Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пеляса: “Нам зямля мілая беларуская, але мова мілейшая літоўская”


Віталь Сямашка, Пеляса, Воранаўскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія” (эфір 12 верасьня).

Першага ж менскага знаёмца, якога сустрэў па вандроўцы ў вёску Пеляса, што кілямэтраў за пятнаццаць ад беларуска-літоўскай мяжы, я прывітаў: “Laba diena!” І ўсё-ткі едучы ў “літоўскую Пелясу”, як яе называюць у Воранаўскім раёне Гарадзеншчыны, вяртаўся зь “Пелясы барцянскай”. Барцякамі ўжо шмат стагодзьдзяў называюць сябе і сёньняшнія нашчадкі аднайменнай старажытнабалцкай народнасьці. “Барцякі зусім ня чыстыя літоўцы”, — патлумачыла мне цётка Алена Валюкевіч. Маўляў, па-літоўску гавораць, але на манер беларускай трасянкі.



(Валюкевіч: ) “Ліцьвякі называюць нас “зукай”. Тут не Літва шчырая. Як па-літоўску, дык зь імі не разгаворысься”.

Мікраэтнонім“барцякі” ужываюць і навукоўцы. Кажа этнограф ды краязнаўца Віталь Куплевіч, які рыхтуецца бараніць дысэртацыю аб тэрытарыяльным падзеле Беларусі.

(Куплевіч: ) “Гэта жыхары старажытнай зямлі Барція, альбо Барта, якія ў свой час былі выгнаныя нямецкімі ордэнамі, аселі тут, надзвычай добра захавалі мову, сьвядомасьць, культуру. Не падпарадкаваліся асыміляцыі”.

У Пелясе паўтысячы жыхароў. А калі далучыць вёскі Гуды, Заселічы ды шматлікія блізкія засьценкі, барцякоў набярэцца некалькі тысяч. Дарэчы, іх беларуская гаворка таксама адмысловая. У зьвязку з чым здараюцца моўныя кур’ёзы. Вось гісторыя ад памянёнага Віталя Куплевіча:

(Куплевіч: ) "Нядаўна еду з Эйкшэ — мястэчка за дванаццаць кілямэтраў, цяпер належыць Літве. А гаворкі амаль аднолькавыя. Уяўляеце, маладыя дзяўчаты пытаюцца ў мяне: а як па-беларуску будзе люстэрка, альбо люстэрачка? Я кажу: так і будзе. Ты што, а нам казалі — мордаглазьнік!

Барцякі — незвычайны народ. Ведаюць, як падысьці да чалавека, часам прыстасавацца да сытуацыі. У той жа час гэта ўпартыя — закаялыя, сьмелыя людзі. Адбылася адна гісторыя. Дастаткова агрэсіўныя хлопцы зь небарцякоўскай вёскі прыйшлі на танцы ў барцякоўскую вёску. Гармонік грае, а самы такі моцны ўзяў ножык і кажа: ну што, барцяч’ё, самі вон, а кішкі на тэлефон. І гэтая “шляхта” ўзьняла бойку. Барцякі сабраліся з каламі ды каменьнямі, а самага агрэсіўнага дагналі й забілі”.

У барцякоўскім асяродзьдзі існуе падзел на групы, ці касты, што склаліся гістарычна ды геаграфічна. Так, вызначаюць “шляхціцаў”, ці “тутэйшых” (больш схільных да польскасьці), “саветаў з саветкамі” ды іншых. Кажуць мне пра гэта той жа Куплевіч ды спадарыня Тэрэса Круопеня — сакратарка тутэйшага літоўскага культурніцкага таварыства “Гімкіне” (“Радзіма”).

(Тэрэса: ) “Падзел быў: выйдзі паспрабуй замуж за іншага наша барцянка — і не дапусьцяць! Яны закаранелыя “гуды” — усё толькі сваё”.

