Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Леанід Маракоў, Яўген Шатохін, Піт Паўлаў


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 9 верасьня). Аўтары: Валянціна Аксак, Дзьмітры Падбярэскі, Міхась Скобла. Рэдактар: Сяргей Абламейка.

АЎТАР І ТВОР

ЛЕАНІД МАРАКОЎ: “Я ЛІЧУ СЯБЕ АДВАКАТАМ УСІХ РЭПРЭСАВАНЫХ”

Сем гадоў таму інжынэр-электроншчык Леанід Маракоў зацікавіўся трагічным лёсам свайго дзядзькі паэта Валерыя Маракова, расстралянага ў 1937 годзе. З тае пары Леанід напісаў некалькі кніг пра рэпрэсаваных літаратараў і адзін упарта ажыцьцяўляе грандыёзны праект — складае 13-томавую энцыкляпэдыю рэпрэсаваных суайчыньнікаў. Першыя чатыры кнігі пабачылі сьвет і нядаўна былі адзначаныя Прэміяй Беларускага ПЭН-цэнтру імя Францішка Багушэвіча. З ляўрэатам сустрэўся Міхась Скобла.

(Міхась Скобла: ) “Леанід, Францішка Багушэвіча ў свой час называлі “мужыцкім адвакатам”. А ці лічыце вы сябе адвакатам усіх рэпрэсаваных?”

(Леанід Маракоў: ) “І адвакатам, і сынам, і ўнукам, якім, зрэшты, і зьяўляюся. Адзін мой сябар-літаратар сказаў мне аднойчы: “Леанід, прызнаньне зробленага табой за ўсю “Беларускую энцыкляпэдыю” адбудзецца не раней, чым праз гадоў дваццаць”. Я засьмяяўся: “Добра калі не праз пяцьдзесят”. Але, як бачым, заўважылі ўжо праз дзесяць, што абнадзейвае”.



(Скобла: ) “Вы выдалі ўжо чатыры кнігі ўнікальнага даведніка “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі”. Ці відзён канец пачатай справе?”

(Маракоў: ) “Канец відзён. Гэта дзясяты том. Будзе называцца — “Турмы і канцлягеры”. У ім будуць зьмешчаныя карты мясцовасьці — дзе які лягер знаходзіўся, хто быў ягоным начальнікам, а таксама біяграфіі тых, хто ў іх утрымліваўся, хто і як загінуў, каго асудзілі да вышэйшай меры пакараньня.

А ўвогуле разьмеркаваньне такое: 9-ы том — рэпрэсаваныя мэдыкі; 7-ы і 8-ы — настаўнікі (быў арыштаваны кожны трэці настаўнік); 4-ы, 5-ы і 6-ы — сьвятары і царкоўныя служкі. Хацелася б спыніцца на 3-м томе, які будзе ў трох кнігах. У ім, у адрозьненьне ад першых двух тамоў, складзеных хоць і з разнастайных (энцыкляпэдычных, мэмуарных, архіўных), але ўсё ж больш-менш вядомых крыніцаў, сабраная інфармацыя, якой няма ні ў адной энцыкляпэдыі! Там таксама ўдакладненыя біяграфіі пісьменьнікаў Уладзімера Дубоўкі, Зьмітрака Астапенкі, Міхася Багуна, Мікалая Гваздова, Ядвігі Бяганскай, Платона Галавача і многіх іншых.

Дзясяткі дзеячоў культуры, якія “ціха памерлі” ў 1938-1944 гадах у афіцыйных энцыкляпэдыях, як правіла, «ад разрыву сэрца ці сухотаў», насамрэч былі расстраляныя восеньню 1937 году ў розных канцах Савецкага Саюзу (ад Уладзівастоку да Мурманску). Усяго ж у трэцім томе зьмешчаныя каля 3 000 біяграфій. Пры падрабязным іх разглядзе можна зрабіць выснову: тыя, хто спрабаваў пазьбегчы рэпрэсій, як мог змагаўся за сваё жыцьцё (пераяжджаў з аднаго рэгіёну ў другі, зьмяняў прафэсію ці нават прозьвішча), тыя пераважна выратаваліся. Тыя ж, хто чакаў і верыў «у лепшае заўтра», былі схопленыя і зьнішчаныя”.

(Скобла: ) “Вы налічваеце на працягу 1920-40 гадоў пяць хваляў рэпрэсій. Гэтыя хвалі, гэтыя рэпрэсіўныя цунамі, яны праходзілі па ўсім Савецкім Саюзе, ці мелі пэўную лякалізацыю?”

(Маракоў: ) “Другая, чацьвёртая і пятая хвалі арыштаў — чыста беларускія зьявы. У Расеі нічога падобнага не было. Мала таго, першая хваля рэпрэсій у БССР пачалася на год раней, чым у Расеі. Ствараецца ўражаньне, што “ГПУ-шнікі” спачатку «патрэніраваліся» на беларусах: возьмуцца яны за зброю ці будуць маўчаць? І беларусы на сьмерць ішлі моўчкі…

Ня ўсё зразумела і зь першай хваляй арыштаў (1929-1930). Я маю на ўвазе афіцыйныя лічбы. Думаю, яны заніжаныя мінімум у два разы. Праўда, у канцы 1937-га, пачатку 1938 году, калі пік рэпрэсій пачаў спадаць, многіх расстрэльвалі па іншай прычыне: іх проста нельга было выпускаць на волю, іх не павінен быў убачыць народ: за год катаваньняў у турмах НКВД маладыя людзі ператвараліся ў ледзь жывых інвалідаў – гэта пацьвярджаюць фотаздымкі з асабістых справаў пісьменьнікаў Анатоля Вольнага, Тодара Кляшторнага, Юркі Лявоннага, Міхася Чарота, Сымона Баранавых, Платона Галавача...”

(Скобла: ) “На ўручэньні вам прэміі вы прызналіся, што заканчваеце новую кнігу пад назвай “Толькі адна ноч”. Яна таксама пра рэпрэсаваных?”

(Маракоў: ) “Пра расстраляных. Пра расстраляных цягам толькі адной ночы — з 28 на 29 кастрычніка 1937 году. Спачатку мне ўдалося адшукаць імёны дзевяці расстраляных у тую ноч, празь некалькі гадоў — чатырнаццаці, потым — дваццаці, потым — трыццаці двух… Цяпер я з поўнай адказнасьцю магу сьцьвярджаць: цягам тае страшнай начы было расстраляна каля ста чалавек! І для мяне на гэты й наступны гады задача нумар адзін — напісаць кнігу пад назвай “Толькі адна ноч”.

Тыя, хто расстрэльвалі і катавалі, пражылі доўгае і спакойнае жыцьцё. Так і ня ўведалі людзі іх імёны, так і не адказалі забойцы за свае злачынствы. Так было больш за семдзесят гадоў. Але не — адказваць прыйдзецца. У сваёй кнізе я назаву імёны катаў, садыстаў-сьледчых НКВД, выканаўцаў сьмяротных прысудаў. Унук аднаго сталінскага апрычніка, калі даведаўся пра гэты мой намер, хуценька зьмяніў прозьвішча”.

(Скобла: ) “Інфармацыя пра рэпрэсіі сёньня маладаступная. Адкуль яна, ды яшчэ такая падрабязная, у вас?”

(Маракоў: ) “Падчас перабудовы і галоснасьці некаторым дасьледчыкам удалося прабіцца ў закрытыя раней архівы. Некаторыя зь іх сёньня ўжо нябожчыкі. Але яны пасьпелі мне перадаць усе здабытыя там матэрыялы. Да таго ж, у мяне было шмат сустрэчаў з тымі, хто вярнуўся зь лягеру, былі паездкі ў архівы Масквы й Пецярбургу. Удалося знайсьці ня толькі біяграфіі катаў, але нават іх здымкі, яны таксама будуць у кнізе”.

(Скобла: ) “А вы не баіцеся, што іх нашчадкі вам нейкім чынам адпомсьцяць?”

(Маракоў: ) “Жонка сказала, што па выхадзе кнігі ня выпусьціць мяне з хаты. Але я думаю, што калі іх будзе адзін-два, то неяк адаб’юся — я ж калісьці быў чэмпіёнам Менску па дзюдо”.

ЛЕАНІД МАРАКОЎ. З НОВАЙ КНІГІ

ПАЕЗДКА Ў МАСКВУ

Цікавы эпізод з даваеннага жыцьця паэта Віктара Казлоўскага расказаў мне ўлетку 1998 году Сяргей Грахоўскі.

