Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Ляўданскі (10.9.1893, в. Юр’ева (цяпер Смалявіцкі раён) — 27.8.1937, Менск)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Мая сьветлай памяці мама Марыя ў 1944 годзе паступіла на гістарычны факультэт Магілёўскага пэдінстытуту. У часе ейнага студэнцтва эмгэбісты забралі чатырох выкладчыкаў гісторыі розных краін і эпохаў. Лекцыі нярэдка пачыналіся з закрэсьліваньня ў падручніках імёнаў новых “ворагаў народу”. Часам студэнты на загад лектара мусілі рваць на дробныя шматкі (каб нельга было потым скласьці і прачытаць крамолу) цэлыя старонкі. Ад таго часу мама, сама ўсё жыцьцё выкладаючы ў школе менавіта гісторыю, захоўвала ў душы глыбокае перакананьне, што навука гэтая — надзвычай небясьпечная і ўсяляк, хоць і марна, спрабавала ўгаварыць мяне не паступаць на гістфак.

Аляксандар Ляўданскі студыяваў гісторыю на дваццаць гадоў раней за маму і сьпярша, відаць, зусім ня думаў, наколькі рызыкоўна служыць музе Кліё ў краіне саветаў. Пагатоў на пачатку яго шляху ўсё складвалася даволі пасьпяхова: сябар гістарычна-археалягічнай камісіі Інбелкульту, загадчык аддзелу археалёгіі Беларускага дзяржаўнага музэю, потым загадчык археалягічнай сэкцыі акадэмічнага Інстытуту гісторыі і адначасова дацэнт БДУ...

Ляўданскі стаў арганізатарам першых у БССР навукова-археалягічных экспэдыцыяў. Ён дасьледаваў Віцебск, Воршу, Заслаўе, даў першую гістарычную тапаграфію старажытнага Полацку, дзе вывучаў Сафійскі сабор і неўзабаве дазваньня зруйнаваныя бальшавікамі Бельчыцкія храмы.

Аднак паралельна са сьпісам навуковых публікацыяў больш пульхным рабілася й дасье на пэрспэктыўнага вучонага. Апрача яго агульнай незалежніцкай пазыцыі ў “органах” зьвярнулі ўвагу на лісты калянавуковых зласьліўцаў, якія выступілі супроць высновы Ляўданскага пра тое, што гарадзішчы гэтак званай культуры штрыхаванай керамікі ў цэнтральнай Беларусі належалі балцкім плямёнам. Відаць, значна лепей было б, каб тут спрадвеку жылі савецкія калгасьнікі.

У 1937-м па яго прыехаў “варанок”. У тым самым годзе жыцьцё вучонага абарвала куля ката з чырвонай зорачкай на форменнай шапцы.
XS
SM
MD
LG