Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылося ўручэньне штогадовых прэмій імя З.Завадзкага (фота)


Любоў Лунёва, Менск На ўрачыстай цырымоніі адбылося ўручэньне прэміі імя Зьмітра Завадзкага ляўрэатам 2006 году. Гэтым разам памятны знак Першага тэлеканалу ОРТ за прафэсіяналізм і мужнасьць атрымалі карэспандэнт газэты “Комсомольская правда в Белорусии” Алег Улевіч, рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько і фотакарэспандэнтка газэты Юлія Дарашкевіч. Прэміі ад імя расейскага тэлеканалу ўручаў Павал Шарамет.

Павал Шарамет паведаміў, што журналісты ОРТ вельмі сур’ёзна ставяцца да выбару ляўрэатаў.

(Шарамет: ) “Чарговы раз мы ўручаем прэмію імя Зьмітра Завадзкага, нашага сябра й калегі. Штогоду ўсё цяжэй адбіраць кандыдатуры, бо ціск улады на незалежныя СМІ павялічваецца. Але людзі, якія ўсё роўна шукаюць праўды і аб’ектыўна гэтую праўду перадаюць чытачам і слухачам, яны ёсьць і ў сытуацыі моцнага ўціску з боку ўлады, гэтыя незалежныя журналісты становяцца больш яркімі й моцнымі”.

На цырымонію зьявіліся журналісты, а таксама маці Зьмітра Завадзкага, ягоны сын і ўдава. Пра сёлетнія адметнасьці прэміі гаворыць Сьвятлана Завадзкая:

(Завадзкая: ) “Гэта вельмі знакавы момант для ўсёй беларускай журналістыкі. Дзякуючы фонду імя Зьмітра Завадзкага гэтая прэмія будзе мець цяпер матэрыяльную падтрымку. Штогоду мы будзем уручаць гэтую прэмію самым таленавітым, самым прафэсійным журналістам у Беларусі”.

Ляўрэат прэміі Алег Улевіч сказаў некалькі словаў Радыё Свабода:

(Улевіч: ) “Спадзяюся, што з кожным годам арганізатарам будзе ўсё цяжэй вылучаць кандыдатаў на гэтую прэмію, каб гэтая прэмія спрыяла разьвіцьцю прафэсійнай беларускай журналістыкі, каб тэмы былі больш глыбокія й раскрытыя шырэй”.

Фотакарэспандэнтка Юлія Дарашкевіч лічыць прэмію найперш моцнай маральнай падтрымкай:

(Дарашкевіч: ) “Такія прэміі, такія ацэнкі тваёй працы – гэта перш за ўсё праявы салідарнасьці, а салідарнасьць робіць нас мужнымі, яднае нас, не дае ісьці на нейкія кампрамісы са сваім сумленьнем. Для журналіста гэта, напэўна, самае галоўнае”.

Гаворыць рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько:

(Дынько: ) “Асьвятленьне падзеяў у Беларусі Першым расейскім тэлеканалам не назавеш вычарпальным і, на маю думку, аб’ектыўным. А тут журналісты прысуджаюць штогод прэмію беларускім журналістам зь незалежных выданьняў. Для мяне гэта праява іхнай пазыцыі, нязгоды з пазыцыяй рэдакцыйнай пазыцыі тэлеканалу, праява салідарнасьці. Хай гэтая прэмія стане цаглінаю ў падмурак будучых адносінаў паміж свабоднай Расеяй і будучай свабоднай Беларусьсю”.

Калегі Зьмітра Завадзкага з карпункту ОРТ выказалі ўсім падзяку за тое, што журналісты памятаюць іхнага апэратара і не пакідаюць спробаў высьветліць ягоны лёс.

Прэміяй імя Зьмітра Завадзкага традыцыйна ўзнагароджваюць беларускіх журналістаў за прафэсіяналізм, мужнасьць і адданасьць прафэсіі.


Маці З.Завадзкага Вольга, ягоная ўдава Сьвятлана, Павал Шарамет


Маці З.Завадзкага Вольга, ягоная ўдава Сьвятлана і Павал Шарамет зь ляўрэатамі прэміі: Ю.Дарашкевіч, А.Дыньком і А.Улевічам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG