Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стала прычынай бойкі ў электрычцы “Менск—Пухавічы”? (відэа)


Радыё Свабода Беларуская транспартная міліцыя завяла крымінальную справу па факце бойкі ў электрацягніку “Менск — Пухавічы”, у якім моладзь 9 верасьня вярталася са сьвята гораду. На сёньня выяўлены 15 удзельнікаў бойкі. Ім пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі паводле часткі 2 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі (за хуліганства).

Адна са сьведкаў бойкі ў электрычцы “Менск—Пухавічы” менская студэнтка Кацярына перажыла падзеі бяз стратаў. Калі насупраць яе ў акно перапоўненага вагона паляцеў камень, яе захінуў сабою невядомы мужчына. Падзякаваць яму яна так і не пасьпела, бо была ў шоку. Тым ня менш, Кацярына, праўдападобна, была адзіная, каму ўдалося зрабіць здымкі здарэньня мабільным тэлефонам. Яна кажа, што з гэтай прычыны невядомыя ўжо цікавяцца ёю.

Кацярына асноўнай прычынай бойкі лічыць п’янства на сьвяце гораду 9 верасьня й неадэкватныя паводзіны міліцыі, якая не спыніла масавага ўжываньня алькаголю ў публічных месцах.

(Кацярына: ) “Чаму дазволілі вольны продаж алькагольных напіткаў, заўсёды ж у сьвяты забаранялі? Моладзь настолькі п’яная была, проста дзіка… Мне крыўдна, што гэта мае аднагодкі, нашае пакаленьне… Куды мы кацімся? На гэта страшна глядзець, гэта нейкі генацыд ідзе, напэўна”.

Кацярына гаворыць, што на сьвяце гораду можна вольна было купіць сьпіртовыя напоі, многія прыносілі гарэлку з сабой і прылюдна расьпівалі, і ніхто іх не спыняў. Бойка ў цягніку пачалася са спрэчкі п’яных дзецюкоў, скончылася разьбітымі тварамі пасажыраў, кіданьнем камянёў у вокны, адна дзяўчына з разьбітай сківіцай была шпіталізаваная.

Кацярына зьбіраецца пісаць скаргу на Беларускую чыгунку і Міністэрства ўнутраных справаў з патрабаваньнем прыняць захады, каб не дапусьціць падобнага ў будучым.

У транспартнай міліцыі лічаць, што іхныя супрацоўнікі дзейнічалі адэкватна сытуацыі, затрымалі на месцы інцыдэнту двух завадатараў, але ў цэлым ім перашкаджала тое, што электрычка была перапоўненая пасьля сьвята гораду.

Кіраўнік прэсавай службы Менскай міліцыі Алег Сьлепчанка сьцьвярджае, што ў месцах масавага адпачынку на Дзень гораду не было ніякіх інцыдэнтаў, што міліцыя затрымлівала п’яных. Але агульная атмасфэра залежала ня толькі ад міліцыі.

(Сьлепчанка: ) “У гэтым выпадку гарадзкія ўлады пайшлі такім шляхам — наколькі я ведаю, яны дазволілі продаж віна, шампанскага і піва. У той жа час ніхто не скасоўваў дырэктыву прэзыдэнта аб тым, што ў радыюсе пяцісот мэтраў ад правядзеньня масавых гуляньняў продаж сьпіртнога забаронены”.

Спадар Сьлепчанка зазначыў, што гарадзкі аддзел унутраных справаў прапаноўваў забараніць піць на вуліцы піва ды абмежаваць гандаль сьпіртным ноччу. Паводле яго, гэтая ініцыятыва паступова рэалізуецца, аднак хутка й кардынальна зьмяніць сытуацыю й звычкі людзей складана.

Гл.таксама:

Відэазапіс бойкі ў электрычцы ў фармаце 3gp (1,45 MB) (для прагляду патрэбны Quick Time player).
XS
SM
MD
LG