Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў дзяржаўных мэдыях пачалася кампанія супраць нядобрасумленных бацькоў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” (эфір 8 верасьня). Удзельнікі: юрыст Сяргей Балыкін і старшыня Беларускай партыі жанчын “Надзея” Валянціна Матусевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Упершыню Аляксандар Лукашэнка выступіў зь ідэяй, каб з бацькоў, што кінулі сваіх дзяцей, спаганяць грошы альбо прыцягваць да прымусовай працы, яшчэ ў 2004 годзе. Летась прынялі адпаведны закон. Аднак гэтага кіраўніку дзяржавы падалося мала — і цяпер рыхтуецца адмыслова дэкрэт, які павінен зрабіць больш жорсткім пакараньне для кепскіх бацькоў. Прычым, Лукашэнка настойвае на самых жорсткіх захадах супраць такіх людзей. Прапануецца спаганяць нават да 100% заробку — прычым, пажыцьцёва.

У чацьвер па тэлеканале БТ супрацоўніца Менскага аблвыканкаму апавядала, што рыхтуецца канфіскацыя маёмасьці й нават высяленьне з кватэраў нядобрасумленных бацькоў. Таксама прапануецца выпраўляць іх у месцы пазбаўленьня волі для прымусовай працы. Усё гэта нават у пазасудовым парадку. Як такія захады стасуюцца з маральлю, гуманнасьцю, правамі чалавека, стандартамі сучаснай цывілізацыі?”

(Сяргей Балыкін: ) “Кажуць, што цывілізаванасьць дзяржавы вызначаецца яе стаўленьнем да злачынцаў, маральна хворых людзей, якія засталіся за бортам жыцьця. Чым больш гуманна ставіцца да іх дзяржава, тым яна больш цывілізаваная. Дзяржава сама не павінна станавіцца злачынцам. Яна павінна дзейнічаць ня толькі ў адпаведнасьці з законам, але і зь нейкімі маральнымі прынцыпамі, прынятымі ў цывілізаваным сьвеце.

Тое што прапануе кіраўнік дзяржавы, нельга назваць ні цывілізаваным, ні гуманным. Хоць гаворка ідзе і пра кепскіх людзей, але ж яны заслугоўваюць гуманнага стаўленьня.

Да таго ж прымусовая праца забароненая шматлікімі міжнароднымі канвэнцыямі, удзельнікамі якіх зьяўляецца і Беларусь. Тут магчымыя і санкцыі з боку міжнародных арганізацыяў. Прымусовая праца існавала шмат гадоў таму. І яна называлася рабствам. Чалавек аказваўся ў рабстве, калі ён не выконваў сваіх фінансавых ці маёмасных абавязкаў — напрыклад, не вярнуў пазыкаў, не сплаціў падаткаў. Яго аддавалі ў рабства, каб ён адпрацаваў сваю запазычанасьць”.

(Валянціна Матусевіч: ) “Найперш, хачу зьвярнуць увагу, што гаворка ідзе пераважна пра жанчын, пра маці дзяцей, якія аказваюцца ў дзіцячых дамах. У выпадку распаду шлюбу альбо калі жанчына народзіць дзіця па-за шлюбам, мужчыны — бацькі гэтых дзяцей — у шэрагу выпадкаў не нясуць ніякай ні матэрыяльнай, ні маральнай адказнасьці за іх выхаваньне. І жанчына вымушаная гадаваць іх адна. Дзяржава плаціць ёй невялікія грошы, якіх не хапае. І толькі самаахвярнасьць жанчыны дапамагае вырасьціць гэтае дзіця. Чаму грамадзтва не зьвяртае на гэта ўвагі? А калі жанчына аказваецца слабейшай за цяжкія абставіны і вымушаная адмовіцца ад дзіцяці — то яна злачынца.

Што ні жыцьцё, што ні абставіны — то асобая сытуацыя. І перш чым усіх агулам судзіць, трэба разабрацца. Але ў нашай дзяржаве так не адбываецца. Напрыклад, сям’я ўзяла ўчастак, але ня здолела пабудаваць там дом. У такім выпадку цяпер дзяржава гэты ўчастак забярэ і тым самым сям’ю пакараюць. А чаму? Можа, там падрастаюць дзеці й пазьней пабудуць гэты дом.

Іншы прыклад. Сям’я ня можа заплаціць за камунальныя паслугі. Трэба было б разабрацца, чаму так адбываецца. Можа, там трое дзяцей, можа, хто захварэў. Замест таго, каб дапамагчы, дзяржава пагражае забраць кватэру, перасяліць. Таму стаўленьне да сем’яў, якія апынуліся ў цяжкім стане, — гэта працяг дзяржаўнай палітыкі. У нас зусім мала прыкладаў гуманнага стаўленьня дзяржавы да людзей”.

(Карбалевіч: ) “Ці будзе эканамічны эфэкт ад такіх захадаў? Вядома, што гэтыя людзі, што сьпіліся, — дрэнныя працаўнікі. Мала хто хоча браць іх на працу. А прымусовая праца ў месцах зьняволеньня ва ўмовах рынкавай эканомікі маларэнтабэльная”.

(Балыкін: ) “Па-першае, пра якія грошы ідзе гаворка? Лукашэнка казаў падчас нарады, што на аднаго дзіця ў дзіцячым доме дзяржава траціць 120 даляраў у месяц. Цяпер у Беларусі каля 28 тысяч сацыяльных сірот. Такім чынам, атрымліваецца сума каля 3—3,5 мільёнаў даляраў у месяц. Грошы для дзяржавы ня вельмі вялікія. На ідэалёгію траціцца больш. Таму не было падставы распачынаць такую кампанію. Гэта па-першае.

Па-другое, вядома, што прымусовая праца ніколі ня можа быць эфэктыўнай. Бо адсутнічае самае галоўнае — стымул да працы. Напрыклад, у адной маёй знаёмай былы муж ня плаціць алімэнтаў. Міліцыя пэрыядычна спрабуе яго працаўладкаваць, накіроўвае на нейкае будаўніцтва дарогі ці іншую працу. Ён там працуе два-тры тыдні, і потым яго звальняюць за парушэньне працоўнай дысцыпліны. А яго гэта ніяк не непакоіць”

(Матусевіч: ) “Вымалёўваецца цікавая сытуацыя. Дзяржава траціць на дзіця 120 даляраў. Значыць, гэтая маці павінна зарабіць 120 даляраў на дзіця і 120 даляраў, каб жыць самой. Такім чынам, яна павінна зарабіць 240 даляраў, альбо прыкладна 500 тысяч беларускіх рублёў. Дык калі б у яе была праца на 500 тысяч рублёў, то яна і не здавала б дзіця ў дзіцячы дом.

Вядома, што шмат жанчын, якія адмаўляюцца ад дзяцей, самі выхоўваліся ў дзіцячым доме. Яны маральна ня разьвітыя людзі, бо не атрымалі выхаваньня, якое атрымліваюць дзеці ў нармальных сем’ях. Трэба глядзець у корань, зразумець, чаму так адбываецца.

Відавочна, што ніякай эканамічнай выгады ад такіх захадаў ня будзе. Бо калі б чалавек мог працаваць, атрымліваць даход, то яго ня трэба было б прымушаць”.

(Карбалевіч: ) “Чаму ўвогуле ў “сацыяльна арыентаванай дзяржаве”, як нам даводзіць афіцыйная прапаганда, расьце сацыяльная дэградацыя? Павялічваецца колькасьць сацыяльных сірот. У параўнаньні з 1990 годам колькасьць алькаголікаў у краіне вырасла ўтрая, а сярод жанчын — у чатыры разы. Можа, улады пачынаюць не з таго канца, змагаюцца з наступствамі, а не з прычынамі?”

(Балыкін: ) “Я згодзен з тым, што ўлады змагаюцца не з прычынамі, а з наступствамі. А галоўная прычына простая. Чалавек пачынае піць, калі ня бачыць пэрспэктывы”.

(Матусевіч: ) “Выхаваць дзіця — гэта вельмі цяжкая праца. І ня кожны чалавек можа зь ёй справіцца. Магчыма, людзі аддаюць дзяцей у дзіцячы дом таму, што ня вераць у свае сілы. Яны спадзяюцца, што дзяржава лепш справіцца з гэтай справай. І нельга бачыць у гэтых жанчынах пачвараў.

Трэба бачыць сацыяльныя прычыны маральнай дэградацыі. Калі сям’я ня можа стачыць канцы з канцамі, і пры гэтым усім заткнулі рот (уключаеш тэлевізар — у нас усё выдатна), ты ніхто на працы, на вуліцы, у грамадзтве, то чалавек не вытрымлівае псыхалягічна, маральна, адыходзіць ад грамадзкага жыцьця, маральных прынцыпаў. Яму становіцца ўсё больш абыякава, што здарыцца зь ім, ягонай сям’ёй і дзецьмі.

Таму, каб спыніць сацыяльную дэградацыю, трэба зьмяніць сытуацыю ў грамадзтве. Патрэбная павага да кожнага чалавека, свабода. Напрыклад, вось гэтая праблема спагнаньня грошай зь нядобрасумленных бацькоў павінна сур’ёзна абмяркоўвацца ў грамадзтве. А ў нас дзяржаўныя мэдыі толькі падтрымліваць думку, якую выказаў Лукашэнка.

Гэтыя жанчыны, якія адмаўляюцца ад сваіх дзяцей, ужо няшчасныя. Рабіць іх яшчэ больш няшчаснымі, высяляць у нейкія рэзэрвацыі — я не разумею такіх мэтадаў вырашэньня гэтай праблемы”.

(Карбалевіч: ) “Тут можна запярэчыць, што на першым месцы павінен быць гуманізм да няшчасных дзяцей, а ўжо затым можна разважаць пра гуманізм да іх бацькоў”.

(Матусевіч: ) “Дык вось якраз такімі жорсткімі мэтадамі мы будзем штурхаць жанчын да забойства дзяцей. Таксама трэба ўлічваць і чалавечую псыхалёгію. Якая б ні была маці, але для гэтага дзіцяці яна застаецца маці. Ён яе ўсё роўна любіць і хацеў бы вярнуцца дадому.

Яшчэ адзін варыянт рашэньня праблемы: трэба шукаць для такіх дзяцей іншую сям’ю. Вось былы канцлер Нямеччыны Шродэр узяў у сваю сям’ю расейскае дзіця. А чаму самі расейцы, беларусы ня робяць гэтага? Таму што нават аднаго дзяцёнка ў поўнай сям’і, ды яшчэ з дапамогаю бабуляў і дзядуляў вырасьціць вельмі цяжка”.

(Карбалевіч: ) “Навошта ўвогуле ўлады ператвараюць гэтую праблему ў палітычную кампанію? Што Лукашэнка імкнецца атрымаць у выніку?”

(Балыкін: ) “Гэта натуральная лёгіка ўсіх таталітарных дзяржаваў. У іх ствараліся канцэнтрацыйныя лягеры, куды зганялі беспрацоўных, прымушалі працаваць. Потым у гэтыя лягеры адпраўлялі іншадумцаў, палітычных апанэнтаў. Любая таталітарная дзяржава імкнецца выправіць тых, хто не адпавядае нейкім стандартам.

Акрамя таго, Лукашэнка імкнецца атрымаць палітычныя дывідэнды, робіць на гэтай праблеме піяр-кампанію. У нашым заканадаўстве ёсьць усе магчымасьці, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці бацькоў, якія жорстка ставяцца да дзяцей. Таму незразумела, дзеля чаго патрэбны новы дэкрэт”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, падаецца, што сэнс гэтай кампаніі палягае — здабыць прыхільнасьць электарату, упэўненага ў тым, што гвалт і жорсткасьць — унівэрсальныя сродкі вырашэньня ўсіх праблемаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG