Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не зьдзіўлюся, калі неўзабаве ў Беларусі застануцца толькі гультаі, п’яніцы ды наркаманы”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 10 верасьня).

Многія жыхары Беларусі пакідаюць радзіму і едуць на заробкі за мяжу. Лёс іх складваецца па-рознаму. Апошні час у нашым эфіры прагучала некалькі паведамленьняў пра трагічныя інцыдэнты з удзелам беларускіх гастарбайтэраў, якія працавалі на будоўлях у Расеі.

Гэту тэму закранаюць у сваіх лістах і нашы слухачы. З аднаго з такіх лістоў і пачну сёньняшнюю размову. Нам піша Яўген Пяшко са Слонімскага раёну:

“У Расею едуць маладыя здаровыя мужчыны, якія тут, у Беларусі, ня могуць пракарміць свае сем’і. Выяжджаюць не таму, што ня могуць знайсьці тут працы. Праца тут ёсьць, але гэта толькі бачнасьць працы. На паўразваленым заводзе мне плацілі сто даляраў. Як пражыць на гэтыя грошы, калі ў мяне двое дзяцей? І нічога іншага я тут не знайду.

У Падмаскоўі, калі пашанцуе, можна зарабляць да тысячы даляраў. Праца, вядома, нялёгкая: класьці цэглу дзесяць-дванаццаць гадзін у суткі. Але людзі ня ныюць. Большых працаўнікоў, чым тыя, што працуюць на такіх будоўлях, я ня бачыў. Гэта самыя працавітыя людзі ў Беларусі. Няўжо ўлада гэтага не разумее? Яны павінны б працаваць на радзіме і прыносіць карысьць ёй. А вымушаныя туляцца па расейскіх будаўнічых вагончыках, баяцца кожнага міліцыянта, апасацца бандытаў і злодзеяў. Нешта няладнае ў нашай дзяржаве, калі так адбываецца. Не зьдзіўлюся, калі неўзабаве ў Беларусі застануцца толькі гультаі, п’яніцы ды наркаманы. Яны нікуды не паедуць: цяжка працаваць ім неахвота, ім і ста даляраў дастаткова на паўгалоднае існаваньне. Але што ў такім выпадку чакае Беларусь?”

На працу за мяжу выяжджае вялікая колькасьць людзей ня толькі зь Беларусі, спадар Пяшко. Гэта зьява ўласьцівая многім постсавецкім і постсацыялістычным краінам, узровень жыцьця ў якіх нізкі ў параўнаньні з заходнімі краінамі. На заробкі на Захад едуць дзясяткі і сотні тысяч палякаў, літоўцаў, латышоў, румынаў, баўгараў… У большасьці працоўных мігрантаў зь Беларусі іншы кірунак — Расея (а найчасьцей Масква і Падмаскоўе, дзе жывуць і будуюцца найбольш заможныя расейцы). Фармальна беларускія і расейскія грамадзяне маюць аднолькавыя правы на працаўладкаваньне і сацыяльную абарону. Але ў сапраўднасьці шматлікія саюзныя дамоўленасьці ў гэтай галіне не працуюць, і беларусы адчуваюць сябе на расейскіх будоўлях такімі ж бяспраўнымі, як і іншыя гастарбайтэры — з Украіны, Малдовы, Сярэдняй Азіі.

Для беларусаў нават перавесьці заробленыя грошы сваім сем’ям на радзіму — вялікая праблема. Улада адсочвае любыя грашовыя банкаўскія пераводы ды імкнецца абкласьці іх падаткамі. Як вынік, людзі вымушаныя хаваць усё заробленае ў сваіх будаўнічых вагончыках ды баяцца бандытаў і злодзеяў. Хоць гэтыя грошы па сутнасьці ўкладваюцца ў беларускую эканоміку, і дзяржава, наадварот, павінна ўсяляк спрыяць гэтым ініцыятыўным энэргічным людзям, якіх ня здольная сама забясьпечыць годнай працай на радзіме.

З шэрагам прапановаў наконт асьвятленьня тэмы эміграцыі зьвярнуўся на “Свабоду” наш слухач Уладзіслаў Хархардзін з Верхнядзьвінску:

“Вядома, што многія беларусы яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага жылі, вучыліся і працавалі ў Празе і ў Чэхіі. Адразу згадваюцца Францыск Скарына, урадоўцы БНР, многія зь якіх там пахаваныя, іншыя эмігранты, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму пасьля кастрычніцкага перавароту. Цяпер у Празе знаходзіцца Беларуская рэдакцыя нашай любімай “Свабоды”. Там жа, наколькі я ведаю, жывуць і працуюць палітычныя эмігранты з сучаснай Беларусі.

Аб беларускай эміграцыі вы расказваеце ў перадачы “Беларусы замежжа”, але я хачу, каб вы расказалі ня толькі аб сучаснай эміграцыі, а і аб беларусах, якія там жылі і працавалі раней, пачынаючы зь сярэднявечча. Беларусь і Чэхія здаўна зьвязаныя гандлёвымі, рэлігійнымі, вайсковымі ды іншымі сувязямі. Мне і, думаю, іншым слухачам таксама будзе цікава пачуць аб гэтым”.

Дзякуй, спадар Хархардзін, за слушныя прапановы. Пра беларускую эміграцыю мы, сапраўды, часта расказваем у сваіх перадачах. Будзем надаваць увагу гэтай тэме і надалей.

“Летні альбом” Вінцэся Мудрова, які гучыць на хвалях “Свабоды”, абудзіў успаміны маладосьці ў многіх нашых слухачоў. Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну ў сваім новым лісьце на “Свабоду” згадвае адзін з атрыбутаў савецкага чалавека — шапку-вушанку:

“Як многія памятаюць, на пачатку 1980-х гадоў адзежына ў СССР была ў дэфіцыце. Цяпер гэта падаецца сьмешным, але так было… Аднаго разу, вяртаючыся з чарговай зьмены са свайго падшыпнікавага заводу, я натыкнуўся на неверагодна даўгую чаргу, якая зьмяюкай выгіналася на плошчы і зьнікала ў вялізнай будыніне ўнівэрмагу “Беларусь”. Аказалася, “выкінулі” шапкі-вушанкі з трусінага футра. Апантаны здабыць хоць нешта людзкае на галаву, стаў я ў новую зьмену-чаргу, якая канчалася толькі на другім паверсе.

Я быў загартаваны ў войску, і лічыў, што да жаданай шапкі дастаю. Колькі соцень шчасьлівых савецкіх рабацягаў перада мной набылі новыя шапкі, я не лічыў: у галаве была адна думка: “Толькі б не расхапалі мой памер”. Апошнюю шапку майго памеру забралі, калі я быў ужо перад прылаўкам. Чатыры гадзіны таго дня (як і многія дні і гады да таго) пайшлі прахам. Душэўнае ўзрушэньне прывяло да таго, што я плюнуў на свае нязьдзейсьненыя мары, пайшоў у бязьлюдны аддзел і купіў на галаву неверагоднае паскудзтва — нешта плюшава-карычневае (нават у турмах, напэўна, такога ня носяць). Такім чынам, я надзеў на галаву такую экзотыку, якая адразу ж утварыла вакол мяне даволі вялікую асабістую прастору. Увогуле, адзежа, купленая ў вольным бязьлюдным продажы, думаю, вельмі напаскудзіла мне ў жыцьці. Аднак многае ўдалося цераз гэта і зразумець. Тое плюшавае паскудзтва данасіў урэшце мой вясковы дзіўнаваты сваяк з прозьвішчам Кот. А трусіныя шапкі недзе да сярэдзіны 1980-х гадоў занялі той жа бязьлюдны аддзел унівэрмагу. Бо савецкі чалавек надраў новых шкурак, і я нарэшце з палёгкай і без чаргі набыў свой памер у тым жа бязьлюдным аддзеле”.

Так, спадар Васілеўскі, нешта падобнае можа згадаць, бадай, кожны, хто памятае 1970—1980-я гады. Савецкая эканоміка нібыта выконвала і перавыконвала пляны, нарошчвала выпуск тавараў, рапартавала пра датэрміновае выкананьне падвышаных сацыялістычных абавязацельстваў — а савецкі чалавек вымушаны быў усё больш часу праводзіць у чэргах. Чэргі па каўбасу і мяса, па апэльсіны й бананы, па красоўкі й джынсы, па сантэхніку і посуд. У чэргах можна было стаяць гадамі і нават дзесяцігодзьдзямі — калі вы, напрыклад, хацелі набыць цуд савецкага аўтапраму — аўтамабіль “Жыгулі”.

Напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х чэргі выстройваліся ўжо нават па тыя тавары, якія раней заўсёды былі ў вольным продажы — напрыклад, па тэлевізары, айчынную мэблю, бытавую тэхніку. Дэфіцытам урэшце стала ўсё, аж да мыла, зубной пасты і папяросаў. І на гэтым савецкая гісторыя закончылася. Дзяржаву, якая выстраіла 250 мільёнаў сваіх грамадзянаў у адну бясконцую і безнадзейную чаргу, у жніўні 1991-га ніхто абараняць не захацеў.

На заканчэньне фрагмэнт ліста Міколы Канаховіча з Пружанаў. Былы вайсковец шмат гадоў спрабуе абараняць родную мову.

“Страціўшы сваю мову, мы страцілі саміх сябе. Беларус сёньня няздольны нават павітацца са сваім суродзічам на роднай мове. У паўсядзённым жыцьці на кожным кроку пацьвярджаецца: нас як годнай цывілізаванай нацыі больш няма. А калі няма, калі нацыя страціла сваю мову, дык хто мы, з кім нас можна параўнаць? Таму, як ні крыўдна, як ні балюча, як ні сорамна перад усім сьветам, але павінна быць толькі Праўда. Хоць і самая горкая. Тады, магчыма, Бог даруе за наша пакаяньне”.

Сапраўды, спадар Канаховіч, сёньняшнія Беларусь і беларусы — зусім не такія, якімі ўяўлялі сабе іх у 1991 годзе і вы, і многія іншыя людзі. На вуліцы амаль не пачуеш беларускай мовы, над Домам ураду ў Менску лунае зусім не бел-чырвона-белы сьцяг, а беларускія грамадзяне са сваім нацыянальным пашпартам ня могуць бязь візы ўехаць ні ў адну цывілізаваную заходнюю краіну. Але гэта зусім не азначае, што няма беларускай нацыі і беларускай дзяржавы. Напэўна, трэба зьмірыцца і прыняць іх такімі, якія яны ёсьць — іншымі: з “трасянкай”, з настальгіяй па БССР і са спэцыфічнымі ўяўленьнямі пра справядлівую сыстэму ўлады. Гэта таксама Беларусь і беларусы. Рэальныя, а не прыдуманыя.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG