Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пагроза незалежнасьці Беларусі зьяўляецца рэальнасьцю”


Радыё Свабода 11 верасьня, панядзелак

(Спадар з Мазыра) “Добры дзень, “Свабода”! Прозьвішча і імя называць ня буду, Вы, напэўна, разумееце чаму. Адна просьба да Вас, я ўжо неаднаразова тэлефанаваў. Вас дрэнна чуваць у маім рэгіёне: на сярэдніх хвалях толькі вечарам больш-менш, а вось раніцай сярэдняя хваля зусім выпадае, зусім слабы сыгнал, а на кароткіх хвалях як быццам больш-менш, толькі то сьціхае, то ўзмацняецца сыгнал, але побач працуюць больш магутныя станцыі і нашую “Свабоду,” разумееце, душаць у прамым сэнсе слова. Дык ці можаце Вы нешта тэхнічна зрабіць? І гэта адбываецца менавіта тады, як нейкая палітычная перадача, ці “Паштовая скрынка 111,” ці “Экспэртыза “Свабоды,” ці “Госьць на “Свабодзе” (учора ўвечары быў у нас дэпутат 13 скліканьня Герасіменка)…Палову пачуеш, а палову заглушаецца тымі станцыямі, што побач. Павернеш настройку -- справа нейкая кітайская станцыя, зьлева – таксама, а вось “Свабода” нібы ў нейкіх абцугах. Зрабіце, калі ласка, якую-небудзь адну частату на кароткіх хвалях больш магутную. Можа, на захадзе Вас лепей чуваць, там на Гарадзеншчыне, Меншчыне, а вось на Гомельшчыне ня вельмі. Мы, Вашыя слухачы, будзем за гэта Вам вельмі ўдзячныя. Зрабіце гэта магчымым, калі ласка.”

(Васіль Цюхай зь Беразіна) “Добры дзень. У сувязі зь меркаваным рэфэрэндумам пра далучэньне Беларусі да Расеі я магу прачытаць урывак зь Бібліі: “Усе цары народаў, усе ляжаць з гонарам, кожны ў сваёй усыпальніцы. А ты павернуты паза грабніцай сваёй, як пагарджаны адростак, як вопратка забітых, паражаных мечам, якіх апускаюць у каменныя рвы. Ты, як папіраемы труп, не зьяднаешся зь імі ў магіле, бо ты разрабаваў зямлю тваю, забіў народ твой.У вяках не памянецца племя злодзеяў. Рыхтуйце закланьне сынам ягоным за беззаконьне бацькі іхняга, каб не паўсталі і не авалодалі зямлёю і не напоўнілі сусьвет свой непрыяцелямі.”(Кніга прарока Ісаі, 14) Вось які лёс чакае здардніка. Сінявокая Беларусь даверылася яму, а ён пагнаў яе назад у турму народаў. Рэфэрэндум, напэўна, будзе. Лукашэнка часта падпісвае пустыя паперы, каб адцягнуць час, але гэта не азначае, што газ патаньнее, што беларусаў перастануць прывозіць з Масквы ў трунах. Наадварот, расейцы стануць упэўненыя, што могуць рабіць зь Беларусьсю ўсё, што захочуць. “Вось я пастаўлю на гэтай зямлі пастуха, які не паклапоціцца пра тых, хто гіне, ня будзе шукаць тых, хто згубіўся і хворых ня будзе лячыць. Здаровых ня будзе карміць, а мяса поўных будзе есьці і капыты іхнія адарве. Гора нягоднаму пастуху, які пакідае статак. Меч на руку ягоную і на правае вока ягонае. Рука ягоная поўнасьцю ссохне, правае вока яго поўнасьцю пацьмянее.” (Кніга прарока Захарыі, 11)”

