Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Івашкевіч: шэсьця праводзіць ня будзем, але забарону абскардзім


Альгерд Невяроўскі, Менск Менскі гарвыканкам дазволіў арганізатарам акцыі 16 верасьня правесьці мітынг і канцэрт у парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор. Аднак улады забаранілі апазыцыянэрам шэсьце вуліцамі гораду. Арганізатары “Джынсавага фэсту” зьбіраюцца абскарджваць забарону.

Акцыя 16 верасьня, на сёмую гадавіну зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, мелася пачацца шэсьцем ад Акадэміі навук да пляцоўкі ў парку Дружбы народаў. Але менскія ўлады пастанавілі дэманстрацыю забараніць, а дазволіць толькі мітынг і канцэрт у парку. Гаворыць адзін з заяўнікаў акцыі 16 верасьня, намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Мы яшчэ будзем абскарджваць гэтае рашэньне. Але мы вырашылі, што ісьці на канфлікт з уладамі цяпер няма сэнсу. Несанкцыянаванай акцыі праводзіць ня будзем. Мы пагадзіліся, што правядзем легальную акцыю, а менавіта мітынг і канцэрт 16 верасьня ад 16-й да 20-й гадзіны”.

У мітынгу возьмуць удзел лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч ды іншыя прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Арганізатары мерапрыемства — Віктар Івашкевіч, Павал Юхневіч і Аляксей Шыдлоўскі — абяцаюць, што “Джынсавы фэст” будзе розьніцца ад папярэдніх апазыцыйных акцыяў формай і зьместам. Гаворыць Павал Юхневіч:

(Юхневіч: ) “Акцыя 16 верасьня будзе, паводле свайго зьместу, незвычайнай акцыяй. Будуць дзьве часткі. Першая — гэта афіцыйны мітынг, а другая — гэта канцэрт. Прычым, канцэрт гуртоў, якія прыходзяць на зьмену ўсім нам добра вядомым монстрам беларускага року. Таксама, можа быць, будуць старыя гурты, але ў новай незвычайнай форме”.

Віктар Івашкевіч лічыць, што ўлады вырашылі дазволіць мітынг і канцэрт, каб не правакаваць прыхільнікаў апазыцыі, якія б маглі правесьці недазволеную акцыю.

Сёньня арганізатараў “Джынсавага фэсту” запрашалі ва ўправу міліцыі Менгарвыканкаму. Палкоўнік Яўген Палудзень папярэдзіў іх пра адказнасьць за выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі падчас акцыі. Аднак арганізатары не зьбіраюцца заклікаць мітынгоўцаў і гледачоў канцэрту не ўздымаць нацыянальных сьцягоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG