Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія першаклясьнікі вучаць кітайскія герогліфы


Радыё Свабода Сёлета ў некалькіх школах першаклясьнікі пачалі вывучаць кітайскую мову. Дапамагаць вучням у засваеньні ўсходняй граматы будзе амбасада Кітаю ў Беларусі.

Міністэрства адукацыі вырашыла ўводзіць кітайскую мову ў беларускіх школах паступова. Сёлета навацыя закранула сталіцу: дзьве гімназіі – 12-ю й 23-ю і школу №10 Партызанскага раёну. У 23-й гімназіі, напрыклад, кітайскую грамату выкладае Ульляна Печанёва:

(Ульляна: ) (гаворыць па-кітайску)

(Карэспандэнт: ) “Што вы сказалі?”

(Ульляна: ) “Што Пэкін – гэта сталіца Кітаю. Гэта прыгожы горад. Што там шмат славутасьцяў. Кожны месяц мноства іншаземцаў прыяжджае паглядзець на Пэкін”.

Ульляна ў Пэкіне пражыла цэлы год. Тут яна праходзіла моўную практыку як студэнтка кітайскага аддзяленьня філфаку Белдзяржунівэрсытэту. Падчас нядаўняга візыту ў Пэкін Аляксандра Лукашэнкі была падпісана Дэклярацыя аб супрацоўніцтве. Гаворыць другі сакратар амбасады Кітаю ў Менску Бэй Вэньлі.

(Бэй Вэньлі: ) “Цяпер рыхтуюцца ў БДУ адчыніць Інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя. І ў іншых гарадах таксама выяўляюць вялікую цікавасьць да кітайскай мовы, культуры. У Горадні ў канцы ліпеня адкрыўся кабінэт кітаязнаўства”.

Як паведаміў дыплямат, амбасада дапамагла беларускім школам абсталяваць тут “кітайскія” клясы. У 12-й гімназіі выкладае кітайскую мову настаўніца Насьця Букатая. Паводле яе, задача пэдагогаў складаная, бо, у адрозьненьне ад літар беларускага алфавіту, сутнасьць кітайскіх герогліфаў іншая.

(Букатая: ) “Кожны герогліф – гэта склад. Адзін склад. І перадаецца ён транскрыпцыяй. Для таго, каб чытаць. Адзін герогліф чытаецца, напрыклад, жэнь”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі ўсяго герогліфаў у кітайскай мове?”

(Букатая: ) “Ня зьлічана. Гэтай лічбы няма. Яны ўзьнікаюць… Узьнікаюць новыя. Яны могуць спрашчацца”.

Усяго герогліфы вывучаюць 82 першаклясьнікі. Ці лёгка іх засвойваць? Адказвае настаўніца кітайскай мовы 23-й гімназіі Марыя Лук’яненка.

(Марыя: ) “Каб вывучыць герогліф, патрэбна яго прапісаць. Нават не некалькі разоў, а разоў дваццаць. Для пачатку. Для нескладаных герогліфаў. Для герогліфаў існуе такое паняцьце, што ты можаш яго пазнаць у тэксьце. Калі ты яго ўбачыш у тэксьце, ты ведаеш, што ён значыць. Ты ведаеш, як яго прачытаць. Ты можаш ня ведаць герогліфа, але ведаць слова. І калі іншы чалавек гаворыць са мной, я чую гэты герогліф”.

Мяркуецца, што да канца сёлетняга году першаклясьнікі засвояць два дзясяткі герогліфаў.
XS
SM
MD
LG