(Спадарыня) “Прывітаньне, шаноўнае Радыё Свабода! Я ня ведаю, ці ўкладуся я ў дзьве хвіліны з тою інфармацыяю, якую я для Вас падрыхтавала. Але ў рэшце рэшт, паспрабую. Я хачу сказаць, што мне вельмі падабаецца Ваша радыё, я слухаю яго з задавальненьнем перыядычна. Не так, каб вельмі часта, але і ня рэдка, у залежнасьці ад настрою і стану душы. Якія думкі ў мяне ўзьнікаюць у сувязі з тым, што адбываецца ў краіне? Па-першае, мне вельмі шкада людзей, а менавіта сьмелых палітыкаў, якія рэальна пакутуюць ад рэжыму ў выглядзе ізаляцыі ў вязьніцы, абмежаваньні свабоды і правоў, бясконца апынаючыся ў драматычных сытуацыях у абставінах Дантавага пекла, ў катаржных месцах супакойваньня... Перад гэтымі людзьмі, я маю на ўвазе Казуліна, Мілінкевіча і іншых, можна толькі нізка схіліць галаву. Такіх людзей трэба асабліва берагчы, таму што на такіх, як яны, трымаецца зямля. Я ўсёй душой ім спачуваю, лічу, што нельга так рызыкаваць іх здароўем і іх асобамі. Гэтыя людзі – асобы. Яны робяць палітычнае надвор’е, а таксама сваю кар’еру, але за які кошт?! Коштам выжываньня. І кошт выжываньня надзвычай высокі. У якасьці дзейных актывістаў, якія вядуць па сваіх слядох новых людзей, яны з прычыны склаўшыхся абставін асуджаны на гераічнае, але непатрэбнае адзінаборства з катамі ў межах турэмных казематаў. Гэтыя людзі – яркія прадстаўнікі дэмакратыі ў наш час. Яны, рызыкуючы жыцьцём, адстойваюць свае прынцыпыі і перакананьні, за якія яны ідуць на полымя. Гэта мужныя і вельмі адкрытыя людзі. Літаральна, яны зьяўляюцца героямі нашага часу. Страх зрабіць нешта ганебнае – гэта мужнасьць. Такой жа мужнасьцю зьяўляецца і ўменьне цярпліва пераносіць незаслужанае стаўленьне да нас з боку іншых. Гераізм – гэта перамога душы над целам. І ў гэтым сэньсе, людзі галадаючыя ў турмах па 70 дзён зьяўляюцца менавіта героямі.”

(Спадар) “Пагроза незалежнасьці Беларусі зьяўляецца рэальнасьцю і ідзе асабіста ад спадара Лукашэнкі, які імкнецца атрымаць “атамны меч” ястрабаў Расеі і заняволіць сьвет. Чырвоны фашызм ажывае! Людзі, будзьце пільнымі!”

(Спадар) “Хачу выказаць сваё меркаваньне. Спадарства радыёстанцыі “Свабода”! Ня трэба крыху перабольшваць. Але калі вы расказваеце пра Сьвята горада…Сьвята горада існуе для горада і яго жыхароў. І тым жыхарам, якія тут жывуць, троху падабаеца тое, што тут адбываецца. Па-другое. Што зрабілі сёньня тыя, што распавядалі пра тое, што гэта так кепска?..Што яны зрабілі для Сьвята горада і жыхароў? Скажам так, нічога. Так што, выбачайце. Мне падалося, што сьвята горада, не мая ў тым віна, прыпадае на дзень маіх народзінаў. Не “наязджайце” Вы так на нас, такіх кепскіх беларусаў, якім усё абрыдла і ўсё “да фені. Усе гарады сьвету маюць свой Дзень горада. Такое ж сьвята мае і Прага, Нью-Ёрк, Парыж…Што ж да Вашага радыё, дык “дастаў” той Дзень горада, які праходзіць у горадзе Менску. Гэта сьвята, сьвята для тых, хто жыве ў гэтым горадзе. І ня трэба туды “ляпіць” Лужкова. Мы самі разьбярэмся. Дзякуй, калі ласка. Да пабачэньня.”

(Спадарыня) “Пагроза страціць незалежнасьць для Беларусі цалкам існуе. На жаль, большасьць нашага насельніцтва вельмі цьмяна ўяўляе сабе мэханізм гэтага працэсу. Народу здаецца, што нехта прыедзе сюды на танку і адбярэ “соткі” з бульбай. Будзе зусім ня так. Беларусаў па-троху павыціскаюць з радзімы: хто паедзе шукаць заробак па сьвеце, каго прымусова за калючы дрот адправяць па розных прычынах, хто загіне ў расейскіх гарачых кропках ці вернецца калекам і ўсё роўна загіне, шчасьлівейшыя проста не народзяць дзяцей. Можа паўтарыцца “косаўскі” варыянт. Паглядзіце на лісьлівага Лужкова, ён быццам хітры пітон заварожвае сваю ахвяру, каб зручней было праглынуць. Да пабачэньня.”

(Спадарыня з Магілёву) “У Лукашэнкі любімая лічба ад 83 % 19 сакавіка 2006 года, а цяпер яна паднялася да 87 %, столькі менчукоў задаволеныя жыцьцём у сталіцы Беларусі. Толькі Бэрліну саступіла, а вось Лёндан і Парыж літаральна “пераплюнулі.” Калі гэта насамрэч так, як сьцярджае Лукашэнка, то практычна знаходзячыся ў міжнароднай ізаляцыі на 97 %, Беларусь і яе сталіца (прабачце, вымушана канстатаваць) зьяўляюцца могілкамі, якія зрэдку наведваюць прадстаўнікі Вэнэнуэлы, Ірану, Казахстану. Вось Лужкова, мабыць, Пуцін прымусіў прыехаць. Зьбіраюцца масквічы будаваць элітныя жылыя дамы, супэрмаркеты, Іран – элітны пяцізоркавы гатэль. Вось яна палітыка Лукашэнкі для народу Беларусі, дзе жанчыны, ражаючы дзяцей, вымушаны ад іх адмаўляца, то бок няма чым іх карміць. Мірон, магчыма, ноч ня спаў, каб як мага вышэй падняць гістрычны сымбаль Рэспублікі Беларусь, дзе вучонага, прафэсара Аляксандра Казуліна абылгалі і кінулі ў турму на 5,5 год, дзе моладзь вымушана атрымліваць вышэйшую адукацыю за мяжой. Незадаволеныя ўладай, тыя, хто пратэстуе, сядзяць у турмах. Крыўдна, што беларускі народ дазваляе ўладам усё гэта рабіць. Яны сьпяць спакойна, кладуцца спаць спакойна, устаюць спакойна. Сорамна за беларускі народ!”

(Спадар: ) “Пагроза незалежнасьці Рэспублікі Беларусі сыходзіць ад тых, хто галасуе за Лукашэнку, хто трымае яго ва ўладзе, хто задаволены яго палітыкай. А самая галоўная пагроза ідзе ад абыякавасьці беларускага народу да таго, што адбываецца ў рэспубліцы. Беларускім народам літаральна ігнаруюцца ўсе акцыі, у якіх актывісты разнастайных рухаў і партый спрабуюць давесьці да сьвядомасьці беларусаў пра тую несправядлівасьць, хлусьню, пра тых, хто сядзіць у турмах за палітычныя погляды, пра тое, што ў сродках масавай інфармацыі і тэлебачаньні адна прапаганда, што хваліць палітыку Лукашэнкі. Абыякавасьцю беларукага народу вельмі лёгка карыстаецца Лукашэнка і яго ачаленьне. Так што, на мой плогляд, асноўная маса насельніцтва Рэспублікі Беларусь нават не заўважыць страты незалежнасьці Беларусі.”

(Спадарыня) “Цікавае назіраньне. Назву гіпермаркету “Pro store” я адразу пераклала на больш зручную: “Для тых, у каго ёсьць сто рублёў,” хоць астатнія вымаўляюць яе па-расейску: “Простор.” Калі я даведался, што крама, па сутнасьці, расейская. Назву “Pro store” я пачала ўспрымаць як абразу, бо нават на расейскія сто рублёў у гэтым “гіперы” купіш толькі паўкіля дрэнных сасісак. Назва крамы з пэўным сэнсам. Цікава, расейцы яго ўклалі сьвядома ці так проста атрымалася. Да пабачэньня.”

(Пятровіч Уладзімер зь в. Мазуршчына Салігорскага р-на) “Добры дзень, Радыё Свабода. Я Ваш сталы слухач. Люблю Вашыя перадачы. Я, канечне, і раней Вам званіў. Я да вас па такому пытаньню. Ужо даканала гэтая дыктатура, гэты Лукашэнка. Я прапаную сабрацца дэмакратычным сілам і ўдарыць па крывавым дыктатарскім рэжыме так, каб трэскі паляцелі. Вось такая ў мяне прапанова. Я вельмі люблю Мілінкевіча, Казуліна…А Казулін сядзіць у турме, але месца там Лукашэнку, а не Казуліну. Казулін няхай трымаецца. Ён выйдзе, ён усё роўна пераможа. Дэмакратыя ў Беларусі пераможа. Я нават адмовіўся ад радыёкропкі. Я ненавіджу слухаць Першы нацыянальны канал гэтага Беларускага радыё. Я слухаю толькі Радыё Свабоду і “Нямецкую хвалю,” там таксама слухаю беларускую хроніку, там таксама цікавыя перадачы. А пакуль у Беларусі поўнасьцю не ўсталюецца дэмакратыя, я не паверу беларускім медыям. Нават тэлебачаньню беларускаму ня веру! Там адну хлусьню паказваюць, паказуху! Дык вось таму я і прапаную сабрацца дэмакратычным сілам і ўдарыць па крываваму таталітарнаму рэжыму Лукашэнкі, каб попел пасыпаўся. Вось такія праблемы. Я лічу, што дэмакратыя ў Беларусі пераможа. Мы гэтага дачакаемся, абавязкова дачакаемся. І халуі лукашэнкавыя таксама сваё атрымаюць. Колькі я іх бачыў па тэлебачаньні! Я хацеў бы дапоўніць. Лукашэнка завёў краіну ў тупік. А калгасьнікі, якія за яго галасавалі, яны вераць, думаюць, што гэта праўда. Гэта даводзіць людзям, што гэта хлусьня. Яны гэтае таталітарнае тэлебачаньне глядзяць, радыё слухаюць і думаюць, што гэта ўсё праўда. А гэта ўсё хлусьня. Я ўжо даўно бачу, з гадоў “перабудовы.” А чаму ў Лукашэнкі самая вялікая ахова? Таму што ён больш за ўсіх людзям шкоды зрабіў. Там яго месца, на нарах. А месца Казуліна – гэта прэзыдэнцтва. І яшчэ мне сорамна за краіну Беларусь, што яе ізалявалі, нікуды ня выехаць. Мне проста сорамна. І яшчэ ён у пятніцу нешта казаў супраць Эўрасаюзу, супраць блёку НАТА. Ён у параўнаньні з НАТА – толькі крошка. А мне сорамна за сваю краіну, за тое, што ён так зрабіў. А Казуліну я вельмі спачуваю, я амаль плакаў, калі даведаўся пра пагаршэньне яго стану здароўя, як перадалі па Радыё Свабодзе. Мне больна на сэрцы, што ён там сядзіць. Ён павінен быць на свабодзе і кіраваць нашай рэспублікай дэмакратычна. Я ведаю, ён дэмакрат, а не таталітарны дыктатар, як Лукашэнка. Дзякуй. Да пабачэньня.”

(Спадар) “Добры дзень, Радыё Свабода! Хачу адказаць на пытаньне тыдня: “Што пагражае незалежнасьці Беларусі.” Хачу адказаць наступнае. Ваш кароэспандэнт браў інтэрвію ў жыхароў Гародні, і ўсе ў адзін голас заявілі, што незалежнасьці Беларусі не пагражаюць ні з Усходу, ні з Захаду. І думаю, што калі Вы ў дзесятках іншых гарадоў зададзіце такое ж пытаньне, то атрымаеце менавіта такі ж адказ. Адсюль вывад, што незалежнасьці Беларусі нешта пагражае толькі з пункту гледжаньня Лябедзькі, Вячоркі і Шушкевіча. Але для чаго яны паднялі гэтае пытаньне нават перад міжнароднымі арганізацыямі? Таму што хацелі лішні раз напомніць пра сваё існаваньне і лішні раз папрасіць грошай на барацьбу з рэжымам. І вялікае шчасьце, што ня ім вырашаць, ці залежыць незалежнасьць Беларусі ад Расеі ці не, а народ на рэфэрэндуме выкажа сваё меркаваньне ў дачыненьні да гэтага пытаньня. Дзякуй.”

)Слухач) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Сёньня ў нядзелю ў 7 гадзін 10 верасьня па расейскім Радыё Свабода была паўгадзінная перадача, прысьвечаная Беларусі. У ёй журналіст задаваў пытаньні жонцы Казуліна. Перадача была пра тое, ці справядліва пасадзілі Казуліна, грамадзяніна, які на беларускай амбасадзе напісаў “Жыве Беларусь!”, ён таксама нейкае пакараньне атрымаў. Але самае галоўнае ў гэтай перадачы, што сваё меркаваньне выказвалі радыёслухачы ў прамым эфіры. У Вас ужо даўно працуе гэты аўтаатказьнік, ён дазваляе Вам фільтраваць званкі радыёслухачоў. Набярыцеся сьмеласьці і зрабіце перадачу, каб радыёслухачы маглі выказваць свае меркаваньні ў прамым эфіры. Дзякуй.”



(Ларыса зь Менску) “На гэтым тыдні прагучала ў эфіры, што мэр Масквы Лужкоў будзе будаваць мікрараён у Менску. Што гэта за дабрачынная акцыя, каб палепшыць становішча нашых грамадзян, каб атрымаць кватэру, калі гэта так, то гэта вельмі добра. Але ў гэта верыцца зь вялікай цяжкасьцю. І ўзьнікае пытаньне, хто будзе жыць у гэтым мікрараёне. І другое пытаньне. Няўжо ўсё ўжо пабудавана ў Расеі? Можа гэта і ёсьць пасяганьне на нашу незалежнасьць? Бо апошнім часам Лужкоў вельмі часта наведвае Беларусь. Расея такая вялікая, а Чачня такая разбураная. Чаму там не будаваць мікрараён? Наша Беларусь павінна сама наладзіць сваю прамысловасьць і жыльлёвае будаўніцтва. Хто адкажа на мае пытаньні? Бо на “Свабодзе” гэта пытаньне не абмяркоўвалася.”

(Спадар) “Я лічу, што асноўная пагроза для Беларусі сыходзіць асабіста ад дыктатара Лукашэнкі і таксама ад крымінальнай Расеі, якая так і хоча заглынуць Беларусь. А Лукашэнка хоча перабегчы ў Крэмль, каб сядзець на троне. А Беларусь стане губерніяй, якая нікому ня будзе патрэбная і людзі будуць у зьнявазе. Жыве незалежная Беларусь!”

(Спадар) “Ганьба такой уладзе, якая трымае за кратамі ні ў чым не вінаватага Аляксандра Казуліна. Гэта сапраўдны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Гэта наш лідэр. Жыве незалежная Беларусь!”

(Спадар) “Хачу выказаць спачуваньне ЗША і ўсім людзям ва ўсім сьвеце ў сувязі з гадавінай страшнага тэракту 11 верасьня. Мы зьнішчым тэрарызм, мы пераможам і не забудзем гэта ніколі. І яшчэ сёньня радасная навіна. Сёньня раніцай па польскаму тэлебачаньню ТВП-3 у перадачы выступаў шаноўны журналіст Радыё Свабоды Віталь Портнікаў. Так што перадайце яму, што мы яго бачылі і слухалі. Да пабачэньня. Прабачце, шаноўная “Свабода”! Хачу выказаць сваё спачуваньне. Прабачце, “Свабода.” Шосты раз я тэлефаную. У 2001 годзе я пазваніў адразу ў гэты дзень, я званіў на “Голас Амэрыкі.” Да пабачэньня.”



(Спадар) “Зь вялікім задавальненьнем слухаю Вашыя праграмы з Данчыкам. І хоць гэта адзін з маіх любімых сьпевакоў і артыстаў, але ўсё ж такі, ці не лукавіце Вы, мой харошы спадар Андрусішын, калі Вы сьвярджаеце адно, а ў гэты момант адмаўляеце іншае? Што маецца на ўвазе? Вось Вы сказалі, што Вы прасьпявалі песьню “Вы шуміце бярозы,” каб перадаць наўмысна моўную дакладнасьць. Так? А як Вы сьпяваеце, прабачце, “Пагоню”? І якая ж яна крывіцкая? Яна ніколі крывіцкай не была. Яна літоўская ці ліцьвінская. Я разумею, канечне, што ў Вас існуюць праблемы з так званай паліткарэктнасьцю, таму што Вы вялікі начальнік, але ж усё ж такі ісьціна абсалютная ёсьць ісьціна, што Літва – гэта старажытная беларуская дзяржава, а скучасная летувійская рэспубліка ніякага дачыненьня да той самай Літвы ня мае. Падумайце, калі ласка, і перасьпявайце, як сьлед. А чаму б не прасьпяваць “старой беларускай пагоні”? Падумайце, калі ласка. Дзякуй вялікі за ўвагу.”

(Спадар) “Я наконт Саюзу пісьменьнікаў. Па-першае, сябры, ня трэба засмучацца, бо чаго чакалі, таго не маглі мінаваць. І я мяркую, што трэба проста не вешаць нос, а ўзяць сябе ў рукі і далей займацца сваёй цудоўнай працай, зьвязанай з падтрымкай пісьменьнікаў і распаўсюдам нашай нацыянальнай культуры, бо памяшканьне, як зразумела, заўсёды магчыма знайсьці. У першую чаргу, ня трэба адчайвацца Алесю Пашкевічу і ягоным сябрам. Вы самі разумееце, што існуе таксама шэраг іншых асоб, якія, на жаль, займаліся не менавіта разьвіцьцём духоўнай культуры нацыі, а лезьлі ў нейкую палітыку, якая зусім не да гонару Саюзу пісьменьнікаў. Прабачце, калі мы сапраўды адпавядаем годнасьці пісьменьніка, то ні да якой палітыкі культура не павінна мець дачыненьня, бо культура – гэта культура, а палітыка – гэта палітыка.”

(Спадарыня) “Дзень добры, шаноўная “Свабода”! Я хачу Вас папрасіць не дапусьціць рэфэрэндум у нашай краіне Беларусі. Яшчэ хачу сказаць, я радая, што будуць выбары. Толькі хачу папрасіць Вас, каб выбіралі дэмакратычныя людзі, каб гэтыя лукашэнкаўскія “не мяшаліся” ў выбары. Пры дэмакратычным прэзыдэнце будзе ўсё інакш. Гэта мы ўсе разумеем. Дзякую вам за ўвагу.”

(Урач Ефрэмаў з Англіі) “Неяк выпадкова давялося пачуць, як ідзе палеміка, ехаць ці ня ехаць беларусам за мяжу, чакае нас там нехта ці не. Ей богу, настолькі наіўнае і дзіцячае пытаньне! Ніхто нідзе нікога не чакае! Паедзьце Вы з Бабруйску ў Менск! Калі няма родзічаў, то хто вас там чакае?! Так сама ў любым іншым месцы. Хто каго чакае ў гэтым сьвеце?! Гэта першае пытаньне. Другое. Я сам урач па спэцыяльнасьці. Атрымліваў я тут 200 даляраў, працаваў у Менску. Мне надакучыла гэта жабрацтва. Я вывучыў ангельскую мову, здаў экзамен мэнэджэру, які прыехаў з Ангельшчыны, паехаў і пачаў працаваць простым медбратам. Калі тут я атрымліваў 200 даляраў, то там я атрымліваў 2600 даляраў. Здаў экзамен на веданьне англійскай мовы, культуры, гісторыі. Цяпер займаюся ў асьпірантуры, праўда, прыходзіцца за гэта плаціць дорага. Але ў мяне ёсьць перспектыва, ёсьць будучыня, будучыня ў матэрыяльным сэнсе гэтага слова. А калі так разважаць, што нас чакае, ды толькі сядзець прыклеіўшы адно месца да стула, дык, канечне, мы нічога не дасягнем. Будзьце здаровы.”

(Марыя Іванаўна зь в. Квасоўка) “Добры дзень, Радыё Свабода! Патрабаваньні людзей Вы павінны перадаць, я Вас прашу. Я зьвяртаюся да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Гэта патрабаваньне людзей, а ня проста так. Аляксандру Ўладзіслававічу ў турме трэба ежу, правераную ўрачамі, падносіць на падносе. Меню павінна быць такім, як і мы ядзім і Вы таксама. Каб наш кандыдат здаравеў, а не схуднеў, як паведамлялася. Ён наш народны, і мы, людзі, паважаем яго. Аляксандр Ўладзіслававіч хоча, каб мы мелі правы, а ня толькі вашыя крамкі старыя мелі правы – працаваць на пэнсіі і мець мільёны! А ня тое, што мы атрымліваем пэнсію 280 тысяч. Хопіць зьдзеквацца з народу, Аляксандр Рыгоравіч і Ваша каманда! Вы павінны падумаць, як нам жыць! Усяго Вам найлепшага, хто слухаў.”

(Спадар) “Паважаная “Свабода”! Адказваю на пытаньне тыдня. Сувэрэнітэту Беларусі пагражае недальнабачная, пра-савецкая, нягнуткая, калгасная палітыка нелегітымнага кіраўніцтва краіны, якое, як малое дзіця, гуляе зь імпэрскім расейскім полымем. І няхай бы калі б у гэтым полымі згарэла нелегітымнае кіраўніцтва, бо ёсьць верагоднасьць спаліцца самаму дарагому: сувэрэнітэту і незалежнасьці роднай Беларусі. Крыўдна, што нічога не магу зрабіць сам для абароны незалежнасьці. А крытычная маса незадаволеных, на мой погляд, каля ста тысяч чалавек, будзе пасьпяваць, верагодна, надта павольна і працягла. Галоўнае, каб гэтая маса выказала сваю незадаволенасьць на плошчы ў патрэбны час. Дзякуй.”
XS
SM
MD
LG