Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – пятыя ўгодкі тэрарыстычных нападаў на ЗША


Радыё Свабода Cёньня амэрыканцы ўшаноўваюць памяць ахвяраў тэрарыстычных нападаў, якія здарыліся 5 гадоў таму, 11 верасьня 2001 г. У дзень нацыянальнай трагедыі па ўсёй краіне прыспушчаныя дзяржаўныя сьцягі. Прэзыдэнт Джордж Буш наведвае ўсе тыя месцы, куды былі скіраваныя тэрарыстамі захопленыя самалёты, пахаваўшы пад руінамі каля трох тысячаў чалавек.

Чакаецца, што ўвечары Джордж Буш выступіць са зваротам да нацыі і зноў заявіць, што не адступіць у вайне з тэрарызмам. А напярэдадні пасьля ўскладаньня вянка на месцы разбураных будынкаў Усясьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку прэзыдэнт заявіў:

(Буш: ) “Гэта – дзень памяці, і я клянуся вам, што ніколі не забуду ўрокаў 11 верасьня... Гэтае месца нагадвае мне, што існуюць ворагі, якія зноў хацелі б нанесьці Амэрыцы такую самую шкоду”.

Сёньняшні жалобны дзень пачаўся з хвіліны маўчаньня, якой па ўсіх ЗША людзі ўшанавалі памяць ахвяраў тэрору. На месцы трагедыі ўжо паводле традыцыі былі зачытаныя імёны ўсіх ахвяраў трагедыі 11 верасьня.

Мерапрыемствы з нагоды 5-х угодкаў тэрарыстычных нападаў на ЗША праводзяцца ў многіх краінах сьвету. Палітыкі робяць заявы, сьветары служаць паніхіды, у амбасадах ЗША, у тым ліку і ў Менску, прыспушчаныя сьцягі. Але на ўзроўні беларускіх уладаў ніякіх афіцыйных мерапрыемстваў з гэтай нагоды не адбылося. Тэму працягвае наш менскі карэспандэнт Ігар Карней:

(Карней: ) "Зрэшты, і адразу пасьля тэрактаў беларускія ўлады імкнуліся асабліва не гаварыць пра маштабы трагедыі, абмежаваўшыся пасланьнем амэрыканскаму народу ад імя Аляксандра Лукашэнкі. Між тым, колькасьць шараговых грамадзянаў, якія хацелі пакінуць запісы ў кнізе спачуваньняў, перавышала магчымасьці службы аховы амэрыканскай амбасады гарантаваць бясьпеку дыпляматам.

У ліку тых, хто ад шчырага сэрца спачувае амэрыканскаму народу – надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Генадзь Бураўкін. У рангу пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН ён чатыры гады зь дня ў дзень бачыў гэты сымбаль Амэрыкі, вежы-блізьнюкі Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру".

(Бураўкін: ) "Гэтыя два хмарачосы сапраўды былі сымбалем і багацьця амэрыканскага, і тэхнічнай думкі. І мы не аднойчы, і я, і супрацоўнікі прадстаўніцтва, і жонка мая, сябры, якія прыяжджалі, туды заўсёды ехалі, і заўсёды гэта была абавязковая частка праграмы. І калі гэтыя два будынкі былі сымбалем вялікасьці, то тое, што зь імі адбылося – гэта таксама сымбаль, што можа быць у нашым сьвеце. Нейкія тэрарысты могуць тое, што ўзводзілася такой натхнёнай тэхнічнай думкай, раз – і зьнішчыць. І гэта такі напамін пра тое, што можа зрабіць чалавек. Хацелася б верыць, што гэта вечнае – а гэта, аказваецца, ня вечнае, і гэта трэба берагчы".

Варта зазначыць, што сярод загіблых 11 верасьня 2001 году была і грамадзянка Беларусі – 32-гадовая Ірына Бусло. У ЗША яна паехала ў 1999 годзе. Апошнія паўтара гады працавала ў "Фуджы Банку", офіс якога разьмяшчаўся ва Ўсясьветным гандлёвым цэнтры. У Менску ў яе засталася дачка.
XS
SM
MD
LG