Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аблога" – 12 верасьня


Севярын Квяткоўскі, Менск

Прывітаньне! Разам з вамі ў “Начной АБЛОЗЕ” я – Севярын Квяткоўскі.

У беларускім сеціве актыўна камэнтуюць новую пастанову Савету міністраў “Пра парадак увядзеньня і апублікаваньня пераліку тэрарыстычных арганізацыяў”. У пераліку мусяць быць такія дадзеныя, як назва тэрарыстычнай арганізацыі, найменьне органу, які рэгістраваў і юрыдычны адрас тэрарыстычнай арганізацыі. А таксама імя і прозьвішча кіраўніка і галоўнага бугальтара. Чальцы суполкі Minsk_by на папулярным сайце блогаў Жывы журнал пішуць:

“Цалкам зразумелы закон, скіраваны на больш жорсткі кантроль над СМІ. Цяпер любая газэта ці ўлётка, выдадзеная апазыцыяй, можа быць далучаная да інфармацыі, якая прапагандуе тэрарызм”.

Некаторыя супярэчаць: “І што вы тут знайшлі антыапазыцыйнага? Што кепскага ў супрацьдзеяньні тэрарызму? Неўзабаве свайго ценю пужацца будзеце…”

Хтосьці заўважае, маўляў, інтэрнэт – гэта ня сродак масавай інфармацыі, а яму адказваюць: “Гэта часовая недапрацоўка”.

У расейскім выданьні “НЗ” (Недатыкальны запас) Яраслаў Шымаў зьмясьціў артыкул “Беларусь: усходнеэўрапейскі парадокс”. Аўтар піша: “Усе беларускія парадоксы, відаць, маюць адну прычыну: прамежкавасьць цяперашняга становішча краіны – у часавым і прасторавым стасунках… Цяперашняя эпоха беларускай гісторыі, без сумневу, пераходная, бо ні асобны чалавек, ні грамадзтва ня могуць надта доўга існаваць “паміж”.

А ў іншым расейскім выданьні ”Вокруг новостей” публікуюцца фатаграфіі са здымачнай пляцоўкі фільму “Бацькава шчасьце”. Гэта эратычная камэдыя, прататыпам галоўная героя якой зьяўляецца першая асоба Беларусі. Рэжысэр карціны Аляксандар Валаў у інтэрвію выданьню камэнтуе інфармацыю пра тое, што фільмам зацікавілася беларуская пракуратура: “Я не магу зразумець, чаму менавіта шаноўныя пракуроры будуць даваць прававую адзнаку? Акторскай гульні? Апэратарскай рабоце? Бо ж мы здымаем не дакумэнтальны фільм, а мастацкі. І ніякага прэзыдэнта Беларусі там няма. Ёсьць прыдуманы пэрсанаж Бацька. Так, ня буду адмаўляць, ён падобны да Лукашэнкі і шмат у чым сьпісаны зь яго. Але я настойліва рэкамэндую ня ставіцца да ўсяго гэтага занадта сур’ёзна”.

На рэлігійным праваслаўным сайце “Царква” – абнаўленьне. Зьявіліся ранішнія і вечаровыя малітвы па-беларуску. Сярод ранішніх такія, як Малітва мытара, Малітва пачынальная, Малітва Святому Духу, Трысвятое, Малітва да Прасвятой Троіцы, Малітва Гасподняя, Трапары Троічныя.

А сярод вечаровых : Малітва 1-я, святога Макарыя Вялікага, да Бога Айца, Малітва 2-я, святога Антыёха, да Госпада нашага Іісуса Хрыста, Малітва 4-я, святога Макарыя Вялікага, Малітва святога Іаана Залатавуста ды іншыя.

На сайце “Нашыя дзеткі” таксама абнаўленьне. Старонка атрымала новы дызайн і зручную сыстэм навігацыі. Зьявіліся новыя разьдзелы: “Казкі Ільлі Шахрая”, “вершаваныя “Абэцэды” і “Лічылкі”, а таксама на комікс пра Віні-Пуха ў беларускай мове.

Як і раней, на сайце “Нашыя дзеткі” даступныя форумы, дзе можна абмяняцца парадамі, дзіцячымі рэчамі, цацкамі, кніжкамі, дазнацца як адшукаць перакладзеныя на беларускую мову мульцікі.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГІ”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG