Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод 100 найбагацейшых людзей былога ўсходняга блёку беларусаў няма


Юры Дракахруст, Прага Польскі часопіс "Wprost" апублікаваў штогадовы рэйтынг ста самых багатых людзей Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Беларускіх грамадзянаў сярод гэтых багатыроў няма.

Замыкае сотню мультымільянэраў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Здэнек Бакала, чэскі прадпрымальнік, які валодае капіталам у 350 мільёнаў даляраў. А лідзіруюць расейцы – іх у сьпісе 48 чалавек, амаль кожны другі, першую дзясятку рэйтынгу складаюць выключна расейцы – ад Раман Абрамовіча, які мае 19 мільярдаў 500 мільёнаў даляраў, да Сулеймана Карымава, які валодае толькі 8 мільярдамі даляраў. Нават апальны алігарх, вязень Міхаіл Хадаркоўскі застаўся ў сьпісе на 79 месцы з паўмільярдам даляраў.

У сьпісе амаль пароўну ўкраінцаў і палякаў – 15 і 14 чалавек адпаведна, 9 румынаў, 4 сэрбы, 3 чэхі, 3 харваты, па двое баўгараў і латвійцаў. Паводле аб’ёму багацьця ўкраінцы ідуць адразу за расейцамі – у першай дваццатцы фігуруюць гаспадар Данбасу Рынат Ахметаў, блізкі да партыі Юліі Цімашэнкі Ігар Каламойскі і зяць былога прэзыдэнта Кучмы Віктар Пінчук.

Лідэрства Расеі ў сьпісе багачоў можна патлумачыць адным словам – нафта, шчасьце і праклён расейскай эканомікі. Менавіта на нафце зрабілі капіталы большасьць з расейскіх фігурантаў сьпісу "Wprost".

Цікава адзначыць, што, паводле статыстыкі, да Кастрычніцкай рэвалюцыі, у 1914 годзе ва ўсёй Расейскай імпэрыі ад Варшавы да Ўладзівастока не было ніводнага чалавека, чыё багацьце перавышала б 1 мільярд даляраў на цяперашнія грошы. Зараз такіх паводле "Wprost" – 34 чалавекі у адной цяперашняй Расейскай Фэдэрацыі.

Варта заўважыць, што не існуе прамой сувязі паміж колькасьцю звышбагатых людзей і эканамічнымі посьпехамі краінаў, якія яны годна прадстаўляюць у сьпісе. Румынія, Сэрбія, Украіна – ня самыя пасьпяховыя краіны рэгіёну, аднак мультымільянэраў і мільярдэраў там нямала. Можна адзначыць пэўную сувязь паміж колькасьцю багатых людзей і насельніцтвам краінаў: Расея, Украіна, Польшча – маюць найбольшую колькасьць насельніцтва ў рэгіёне, і багатыроў у іх адпаведна найбольшая колькасьць.

Аднак, скажам, Сэрбія ці Чэхія – краіны, па колькасьці насельніцтва прыблізна роўныя Беларусі. У сьпісе 4 сэрбы, 3 чэхі і ніводнага беларуса.

Праўда, адсутнасьць беларусаў у сьпісе "Wprost" можа тлумачыцца недакладнасьцю мэтодыкі падліку. Збольшага гэтыя мэтодыкі базуюцца на афіцыйных дадзеных, дэклярацыях аб даходах, якія падаюць самі заможныя людзі. Часы, калі было выгодна і нават неабходна ўтойваць сваё багацьце, ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе паступова сыходзяць, багатыя людзі імкнуцца да рэспэктабэльнасьці, а яна патрабуе празрыстасьці бізнэсу.

У Беларусі гэтыя часы яшчэ не прайшлі: абвясьціць пра сваё багацьце – гэта амаль гарантавана яго пазбавіцца. Паводле чутак, адным з найбагацейшых людзей Эўропы зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка, аднак паводле дэклярацыі аб даходах ён чалавек вельмі сьціплага дастатку. Ацэнкі ж, асабліва ва ўмовах закрытасьці інфармацыі ў Беларусі і своеасаблівай свабоды слова, маюць вельмі няпэўны характар.
XS
SM
MD
LG