Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці пагражае нешта незалежнасьці Беларусі?


Радыё Свабода Калі так, то ад каго пагроза зыходзіць? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Віцебску.

(Спадар: ) “Пагроза незалежнасьці можа быць зьвязаная толькі з эканамічнымі прычынамі. Калі дзяржава будзе квітнець, будзе багатая, то такое рызыкі няма ўвогуле. Але краіны са слабой эканомікай залежныя ад суседзяў, ад чужых грошай, на якія яны жывуць. Багатая, надзейная эканоміка цалкам выключае пагрозу незалежнасьці”.

(Спадарыня: ) “На мой погляд, яна ёсьць, і цалкам зыходзіць ад мясцовых чыноўнікаў, якія на патрэбы простых людзей плююць і ногі аб іх выціраюць. Я маю на ўвазе віцебскі ўзровень — калі ў Менску яшчэ можна знайсьці праўду, калі там на нешта яшчэ глядзяць, то тут проста абыякавае стаўленьне да ўсіх, хто стварае нашыя нацыянальныя даброты, — маю на ўвазе і рабочых, і інтэлігенцыю, і настаўнікаў, і дактароў”.

(Спадарыня: ) “Ёсьць! І моцная пагроза! З Усходу, бо адметнасьць віцебскіх людзей, асабліва з усходняй часткі нашай “губэрні”, — тое, што тут дужа папрацавала русыфікацыя. Цяпер правядуць нібыта рэфэрэндум — і анэксуюць нас, хутчэй за ўсё!”

(Хлопец: ) “Я лічу, што калі пройдзе такі рэфэрэндум (а будзе будзе ён, канечне ж, “сапраўдны”), то зьявіцца пагроза, бо мы будзем у саюзе з Расеяй, або нават часткай Расеі. І мы апынёмся здраднікамі, бо будзем ганіць сваё, роднае, а прымаць толькі расейскае”.

(Дзяўчына: ) “Я ня думаю, што мы — такі ўжо зайздросны кавалак, што да нас паляцяць на самалётах ды паедуць на танках! І ў мяне ёсьць такое адчуваньне, што наш народ ужо незалежнасьці ня хоча — прынамсі тут, у нас у Віцебску. Ён згодны з тым кіраўніцтвам, якое мае, з той мовай, якую хочуць перапісаць на трасянку ў законе. Вельмі мала хто здольны выйсьці, каб гэтую незалежнасьць адстаяць. Таму, я думаю, самая галоўная пагроза незалежнасьці Беларусі зыходзіць ад нас — знутры Беларусі”.

(Хлопец: ) “Калі гаварыць сур’ёзна, то пагроза незалежнасьці нашай краіны ёсьць, і, як у нас усё, зыходзіць зьверху — у тым ліку й гэтая пагроза”.

(Спадар: ) “Я лічу, што пагроза ёсьць — пагроза страты незалежнасьці. І будзе, пакуль ва ўладзе такі чалавек, як Аляксандар Рыгоравіч. Таму, кажучы ягонымі словамі, каб гэтае небясьпекі не было, трэба хутчэй “ператрахіваць кадры”!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG