Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паляціць Лукашэнка ў Гавану?


Радыё Свабода Сёньня ў Гаване адкрываецца саміт Руху недалучэньня, у які ўваходзяць 116 краінаў. У форуме, які завершыцца 16 верасьня, зьбіраюцца ўдзельнічаць кіраўнікі многіх дзяржаў. Ці прыляціць туды Аляксандар Лукашэнка?

Беларускі лідэр хоча бачыць у гэтай міжнароднай арганізацыі сілу, зь якой мусіць лічыцца ўвесь сьвет. Пра гэта Лукашэнка заявіў 10 дзён таму на адкрыцьці Палескага ўнівэрсытэту. Тады ён казаў так: "Руху недалучэньня не хапае адзінства. Калі б Рух згуртаваўся, а гэта больш за сотню дзяржаваў, дык гэта была б сіла, зь якой вымушаныя былі б лічыцца ня толькі ў Арганізацыі Аб''яднаных Нацыяў. У гэтым кірунку мы і будзем весьці нашу размову на саміце".

Аднак хто непасрэдна будзе агучваць беларускую ініцыятыву ў Гаване, пакуль невядома: ці сам Лукашэнка, ці міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў? Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі паведаміў нашаму радыё, што дакладнай інфармацыі на гэты конт яшчэ няма:

(Лёгкі:) "Як толькі ў нас будзе афіцыйная інфармацыя пра паездку, мы адразу ж яе шырока абвесьцім. Справа ў тым, што беларуская дэлегацыя будзе ўдзельнічаць у форуме. Але калі яна вылеціць, колькі будзе там дзён знаходзіцца, у якім фармаце працаваць – пра усё гэты мы паведамім пазьней".

(Карэспандэнт: ) "І як хутка?"

(Лёгкі: ) "Я думаю, пасьля выходных, найхутчэй".

Ці можа Беларусь, сапраўды, заняць у Руху недалучэньня вядучыя ролі? З гэтым пытаньнем я зьвяртаюся да палітоляга Юрыя Шаўцова.

(Шаўцоў: ) "Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе, якая зьяўляецца сябрам гэтага руху. І гэта стварае для нас вельмі цікавае кола кантактаў сярод удзельнікаў форуму. Уявіце, прыкладам, дыпляматаў Індыі, альбо Нігерыі, альбо яшчэ нейкай іншай дзяржавы, якія ведаюць, што Беларусь – адзіная тут эўрапейская краіна. І таму многае будзе залежыць ад вёрткасьці нашых дыпляматаў. Я думаю, нават яны маглі б паставіць пытаньне пра тое, што Беларусь павінна ўзначаліць гэты рух.”

1 жніўня на штогадовай сустрэчы з кіраўнікамі дыпляматычных місіяў Беларусі у замежжы Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь выйшла на новы ўзровень зьнешняй палітыкі, стала актыўным суб''ектам міжнародных зносінаў. Аднак, адзначыў Лукашэнка, "ня ўсім гэта падабаецца, таму што мы -- адметная і значная дзяржава, су’ёзны канкурэнт".

Рух недалучэньня ўтварыўся падчас "халоднай вайны" краінамі, якія не былі сябрамі розных вайскова-палітычных блёкаў. Беларусь увайшла ў гэтую арганізацыю ў 1998 годзе.
XS
SM
MD
LG