Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч афіцыйна вылучаны кандыдатам на прэмію Сахарава


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Сёньня ў Эўрапейскім парлямэнце ў часе надзвычайнага сумеснага паседжаньня камісіі ў міжнародных справах, камісіі разьвіцьця і падкамісіі правоў чалавека былі афіцыйна прадстаўленыя кандыдаты на ўзнагароду парлямэнту імя Андрэя Сахарава за 2006 год. Сярод 10 кандыдатаў ёсьць і лідэр беларускай апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч.

Кандыдатуру Аляксандра Мілінкевіча на атрыманьне прэстыжнай прэміі імя Андрэя Сахарава вылучылі фракцыі Эўрапейскай Народнай партыі – Эўрапейскіх дэмакратаў, самая буйная фракцыя парлямэнту, і фракцыя "Група адзінства на карысьць Эўропы народаў".

Абгрунтоўваючы перад дэпутатамі выбар кандыдатам на атрыманьне ўзнагароды імя Сахарава Аляксандра Мілінкевіча, віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі (Эўрапейская Народная партыя – Эўрапейскія дэмакраты) заявіў, што справа, якой займаецца апазыцыйны лідэр – блізкая справе Сахарава, што Мілінкевіч здольны ўплываць на людзей. Акрамя гэтага Аляксандар Мілінкевіч, паводле віцэ-сьпікера, патрабуе міжнароднай аховы і змагаецца за агульныя вартасьці, на падставе якіх быў створаны Эўразьвяз.

“Гэтая ўзнагарода даецца за свабоду думак, а у цяперашняй Беларусі якраз вольныя толькі думкі”, – заявіла дэпутат Ганна Фольтын-Кубіцка ад Групы адзінства на карысьць Эўропы народаў.

У 2004 годзе узнагароду Эўрапейскага парлямэнту імя Андрэя Сахарава атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў.
XS
SM
MD
LG