Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе Лукашэнка фонам на маскоўскім шоў Мадонны?


Радыё Свабода Сёньня ў маскоўскім спартовым комплексе “Лужнікі” адбудзецца фінальнае шоў эўрапейскага турнэ поп-сьпявачкі Мадонны. Сёлетнія гастролі амэрыканскай зоркі суправаджаюць гучныя скандалы. Могуць пакрыўдзіцца на Мадонну і асобныя палітыкі: падчас нядаўняга выступу ў Парыжы песьня “Sorry” суправаджалася слайдамі з выявамі ўсясьветных дыктатараў, у лік якіх трапілі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін. Ці пакажа Мадонна гэтыя кадры ў Маскве?

Ад сёньняшняга дня арганізатары канцэрту Мадонны ў Расеі спынілі ўсялякія кантакты з прэсай. Уся ўвага — толькі плянаванаму канцэрту, вакол якога нечуваны ажыятаж.

27 жніўня ў рамках эўрапейскага турнэ Мадонна сьпявала ў Парыжы. На тым канцэрце была менская студэнтка Алена Кротава. Яна расказвае, што сярод мноства спэцэфэктаў ёй запомніўся відэашэраг да песьні “Sorry” (у тэксьце на розных мовах гучаць словы прабачэньня за злачынствы палітыкаў). На вялізным экране, зьмяняючы адзін аднаго, зьяўляліся сумнавядомыя тыраны — ад афрыканскіх да азіяцкіх і лацінаамэрыканскіх лідэраў. Завяршалі дакумэнтальную хроніку эўрапейскія кіраўнікі — прэзыдэнты Беларусі й Расеі.

(Кротава: ) “Там іх шмат было — Гітлер, Мусаліні, Сталін, іншыя сучасныя, твары якіх я дрэнна ведаю. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін паціскалі адзін аднаму рукі. Але нават не магу ўявіць, каб штосьці падобнае паказалі ў Маскве, тым больш, што Расейская праваслаўная царква ўжо практычна аддала Мадонну анатэме. Думаю, з этычных меркаваньняў сёньня гэта альбо ўвогуле ня будзе ісьці, альбо будзе штосьці іншае”.

А вось беларускі кампазытар Эдуард Ханок, які даўно прапісаўся ў Маскве, кажа, што Мадонна ня толькі абсалютна ўкладаецца ў распрацаваную ім “тэорыю хвалі”, але паказала рэальнае месца пасьлясавецкай эстрады ва ўсясьветным кантэксьце.

(Ханок: ) “Прыезд Мадонны для мяне ёсьць бліскучым доказам таго, што я маю абсалютную рацыю. Расейская, беларуская эстрада зьяўляюцца глыбока правінцыйнымі. Хто для нашых людзей прымадонна — Пугачова? Дык вось, Мадонна паказала, хто ёсьць сапраўднай прымадоннай у сьвеце. Нашая эстрада выглядае сёньня бездапаможнай самадзейнасьцю на тле гэтай Мадонны.

Так, як зусім нядаўна Пол Макартні паказаў, што такое ўсясьветная эстрада. Калі Пуцін зь ім гуляў па Крамлі, яны прадэманстравалі розьніцу, якой ніяк ня хочуць бачыць людзі”.

Нягледзячы на тое, што хоць Мадонна і далучыла прэзыдэнта Расеі да ліку дыктатараў, абвясьцілі, што пасьля канцэрту артыстка зьбіраецца ў госьці да сям’і Пуціных. Аднак Эдуард Ханок перакананы, што сустрэча не адбудзецца.

(Ханок: ) “Не, гэта зусім розныя катэгорыі. Думаю, Пуцін на гэта ня пойдзе. Бо гэта зусім розныя сытуацыі. Макартні — гэта спакой, гэта саліднасьць. Гэта вялікі “бітл”. Мадонна ж не вялікая, яна проста цяпер на ажыятажнай хвалі”.

Падчас канцэртаў у Празе былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл і ягоная жонка мелі непрацяглую гутарку з Мадоннай, а таксама назіралі 20-хвілінную мэдытацыю сьпявачкі перад выхадам на сцэну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG