Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьмяніўся сьвет пасьля трагедыі 11 верасьня 2001 году?


Радыё Свабода У амбасадзе ЗША ў Беларусі адбылася жалобная імпрэза з нагоды пятай гадавіны тэрактаў у Нью-Ёрку й Вашынгтоне. У памяць аб ахвярах трагедыі на тэрыторыі дыпляматычнага прадстаўніцтва сёньня прыспушчаны дзяржаўны сьцяг. Як зьмяніўся сьвет пасьля трагедыі 11 верасьня 2001 году? Гэтае пытаньне людзям каля амбасады ЗША ў Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Цяпер мы стаім каля амбасады ЗША. Сёньня тут прыспушчаны дзяржаўны сьцяг у памяць гадавіны трагедыі. Як вы лічыце, што зьмянілася ў сьвеце пасьля 11 верасьня 2001 году?”

(Юнак: ) “Па-мойму, нічога не зьмянілася, але стаў больш жорсткім мытны й памежны кантроль у аэрапортах, вось і ўсё”.

(Спадарыня: ) “Пасьля трагедыі нічога не памянялася. Як было ўсё, так яно й ёсьць. Проста сталі больш берагчы самі сябе, і ўсё”.

(Юнак: ) “Такіх трагедыяў было шмат і дагэтуль, і яны нічога не зьмянілі. Паўплывалі толькі на сьвядомасьць тых людзей, якія пацярпелі ад трагедыі непасрэдна”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што зьмены заўсёды ёсьць. Была там трагедыя, не было — але зьмены заўсёды ёсьць. Але раней мы ня ведалі гэткай велізарнай трагедыі. Відаць, усё ад нас, ад людзей залежыць”.

(Карэспандэнтка: ) “Пасьля гэтай трагедыі ці памянялася нешта ў сьвеце, як вы лічыце?”

(Спадар: ) “Я ніколі не задумваюся над такімі пытаньнямі, бо гэта мяне ня тычыцца ніякім чынам, і, адпаведна, мяне асабіста гэта не цікавіць”.

(Спадар: ) “Канечне. Стала больш зразумела, што жыць стала больш небясьпечна з-за гэтых тэрарыстаў. Паглядзець хаця б на Маскву, на ўсе гэтыя тэрарыстычныя акты”.

(Юначка: ) “Ня ведаю, пэўна, у вялікіх гарадах людзі сталі больш асьцерагацца”.

(Юнак: ) “Канечне, я думаю, шмат што зьмянілася. У аэрапортах стала больш жорсткая сыстэма. І ўвогуле, насамрэч страху ў людзей стала больш”.

(Спадар: ) “На маю думку, мала што зьмянілася, але тэрарызм — гэта страшна. І на гэтую зьяву больш увагі зьвяртаюць і палітыкі, і простыя людзі. Вялікі боль і амэрыканскага народу, і беларускі выказаў сваё спачуваньне. Як пазбавіцца ад гэтага? Ня ведаю, гэта ўжо справа палітыкаў, кіраўніцтва дзяржаваў. На маю думку, людзі спадзяюцца на лепшае”.
XS
SM
MD
LG