(Куплевіч: ) “А ёсьць яшчэ “саветы” ды “саветкі” — тыя, што па-расейску. Хай паспрабуюць так загаварыць…”

(Тэрэса: ) “А ў нас хахлы запануюць: едуць на заробкі, ажэняцца тут і будуць усе “робыты, ходыты, іхаты”!”

Апошні жарт 35-гадовай спадарыні Тэрэсы хутчэй ад адчуваньня нескаронай вякамі генэтычнай барцякоўскай моцы. Празь некалькі хвілінаў яна ўжо кажа сур’ёзна:

(Тэрэса: ) “Я была ўзгадаваная на гэтым, бо мае дзяды-прадзеды былі літоўцы, тата-мама размаўлялі па-літоўску. Як я вучылася, зь сямнаццаці чацьвёра абралі беларускую мову, трынаццаць — літоўскую. Хто абраў літоўскую, той не прайграў на сёньня. Адно што ў нас від на жыхарства й мы часьцінка Літвы. Віза бясплатная. Пелясоўцаў з 1960—1970-х гадоў шмат працуе на Літве”.

(Карэспандэнт: ) “Беспрацоўных шмат у Пелясах?”

(Тэрэса: ) “Не, толькі тыя, хто не жадаюць працаваць. У СВК працы хапае. І сацыяльная дапамога, і зарплата своечасова”.

Большасьць пелясоўцаў маюць дзьве-тры каровы кожны, хто і ўласнага каня. Працуюць у сельскагаспадарчым каапэратыве “Больцішкі”. Апошні ўтрымлівае ў вёсцы жывёлагадоўчую фэрму на 300 галоваў. 43-гадовая даярка Яніна Стралюк задаволеная:

(Стралюк: ) “На фэрме плацяць 450 тысяч, раней 250 было. Адна даярка цяпер 70 кароў мае”.

(Карэспандэнт: ) “А ў Літве хацелі працаваць?”

(Стралюк, сьмяецца: ) “А чаго я там ня бачыла? У нас лепш у Беларусі, бо калгасы захаваліся. У мяне там родныя сястра і брат. Зямля пустуе. Канечне, у каго камбайны, трактары, дык і 30, і 500 гектараў маюць. А пэнсіянэры цяжка жывуць — пэнсіі маленькія, ягады зьбіраюць — прадаюць на кірмашы”.

Пасьля апошніх словаў Яніны нібыта з-пад зямлі вырасла зь пярэчаньнямі вядомая ўжо цётка Алена Валюкевіч.

(Валюкевіч: ) “Я на пэнсіі, але, як брыгадзір загадае, дык хаджу бульбу выбіраць. Не паслухаеш — загрызуць. Ня дасьць і соткі пасадзіць, корму — карову трымаем яшчэ. І мусім ісьці”.

Што да гістарычнай радзімы, дык Дэпартамэнт нацыянальных меншасьцяў Літвы цалкам фінансуе 12-клясную школу ў Пелясе, дзе вучацца 86 вучняў ды працуюць каля трох дзясяткаў настаўнікаў ды пэрсаналу. Тэрэса Круопеня — сакратарка таварыства “Гімкіне” — падпрацоўвае ў школе начной нянькай.



(Тэрэса: ) “У савецкі час касьцёл быў разбураны. Літва прафінансавала ягонае аднаўленьне, капліцу, усенькі касьцельны інтэр’ер”.

(Карэспандэнт: ) “Літва лепшая маці, чым Беларусь?”

(Тэрэса: ) “Нам зямля мілая беларуская, але мова мілейшая літоўская…”

Да ўлады свабодалюбныя барцякі традыцыйна ставяцца іранічна. На маё запытаньне абачлівая спадарыня Круопеня замест адказу распавяла чарговую показку:

(Тэрэса: ) “Быў такі кіраўнік калгасу, і каб людзі яму не надакучвалі з праблемамі, дык ён пастаянна хапаўся за тэлефонную слухаўку. І раз замест яе за ручку шарыкавую хапануўся і да вуха — так і было!”

Зрэшты прыхільнікі дзейнай улады ёсьць і ў Пелясах. У даглядчыка Шамялевіча, напрыклад, ці не рэкордны ў вёсцы заробак — 600 тысяч. Вяскоўцы ж дыпляматычна гавораць пра яго: “Ні кялю, ні малю”, што адпавядае беларускаму “ні бокам, ні дарогай”. На падворку ў нас атрымалася зь ім кароткая размова.

(Шамялевіч: ) “Ня знаю, што вам сказалі пра Лукашэнку, але мы ўсе за яго”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму, дарэчы, за яго?”

(Шамялевіч: ) “Патаму шта ён акуратны чалавек: тэхніку нам гоніць, і ўсё. Ідзіце, ідзіце адсюль…”

72-гадовая Тэафілія Круопеня ў палітыцы неабазнаная, але тая разорай прайшла праз усё ейнае жыцьцё.

(Тэафілія: ) “Ой, галубок, лебяду-траву зьбіралі, ні сьмятаны, ні шкваркі ня елі. У калгасе за дзень працы пісалі на 100 грамаў зерне — ну што з таго! Пехатой па хлеб хадзілі ў Радунь босыя — за гадзіну туды-сюды. Як адзіналічаства было, дык жылі, а як калгас прыйшоў, усё развалілася ў 1951-м за саветамі. Яшчэ памятаю законы сталінскія — тату засудзілі на 25 гадоў. То ён 7 гадоў праседзеў. Тыя, што супраць улады, прыйшлі ноччу: дай хлеба. Тата даў. А былі такія вясковыя, што пад вокнамі пільнавалі ды даносілі начальству. І сястра хавалася. Ёй прышылі палітыку, як і тату. А яна падвучаная была, любіла літоўскую мову. Яе і прадстаўлялі як ліцьвінку — і за гэта шукалі. А яна ўначы прыйдзе, пераначуе, а ўдзень хавалася”.

Сястра, Марыя Круопеня, памерла тры гады таму. Але распавесьці пра яе мяне прасілі пелясоўцы ўсёй грамадой. Яе называюць тут сымбалем літоўскага адраджэньня. Аўтарытэт, кажуць, быў непахісны — разьбірала спрэчкі, яднала супольнай справай. Сябравала з Ларысай Геніюш. Ейную невялічкую хаціну на ўскраіне Віталь Куплевіч, які некалькі гадоў працаваў у Пелясах настаўнікам, паказаў мне яшчэ на падыходзе да вёскі.

(Куплевіч: ) “Вось, Віталь, мы бачым легендарны домік пані Марыі Круопені, вядомай змагаркі за правы беларускіх летувісаў. Была асьветніцай. Дзякуючы найперш ёй узьнікла летувіская школка, касьцёл, культурніцкае жыцьцё, наладзіліся трывалыя сувязі зь Вільняй”.



Зь Віталём Куплевічам ды пляменьніцай Марыі Круопені Тэрэсай сядзім у колішнім пакоі пані Марыі. На плякаце “Uz Lietuva!” (“За Літву!”) — перакрэсьленыя серп і молат ды перакрэсьленая свастыка. Віталь кажа:

(Куплевіч: ) “Яна супраць рэжыму выказвалася, бо мела багаты жыцьцёвы досьвед. Я чуў, што перад выбарамі людзі сабраліся, а хочуць галасаваць за Лукашэнку. Кажа: чаму, як можна?! Свабоды Літвы й Беларусі яна не разьдзяляла”.

Пакідаючы вёску, сустракаю 19-гадовага Эдгара Сільвэкара, вучыцца ў ПТВ. У часе кароткай размовы чую, што, як і ўсе пелясоўцы-барцякоўцы, свой гонар мае.



(Карэспандэнт: ) “А чым пелясоўцы розьняцца ад іншых?”

(Эдгар: ) “Гавораць, Літва тут. І па-літоўску магу гаварыць гэтак сама, як вы па-беларуску. Прапісаны ў Літве, магу пашпарт зрабіць, у Эўропу паехаць. Свабадней, чым іншыя, пачуваюся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG