Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аркадзь Вольскі ведаў, што Крэмль ставіць на Лукашэнку


Уладзімер Глод, Менск 9 верасьня на 75-м годзе жыцьця ў Маскве памёр этнічны беларус, заснавальнік Расейскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аркадзь Вольскі. Пры канцы мінулага стагодьдзя ён быў частым госьцем у Беларусі. У пэўных колах яго нават разглядалі як патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэм’ера Беларусі.

За плячыма ва ўраджэнца Добрушу была вялікая партыйна-гаспадарчая кар’ера. Ён быў памочнікам двух генэральных сакратароў ЦК КПСС, Андропава і Чарненкі, пасьля – загадчыкам аддзелу машынабудаваньня.

З пачаткам перабудовы спадар Вольскі пачаў актыўна займацца разьвіцьцём бізнэсу, стварэньнем прадпрымальніцкіх структураў. Менавіта прадпрымальніцкія справы, а таксама вялікая любоў да Беларусі, якую, дарэчы, ён заўжды падкрэсьліваў, нярэдка прыводзілі яго ў Менск.

Мне асабіста найбольш запомнілася адна сустрэча у Беларускай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў на самым пачатку лета 2001 году. У ёй удзельнічаў і тагачасны дырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў, пра якога маскоўскі госьць сказаў шмат цёплых словаў. На прэсавай канфэрэнцыі я спытаўся ў спадара Вольскага, ці гатовы ён падтрымаць свайго пратэжэ, калі той будзе балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі. Аркадзь Вольскі пажартаваў: маўляў, два Лявонавы для адной Беларусі зашмат, маючы на ўвазе сумны лёс былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава.

Сёньня гэты эпізод я згадаў Васілю Шлындзікаву — былому кіраўніку вытворчага аб’яднаньня “Амкадор”, дэмакратычнаму дэпутату Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Паводле Шлындзікава, тады сапраўды многія ўплывовыя людзі ў Менску ўгаворвалі М.Лявонава стаць альтэрнатывай Аляксандру Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах. Але Вольскі ўжо дакладна ведаў, што Крэмль робіць стаўку на Лукашэнку, згадвае Васіль Шлындзікаў:

(Шлындзікаў: ) “Мы ўгаворвалі Міхаіла Лявонава, каб ён балятаваўся. А Вольскі пачаў гаварыць, што гэта не патрэбна, што нічога ў вас не атрымаецца... Пераконваў: ня лезьце, ніхто ня пройдзе, а застанецца Лукашэнка”.
XS
SM
MD
LG