Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа


Юлія Шарова, Менск Этэр 11 верасьня

У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

Падзея, якая гэтымі днямі ўскалынула байнэт – інцыдэнт у электрычцы “Менск-Пухавічы”. Гэта адбылося 9 верасьня, у суботу ўвечары, пасьля сьвяткаваньня дня гораду. Вось што апавядае на сайце Жывы журнал ў суполцы minsk_by нехта dobry_dzen, сьведка інцыдэнту. “Група п’янай моладзі бесьперашкодна садзіцца ў другі й трэці вагоны цягніка… кампанія… з Рудзенска пачынае бойку ў трэцім вагоне з жыхарамі Мачулішчаў, якія там знаходзяцца. Праз пару хвілінаў усе выхады з вагону №3 заблякаваныя… тых, хто спрабаваў вырвацца зь яго… зьбівалі… Абураныя пасажыры выклікаюць нарад міліцыі. Прыходзяць два прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў… Ім абсалютна няма як супрацьстаяць п’янаму некіраванаму натоўпу… Падмацаваньне ў выглядзе адной міліцэйскай машыны, якое выклікалі, істотным чынам не мяняе сытуацыю… да пасажыраў, фактычна захопленых у закладнікі… нікому няма справы. З боку вуліцы ў вокны вагона ляцяць важкія камяні. Зьяўляюцца першыя пацярпелыя. Адной з пасажырак камень трапляе ў галаву. Першая кроў. Ад міліцыі дапамогі няма…”

На форумах парталу TUT.by таксама абмяркоўваюць гэтую навіну. Ужо вядома, што па справе масавай бойкі ў электрычцы “Менск-Пухавічы” затрымалі двух асобаў. Вось некалькі камэнтароў:

“Зараз нехта папракне – вось, зноў палітызуюць банальную бойку… калі ўлада заклапочаная барацьбой зь нязгоднымі – ёй папросту няма калі й няма кім падтрымліваць парадак у краіне… Як мы бачым, нашая ўлада ўмее абяззбройваць толькі бабулек, якія гандлююць на рынку цыгарэтамі, ды разганяць мірныя дэманстрацыі”.

“На месцы міліцыі трэба было элемэнтарна выклікаць АМАП і пакуль дзеецца гэтая вакханалія – фіксаваць факты беспарадкаў. Гэта іх праца!”

Яшчэ адна падзея, якая хвалюе байнэт – сюжэт у нядзельнай праграме “Ў цэнтры ўвагі” на першым канале Беларускай тэлевізіі. У ім сябра Савету Рэспублікі Нацыянальга сходу Мікалай Чаргінец камэнтаваў нядаўні пэрформанс на плошчы Якуба Коласа. Арганізатары акцыі выступалі супраць выкладаньня гісторыі Беларусі на расейскай мове. У суполцы Жывога журнала minsk_by падаецца цытата сэнатара: “…нейкі вылюдак… у чырвона-зялёным балахоне Ку-Клус-Клана, зьдзейсьніў дзікунства шляхам усталяваньня шыбеніцы, на якой была павешаная бел-чырвона-белая гісторыя Беларусі на беларускай мове”, – заявіў спадар Чаргінец у інтэрвію БТ. Паводле словаў Чаргінца, гэта ўвяло ў шок людзей, якія прайшлі вайну й памятаюць, як на гэтым самым месцы паліцыі вешалі дзяцей, старых і жанчынаў. Невядомага ў чырвоным капелюшы паабяцалі знайсьці.

Чальцы суполкі камэнтуюць словы спадара Чаргінца.

“…абвяшчаецца рэспубліканскі вышук чалавека ў чырвоным капялюшы”.

“Мальчыш-кібальчыш ці што? Дык ён жа ж ня ў нас, ён у Маскве сядзіць!”

“Затое ў Менску ёсьць Чаргінец!”

“Вось і зьявіўся ў Менску нацыянальны герой – хлопец у чырвона-зялёным балахоне. Прапаную выкарыстоўваць ягоную выяву на мэдыяматэрыялах”.

На форумах сайту Litara.net абмяркоўваюць апавяданьне “Нэрвовы раман” Леаніда Дранько-Майсюка. “Ну не атрымаецца пісаць вясковаму гадаванцу "інтэлектуальны" раман, – мяркуе нехта Зьдзіўлены. – Для гэтага трэба выгадвацца й пражыць у горадзе. Нязьменна цягне назад вясковы досьвед. Не таму, што ён непаўнавартасны, заганны, а таму, што не сапраўдны, не перажыты. У кожны нацыянальнай літаратуры культура пачынаецца з гарадзкога рамана. Гэта раманы Гётэ і Дастаеўскага, Талстога й Дыкэнса. Аднак беларуская культура альбо ігнаруе, альбо баіцца гарадзкой тэматыкі й кожнага разу ўплятае ў яе вясковы аспэкт”.

А вось sai17 у сваім інтэрнэт-дзёньніку зьмяшчае два відэакліпы на песьні невядомых аўтараў. Песьні прысьвячаюцца Аляксандру Лукашэнку.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG