Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз пісьменьнікаў будзе фінансавацца з дзяржбюджэту


Радыё Свабода Адпаведны ўказ прэзыдэнта быў падпісаны яшчэ 7 верасьня.

За кошт рэзэрвовага фонду прэзыдэнта ўраду загадана выдзяліць сродкі на аплату працы супрацоўнікаў апарату саюзу, а таксама кіраўнікоў Менскай гарадзкой і абласных арганізацыяў. Таксама ўраду даручана ўнесьці прапановы адносна выдаткаў на ажыцьцяўленьне статутнай дзейнасьці гэта аб’яднаньня.

Ураду загадана прадугледзіць сродкі на Саюз пісьменьнікаў у бюджэце на наступны год.

Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта загадана да 10 кастрычніка 2006 году выдзяліць Саюзу пісьменьнікаў Беларусі памяшканьне для размяшчэньня праўленьня, а таксама вырашыць пытаньні забесьпячэньня гэтага грамадзкага аб’яднаньня транспартам, аргтэхнікай і сродкамі сувязі.

Аблвыканкамам і Менгарвыканкаму даручана да 10 кастрычніка 2006 году выдзяліць памяшканьні для абласных і Менскай гарадзкой аддзелаў СПБ і распачаць фінансаваньне работнікаў апарату гэтых установаў. З 2007 году загадана прадугледзіць сродкі на гэтыя выдаткі з мясцовых бюджэтаў.

Усе гэтыя даброты тычацца праўрадавага Саюзу пісьменьнікаў на чале са старшынём міжнароднай камісіі Савету рэспублікі, генэралам Мікалаем Чаргінцом. Да іншага Союзу беларускіх пісьменьнікаў стаўленьне іншае – на пазамінулым тыдні кіраўніцтву Саюзу на чале з Алесем Пашкевічам было адмоўлена ў арэндзе малога пакойчыка ў Доме літаратара.
XS
SM
MD
LG