Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актор Адрыян Топаль: “Фільм “Franz+Polina” апэлюе да чалавечнасьці”


Радыё Свабода 13 верасьня ў менскім Доме кіно адбудуцца два прэм''ерныя паказы мастацкага фільма “Franz+Polina”, зьнятага расейскім рэжысэрам Міхаілам Сэгалам паводле сцэнару Алеся Адамовіча. Выканаўца галоўнай ролі, 24-гадовы бэрлінскі кінаактор Адрыян Топаль перакананы, што гэтая карціна абавязкова знойдзе свайго гледача і ў Нямеччыне. Паводле словаў Адрыяна Топаля, “гісторыя, пра якую калісьці расказаў Адамовіч, апэлюе да чалавечнасьці, а значыць, адрасаваная да ўсіх”.

(Топаль: ) “Усё, пра што распавядае карціна, па-ранейшаму актуальна. На жаль. Па-ранейшаму адбываюцца войны, існуе тэрарызм. Фільм апэлюе да чалавечнасьці, і ён адрасаваны ўсім. Усе мы маем маці, бацьку, сваякоў, блізкіх. І калі ідзе вайна, усё адно, якой нацыянальнасьці ці ўзросту чалавек. Войны, гвалт па-ранейшаму актуальныя, і ад таго ўсё так вельмі сумна”.

(Карэспандэнтка: ) "Я чула, што вы не адразу пагадзіліся здымацца ў гэтым фільме?"

(Топаль: ) “Я баяўся сваё першай паездкі ў Беларусь. Я ня ведаў, як будуць рэагаваць на мяне, немца, тыя беларусы, якія перажылі вайну. Другая ўсясьветная вайна – гэта не такая ўжо далёкая гісторыя. Мы здымалі ў вёсках, дзе дзейнічалі нямецкія карнікі, і таму у мяне заўсёды паўставала гэтае пытаньне. Але людзі рэагавалі добра. Вельмі добра. Я сустрэў вельмі добразычлівых і прыемных людзей”.

(Карэспандэнтка: ) “У вас была вельмі цікавая здымачная каманда. Фільм рабіўся за ханты-мансійскія грошы (студыя "Югра"), у якасьці рэжысэра дэбютаваў модны расейскі кліпмэйкер Міхаіл Сэгал, у фільме здымаліся расейскія, беларускія і нямецкія акторы, дэкарацыі рабілі беларускія мастакі…”

(Топаль: ) “Гэта была прафэсійна моцная каманда. Адзінае, што выклікае сапраўдную крытыку, гэта студыі ў Менску. Яны ў надзвычай дрэнным стане. Тое ж можна сказаць пра санітарныя ўмовы, прыбіральні. Гэта ўсё магло быць лепшым, чым было. Аднак зь людзьмі ўсё было цудоўна".

(Карэспандэнтка : ) “Вы можаце размаўляць па-расейску ці па-беларуску?"

(Топаль: ) "Я говорю по-расейску. Нямнога. “Нямнога” – так кажуць і па беларуску таксама. Дарэчы, мне сказалі, што ў мяне беларускі акцэнт. Магчыма, у мяне ёсьць нейкія беларускія карані. Прозьвішча “Топаль” ня ёсьць нямецкім. Мае продкі паходзяць з Польшчы. Я не выключаю, што гэта былі беларусы. Аднак у мяне няма ў каго спытаць пра гэта, паколькі я зусім ня ведаю свайго дзеда і амаль нічога ня ведаю пра свайго бацьку. Магчыма, гэта былі беларусы”.

(Карэспандэнтка : ) “Вы адрозьніваеце Беларусь ад Расеі?”

(Топаль: ) “Беларусы жывуць ва ўмовах дыктатуры. Хаця Расея таксама дыктатура, аднак неафіцыйная. І яшчэ Расея мае больш грошай.

Мне прыйшлося назіраць, як многія беларусы баяліся сказаць тое, што яны думаюць, напрыклад, сваё меркаваньне пра Лукашэнку. Канешне, шкада, што яны ня могуць выказвацца гэтаксама свабодна, як у Нямеччыне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG