Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Глебаў


Уладзімер Арлоў, Менск 10.9.1929, г. Рослаў (Смаленшчына) — 13.1.2000, Менск.

Адзін з найвыдатнейшых беларускіх кампазытараў ХХ стагодзьдзя Яўген Глебаў нарадзіўся ў горадзе Рославе на Смаленшчыне. Толькі зусім недасьведчаныя ў гісторыі маглі называць яго “рускім чалавекам, які ўнёс вялікі ўклад у мастацтва Беларусі”. Паходзячы зь беларускага этнічнага абшару, Глебаў быў шчодра надзелены найлепшымі рысамі нашай мэнтальнасьці, што яскрава выяўляліся як у творчасьці, так і ў паўсядзённым жыцьці.

Ягоныя эмацыйныя, інтанацыйна багатыя, нетрадыцыйныя сымфоніі й канцэрты, сюіты й араторыі, балеты “Курган”, “Альпійская баляда”, “Тыль Уленшпігель”, “Маленькі прынц”, опэра “Майстар і Маргарыта” заўсёды рабіліся падзеямі. Відаць, кожнаму жыхару краіны знаёмыя глебаўскія п’есы для эстраднага аркестру “Залатая восень” і “Начны дыліжанс”, якія сотні, а мо і тысячы разоў гучалі й працягваюць гучаць на радыё.

Уляўраны й адзначаны самымі высокімі званьнямі й прэміямі, Глебаў ніколі ня быў кампазытарам прыдворным.

Ён сябраваў з Васілём Быкавым, кнігі якога ня раз рабіліся для Яўгена Аляксандравіча літаратурнай асноваю музычных твораў.

Студэнты зь Беларускай акадэміі музыкі, калегі і сябры захапляліся ня толькі магутным талентам і працавітасьцю Глебава, але і ягоным адметным пачуцьцём гумару. Кажуць, ён працаваў наступным чынам: сымфонію – за два месяцы, балет — за паўгоду, а пра песьні, пасьміхаючыся казаў: “Не пасьпеў напісаць да абеду, дык ня трэба і вымучваць”.

Стаўленьне народнага артыста да сёньняшняй ўлады цудоўна адлюстравалася ў гісторыі пра яго віншаваньне з 70-годзьдзем, калі з букетам ад Лукашэнкі да Глебава заявіўся Іван Антановіч.

— Прэзыдэнт цэніць Вас! — І я яго цаню! — Прэзыдэнт паважае Вас! — І я яго паважаю. — Прэзыдэнт любіць Вашы балеты! — І я яго балеты люблю,— рэзюмаваў маэстра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG