Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы БХК зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд з просьбай абараніць права грамадзянаў Беларусі на свабоду аб’яднаньняў. Падставай для звароту стала справа актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”.

Парушэньне гарантаванага Канстытуцыяй права грамадзянаў на свабоду аб’яднаньняў праваабаронцы ўбачылі ў справе актывістаў “Партнэрства” Мікалая Астрэйкі, Цімафея Дранчука, Эніры Браніцкай і Аляксандра Шалайкі. Нагадаем, у жніўні Цэнтральны райсуд Менску прызнаў іх вінаватымі ў парушэньні Крымінальнага кодэксу.

Уведзены напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 193-ты артыкул Крымінальнага кодэксу ўвёў адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Між тым, выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак з калегамі лічаць незаконным асуджэньне грамадзянаў паводле гэтага артыкулу.

(Гулак: ) “Мы мяркуем, што такі артыкул і такая практыка ягонага ўжываньня супярэчаць Канстытуцыі. Таму што ў адпаведнасьці з 23-м артыкулам Канстытуцыі абмежаваньне правоў і свабодаў асобы дазволена толькі ў выпадках, якія прадугледжаныя законам: у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі, грамадзкага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў. І ўсё. Ніякіх спасылак на тое, зарэгістраваная арганізацыя ці не зарэгістраваная. Пра гэта ў Канстытуцыі ня згадваецца”.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што ў судзе Цэнтральнага раёну Менску не даказалі, што актывісты “Партнэрства” нанесьлі шкоду іншым асобам. На думку аўтараў звароту, Канстытуцыйны суд мусіць разгледзець практыку ўжываньня 193-га артыкулу Крымінальнага кодэксу і запатрабаваць ад парлямэнту адмяніць яго. Таксама насьпела неабходнасьць спрасьціць парадак рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў, лічаць у БХК.

Паводле Эніры Браніцкай, найбольш уладам не спадабалася тое, што “Партнэрства” плянавала наладзіць незалежнае назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі. Што да іншай дзейнасьці арганізацыі…

(Браніцкая: ) “У “Партнэрства” была праграма дапамогі сацыяльна незабясьпечаным людзям. Мы рабілі гарачыя лініі, на якія маглі патэлефанаваць людзі й паведаміць пра свае бытавыя праблемы. Мы прыходзілі, а потым дапамагалі зрабіць звароты, сабраць подпісы ў выканкамы. У каго працякаў дах, у каго дрэннае ацяпленьне, ці не было дзіцячай пляцоўкі ў двары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG