белавескіх пагадненьняў. Цьвіком праекту сталі здымкі ў Беларусі. Аказваецца, беларускі кіраўнік цярпліва ставіўся да вострых і непрыемных пытаньняў і нават дазваляў маскоўскаму госьцю сябе перабіваць…

“Вольнае Глыбокае” спрабуе дапамагчы пэнсіянэрцы Кацярыне Кузьмянковай, якой 30 гадоў таму выдаткавалі ўчастак пад будаўніцтва дома побач з ракой і возерам, фактычна на балоце. Раней яе ўчастак залівала падчас паводкі. А апошнія 15 гадоў і пасьля моцных дажджоў у яе двары – сапраўдная Вэнэцыя, зараз вада даходзіць да ўзроўню вокнаў. “Увесну наплакалася, увосень наплакалася, цяпер і ўлетку плачу”, – называецца артыкул.

У Бабруйску зьявіўся манумэнтальны сымбаль гораду – бронзавы бабёр. Скульптуру ўсталявалі ў старой частцы гораду каля брамы рынку, і сымбалізуе ён пасьпяховага габрэя: у капелюшы, сурдуце, з гадзіньнікам на ланцужку, з дручком. Распавядае карэспандэнт “Бобруйского курьера” Віктар Качан.

(Качан: ) “Аўтар эскізу, які перамог сярод 20 конкурсных праектаў – Уладзімер Гаўрыленка. Атрымалася, так бы мовіць, фігура чалавека, але ў бабровым выглядзе і ў чалавечым адзеньні. На ім такі сурдучок пад пінжаком, апрануты ён у тым, у чым людзі хадзілі ў 19-м стагодзьдзі”.

Для стварэньня вобразу бабра скульптар вывучаў ня толькі заалягічныя даведнікі, але і старыя часопісы мод. А побач з бабром ўсталяваная відэакамэра, якая перадае на пульт мясцовай аховы, ці дастойна паводзяць сябе бабруйчане побач з сымбалем гораду, піша “Бобруйский курьер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG