Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за дажджоў бульба падаражае


Радыё Свабода Пакуль прыватнікі прадаюць яе па тысячы рублёў за кіляграм, але мяркуюць узьняць кошты да дзьвюх тысяч, калі толькі выкапаная з залітых вадой палеткаў бульба не згніе і захаваецца хаця б да зімы.

На Віцебшчыне жнівень ды пачатак верасьня пабілі рэкорды па колькасьці ападкаў – за ўсе 70 год назіраньняў гідрамэтцэнтар упершыню зарэгістраваў перавышэньне нормы ападкаў у чатыры разы. Спадзяваньні на добры ўраджай ня спраўдзіліся.

Гаспадары сьпяшаюцца выкапаць бульбу на сваіх участках як мага хутчэй, пакуль яна яшчэ канчаткова ня згніла. На імправізаваным кірмашы на рагу Маскоўскага праспэкту ў Віцебску можна сустрэць гандляроў з розных раёнаў, але праблемы ва ўсіх аднолькавыя.

(Спадар: ) “Прывезьлі бульбу ўчора зь Сеньненскага раёну. Двое сутак сохла. Бо дзе балота – там не зямля, а каша. А дзе трошку вышэй, узгорачак – там яшчэ нічога. Добрая бульба, бярыце – не пашкадуеце!”

(Спадарыня: ) “Вядро пяць тысяч, на вагу – калі ласка, кіляграм за тысячу. Бульба зь Вялікага Сяла: “Галяндка”, “Адрэта”, “Неўская” – такія ў мяне гатункі. Дзе-нідзе гнілаватая. Дажджы ж такія!”

(Хлопец: ) “Вельмі гніе! Дзе нізіна – там усё, вада стаіць. Каля хаты і тое конь вязьне, ледзьве ідзе. Рыдлёўкай капаем і віламі! Мы ўжо сабе сушым-сушым, сушым-сушым!”

(Спадарыня: ) “Бульбы не дакупісься зімой! Купіць хіба цяпер, наесьціся, бліноў надраць! Будзе не дакупіцца. Паўтары тысячы за кіляграм – дык дакладна будзе. Уся пагніла!”

Тое, што мясцовая бульба ня самае лепшае якасьці, не хаваюць і ў звычайных крамах гародніны. Гандлярка Ніна Панкраценка нават прапануе пакупнікам выбіраць бульбу са скрыняў, чаго ў дзяржаўных крамах дагэтуль ніколі не назіралася.

(Панкраценка: ) “Як трэба бульбачка, дык бярыце, выбірайце. Гнілую не бярыце, адкінем. Бульбу браць можна, я лічу. Бульба заўсёды патрэбная, яна ж другі хлеб!”

Незайздросная бульба ў віцебскіх крамах каштуе 780 рублёў за кіляграм. Некаторыя гаспадаркі гатовыя разьлічвацца ёй па сабекошце, калі знойдуцца ахвотныя паехаць на ўборку – туды, дзе немагчыма рабіць на бульбакапалцы. Напачатку гэтая ініцыятыва карысталася вялікім попытам спаміж беспрацоўных з абласнога Цэнтра занятасці насельніцтва. Але неўзабаве людзі пераканаліся, што бульба тая яшчэ ў зямлі сапсавалася ад вільгаці, і пачалі адмаўляцца ад вандровак на палі. Так што цяпер у вобласьці спадзяюцца хіба толькі на студэнтаў. Аднак шмат дзе лічаць: бульба усё адно ўжо незваротна папсавалася. І дзеля забеспячэньня патрэбаў насельніцтва яе хутчэй за ўсё давядзецца купляць у іншых рэгіёнах па больш высокіх коштах.
XS
SM
MD
LG