“У Віктара Казлоўскага ў 1930-я гады зьявілася манія перасьледу. Перад самай вайной ён ляжаў у 2-й клінічнай больніцы, і яго неабходна было адправіць лячыцца ў Маскву. Каб не было праблемаў падчас паездкі, яго вырашылі падмануць: сказалі, што выклікаюць у Маскву на пленум Саюзу пісьменьнікаў. Апранулі Віктара як найлепш — касьцюм, белая кашуля, гальштук. Суправаджаць яго ўзяліся Марыя Канстанцінаўна Хайноўская – загадчыца нашага мэдпункту, і дырэктар Літфонду Мірон Левін. Прыехалі яны ў Маскву, на Канатчыкаву дачу, і тут Віктар зразумеў, што да чаго. Марыя Канстанцінаўна пайшла афармляць дакумэнты, а да Казлоўскага, бо ён быў добра апрануты, падышоў лекар і пацікавіўся, зь якой патрэбаю прыехалі? Віктар яму ціха й кажа: маўляў, прывезьлі да вас у больніцу звар’яцелага Левіна. Лекар яму паверыў, кіўнуў санітарам, і тыя ўмомант упіхнулі Левіна ў палату…

Пазьней прыйшла Марыя Канстанцінаўна, і ўсё, вядома, зрабілі наадварот…”

ШАЎКА

Цікавы эпізод з часу знаходжаньня Лукаша Калюгі ва ўнутранай турме НКВД, гэтак званай “амэрыканцы”, расказаў біёляг, былы гулагавец Франц Гінтаўт.

Яго паставілі ў турэмным калідоры тварам да сьцяны. Тым жа калідорам на допыт вялі Лукаша Калюгу. Нечакана насустрач яму — Алесь Кучар з двума сьледчымі. Турэмшчыкі разгубіліся. Па правілах, яны павінны былі загадаць Кучару: “Тварам да сьцяны!” Але — свой жа! Ды бачыць арыштаванага Калюгу ўсё адно не павінен! І тады сьледчыя проста прыгнулі Кучара да падлогі. Двухмэтровы Калюга са словам “шаўка!”, не супыняючыся, пераступіў цераз энкавэдысцкага кансультанта.

Па сьведчаньні Гінтаўта, мянушка “шаўка” прыклеілася да Кучара яшчэ з таго часу, калі, забіўшы нейкага дварняка, ён зрабіў зь ягонай скуры барабан і хадзіў па вуліцы — “піянэрыў”. Гаварылі, што сабакі ўцякалі ад барабаншчыка за квартал.

ЁН ВЕДАЎ, ДЫ Я НЕ ПАСЬПЕЎ

Зімою 1999 году надарылася магчымасьць сустрэцца з адным з катаў «амэрыканкі». Каштавала гэткая «радасьць» пяцьсот даляраў ЗША. Такіх грошай у мяне не было, і я кінуўся пазычаць. Аднак узяць на нейкі час грошы, калі ты ў бізнэсе, у рабоце, — адно, і зусім іншае — калі «ты звар’яцеў і падаўся ў пісьменьнікі». І пакуль я зьбіраў неабходную суму, кат пакінуў гэты сьвет. Пасярэднік перадаў: «Стары сякой-такой інфармацыяй спадзяваўся зьдзівіць. Ён, здаецца, ведаў невядомыя месцы пахаваньняў. У прыватнасьці – дзе ляжаць каля 100 дзеячоў беларускай культуры, расстраляныя ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 году».

Кат, аказваецца, шкадаваў, што сустрэчы не адбылося. Я — тым больш. Акурат дзеля таго, каб уведаць гэтую таямніцу, я і зьбіраў грошы. Ці надарыцца яшчэ калі-небудзь такая аказія? Наўрад…

АДЗІНЫ Ў ГІСТОРЫІ

Яго — і не аднойчы! — як прапагандыста ўсяго беларускага, яшчэ да вайны арыштоўвала польская дэфэнзыва, у сорак чацьвёртым расстрэльвала фашысцкае СД (быў паранены, але прыкінуўся мёртвым, што і выратавала), прысуджалі да дзесяці гадоў зьняволеньня бальшавікі (адбыў на Калыме — трынаццаць). А ён, вярнуўшыся на Радзіму амаль пэнсіянэрам, здолеў захаваць у душы дабрыню, сэнтымэнтальнасьць і нават нейкую дзіцячую наіўнасьць: выразаў з пэрыёдыкі свае творы або рэцэнзіі на іх, упамінаньні пра сябе і зьбіраў-наклейваў іх у сшытку — калекцыянаваў.

Не сумаваў ён і калі яго, паэта з даваенным стажам, на чые вершы былі напісаныя папулярныя песьні, доўга не прымалі ў Саюз пісьменьнікаў. Сябрам Саюзу ён стаў толькі за некалькі гадоў да сьмерці.

Ён ледзь не дацягнуў да дзевяноста (які генэтычны запас трываласьці быў у арганізьме гэтага чалавека!), але так і не ўведаў, што менавіта ён, Сяргей Новік-Пяюн, зьяўляецца адзіным у гісторыі Беларусі літаратарам, якога арыштоўвалі тры рэжымы, што гэтак ненавідзелі адзін аднаго.

ВЭРНІСАЖ

ЯЎГЕН ШАТОХІН: “БЕЗ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ПАДМУРКУ Ў МАСТАЦТВЕ НЯМА ЧАГО РАБІЦЬ”

У юнацтве яго вабіла мора. Ён збудаваў уласную яхту і плаваў на ёй па далёкіх паўночных морах, малюючы іх халодную красу. Але з часам рэалістычная прыгажосьць сухаземнай радзімы пераважыла рамантычныя марскія мроі. Пры першай жа мажлівасьці ён вярнуўся ў Беларусь — з малюнкамі марскіх краявідаў, зь сям’ёй і яхтай. І вось ужо дваццаць гадоў вандруе па Піне і Прыпяці, пішучы хараство роднага Палесься. Зь пінскім мастаком Яўгенам Шатохіным гутарыць нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

(Валянціна Аксак: ) “Спадар Шатохін, складваецца ўражаньне, што вам усё ж не хапае натхненьня ў родных мясьцінах, нават калі глядзіце на іх зь сярэдзіны ракі са сваёй яхты, бо вас штогоду можна бачыць у іншых кутках Беларусі на плэнэрах, якія ладзіць культурна-асьветны цэнтар імя Язэпа Драздовіча. Вы — сталы ўдзельнік гэтых плэнэраў. Што вас туды цягне?

(Яўген Шатохін: ) “Вядома, маляваць я магу і аднаасобна, у любым месцы Беларусі, што я і практыкую. Але гэтыя пленэры, якія ладзяцца пад кіраўніцтвам Ады Райчонак зь Германавічаў, — гэта перш за ўсё асяродзьдзе. Беларускае асяродзьдзе. Асяродзьдзе беларускіх мастакоў. Гэтая зьява для мяне вельмі і вельмі важная, бо, жывучы ў Пінску, я ня маю такога асяродзьдзя, на жаль. Нават у абласным нашым цэнтры, у Берасьці, няма такога асяродзьдзя. Яно існуе ў такіх формах, як нашая нацыянальная мастакоўская суполка “Пагоня”, і гэтыя пленэры імя Драздовіча”.

(Аксак: ) “Я ведаю, што вы ня маеце ў родным Пінску ня толькі дастатковага нацыянальнага асяродзьдзя, але і дастатковых умоваў для творчае працы — у вас да гэтага часу няма майстэрні. Як так атрымалася?”

(Шатохін: ) “Гэта так, я ня маю творчае майстэрні. Я ня маю яе ня толькі ў Пінску, я ня маю яе ўсё жыцьцё. Мне вось хутка будзе шэсьцьдзесят гадоў, і да гэтае даты я падыходжу без майстэрні. Гэта залежала і раней, і залежыць цяпер ад уладаў. Яны помсьцілі мне за мае погляды, за маю пазыцыю. Гэта для мяне тэма балючая вельмі, бо, як кажуць, на старасьці гадоў я апынуўся ля разьбітага карыта. Гэта паказчык узроўню культуры тых, ад каго залежыць — даць мастаку майстэрню ці ня даць. Я ад іх не залежу ніяк, нават у гэтым пытаньні. Я працую, я творча працую… Справа ў тым, што сучасная ўлада, яна ж ніколькі не адрозьніваецца ад той крывава-карычневай улады, якая існавала, калі ў мяне пачаліся канфлікты зь ёю, і гэта працягваецца па сёньняшні дзень”.

(Аксак: ) “І нягледзячы на гэта, вы актыўна ўдзельнічаеце ў дэмакратычным руху ў сваім родным Пінску. Але ці трэба сёньня мастаку актыўная палітычная дзейнасьць?”

(Шатохін: ) “Гэта супадае з маімі поглядамі на грамадзтва, на адносіны мастака і ўлады. Я думаю, што я раблю ўсё правільна. Гэта ў мяне ў крыві. Яно пачалося з дысыдэнцтва антыкамуністычнага ў юнацтве, калі я выйшаў з камсамолу пасьля чэскіх падзеяў 1968 году. З тых часоў мае погляды засталіся такімі ж”.

(Аксак: ) “Вашыя мастацкія творы выглядаюць вельмі рэалістычна. А ці рэаліст вы ў сваіх марах пра будучыню Беларусі і беларускае культуры?”

(Шатохін: ) “Сёньняшні мой рэалізм не супярэчыць маім юначым ідэалам. Я лічыў і лічу, што без захаваньня беларускае мовы і культуры ня будзе Беларусі. Я глыбока перакананы, што без нацыянальнага падмурку ў мастацтве няма чаго рабіць. Мне шкада тых маіх калегаў, якія прыслужвалі мінулай уладзе, якія прыслужваюць сучаснай уладзе. Я ня буду называць іх прозьвішчы, але паўтару: без нацыянальнай мовы, без нацыянальнай культуры мы не захаваем Беларусь”.

НОТНЫ СШЫТАК

ПІТ ПАЎЛАЎ: “ФЭСТЫВАЛЬ “ВОЛЬНАЕ ПАВЕТРА” РАЗЬЛІЧАНЫ МІНІМУМ НА 10 ГАДОЎ”

Беларускі фальклёр — насамрэч невычэрпная крыніца нашай песеннай культуры, якая прыцягвае да сябе выканаўцаў папулярнай музыкі. Дэбютнага альбому менскага гурта “Pete-Paff” яшчэ няма ў продажы, але наш карэспандэнт Дзьмітры Падбярэзкі даведаўся пра падрабязнасьці ягонага стварэньня”.

(Падбярэcкі: ) “Pete-Paff” — гэта адзін з творчых праектаў гітарыста гурта “N.R.M.” Піта Паўлава, зь якім мы гутарылі ў памяшканьні інтэрнэт-кавярні “Саюз-on-line” ў Менску. Як высьветлілася — невыпадкова, але пра гэта крыху пазьней. Што да Піта, дык ён, як і кожны сапраўды таленавіты чалавек, не засяроджваецца толькі на нейкім адным творчым праекце. Пры гэтым можна заўважыць, што гурт “Garadzkija” засноўвае рэпэртуар на аўтарскім песьнях, у той час, як “Pete-Paff” выконвае пераважна адмыслова аранжаваныя народныя песьні. І я ня мог не пацікавіцца ў Піта, што ж падштурхнула яго працаваць яшчэ і ў такой стылістыцы?”

(Паўлаў: ) “Я доўгі час граў у “Крыві” і ўжо тады пачаў выпрацоўваць акустычны падыход да выкананьня нашае музыкі. Я набыў першую, напэўна, у Беларусі дарбуку і прывёз яе сюды. І вось гэтая камбінацыя “дарбука+ гітара” дзякуючы “Крыві” зрабілася клясычнай. І “Pete-Paff” пачыналіся з аранжаваньняў менавіта для дарбукі і гітары. Але падчас працы над альбомам у мяне ўзьніклі думкі пашырыць палітру, і я пайшоў шукаць максымальна аўтэнтычныя інструмэнты, якія б маглі прысутнічаць у беларускай музыцы. І вельмі хутка такія знайшоў. Была такая плыня — жыдоўскія духавыя аркестрыкі. Раней яны гралі ня толькі на пахаваньнях, яны гралі і на вясельлях, і проста на танцах. І як толькі я адшукаў для сябе такі варыянт, у мяне ў галаве ўсё выправілася, і найбольш, на мой погляд, напоўненыя аранжаваньні ў гэтым альбоме, — гэта “Цок-цок-цок”, “На Яна Купалу”, “Касіў Ясь канюшыну”. Гэта прыклады такіх максымальна напоўненых духавых аранжаваньняў. Але пры гэтым не балканскі варыянт, а беларускі. Там актыўна прысутнічаюць колавая ліра, дуда, цымбалы, пішчыкі”.

(Падбярэскі: ) “Вобразнасьць народных песень… Як яна ўзьдзейнічае на цябе асабіста як на музыканта: яна падпарадкоўвае цябе, нешта дыктуе, да нечага заклікае?”

(Паўлаў: ) “Для мяне народная музыка, калі разглядаць яе проста абстрактна, як музычны матэрыял, і тэксты старыя, яны маюць такое сымбалічнае значэньне, яны ня маюць сучаснага сэнсу. Я разглядаю іх перадусім як нейкае абстрактнае тло. Калі ў рок-мастацтве тэкст — гэта нейкі канкрэтны заклік ці маніфэст, то ў народнай творчасьці тэкст — гэта звычайна ілюстрацыя, стварэньне нейкага настрою, дадатак да музыкі. Гэта дае магчымасьць працаваць з матэрыялам як з абстрактным жывапісам. Для мяне, вядома, нецікава выконваць нейкія простыя полечкі. Я шукаю складаныя памеры, для мяне народная песьня — ня догма. Таму ў гэтым альбоме зьмененыя мэлёдыі, зьмененыя гармоніі, дапісаныя ўступы, уставачкі-сола, перапісаныя прыпевы. Я вельмі далёка адыходзіў ад арыгіналу, і ў гэтым мой творчы падыход. Я не кансэрвую музыку”.

(Падбярэскі: ) “А як далёка прасьціраюцца межы таго, што дазволена рабіць з народнай песьняй?”

(Паўлаў: ) “Найбольш яскравы прыклад — гэта “Sepultura”, гэты страшна цяжкі мэталічны бразыльскі гурт, які выкарыстоўвае нейкія карані сваёй традыцыйнай бразыльскай музыкі. Таму, калі таленавіта зроблена, межаў няма. І самыя лепшыя электронныя аранжаваньні — гэта наш “Палац”, гэта расейскі “Іван Купала”, “Deep Forest”, “Enigma”. І, лішне казаць, што ў прынцыпе ўся сучасная музыка зроблена на падставе этнічнай мурынскай музыкі з дэльты Місісіпі. То бок, гэта проста вельмі разьвіты блюз”.

(Падбярэскі: ) “Ты зьяўляесься адным зь ініцыятараў правядзеньня такога фэсту, як “Вольнае паветра”. А якія пэрспэктывы ў гэтага фэсту?”

(Паўлаў: ) “На маё шчасьце, я знайшоў самы галоўны складнік любой музычнай дзеі — гэта фундатара, піва “Бобров”. Вынік першага фэстывалю задаволіў фундатара, падзея ў нас адбылася, рэзананс быў на ўсю краіну. Гэта ўсё ж такі беспрэцэдэнтны фэстываль і для Беларусі вельмі патрэбны”.

(Падбярэскі: ) “Калі будзе працяг, калі яго можна чакаць?”

(Паўлаў: ) “Дакладна будзе наступны фэстываль, гэта ўжо вырашана. Наступным летам як мінімум на дзесяць гадоў зарадзім усё гэта. Але ў мяне ёсьць бачаньне й таго, як доўжыць гэты фэстываль на працягу году: праводзіць, напэўна, нейкія маленькія канцэрцікі маладых гуртоў, канцэрты зорак. Магчыма, за аснову будзе ўзятая мая другая інтэрнэт-акцыя “Жывы гук on-line”, і дамова з гаспадарамі кавярні “Саюз-on-line” ўжо маецца. Ёсьць таксама папярэдняя дамоўленасьць з Эмірам Кустурыцам, таму на нашым фэстывалі хутчэй за ўсё зьявяцца замежныя зоркі. Магчыма, атрымаецца гэты фэстываль правесьці па-за межамі Беларусі. Я цяпер над гэтым працую”.
XS
SM
MD
LG