Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спаўняецца 15 год першаму ў краіне незалежнаму выдавецтву


Віталь Сямашка, Менск Сёньня спаўняецца 15 год ад пачатку дзейнасьці аднаго зь першых у краіне незалежных літаратурна-музычных выдавецтваў “Каўчэг”. За гэты час выдадзена паўмільёна кампакт-дыскаў ды аўдыёкасэт айчынных выканаўцаў розных жанраў, а таксама сто тысяч асобнікаў кніг паэзіі, навуковай ды даведачнай літаратуры.

За гады існаваньня выдадзена паўтары сотні адмысловых музычных праграм, выдавецтва прымала таксама ўдзел у арганізацыі шэрагу музычных фэстаў. Такіх як “Рок па вакацыях”, “Рок-каранацыя”, “Хіт-парад “Беларускай маладзёжнай”. Ёсьць чым ганарыцца, кажа дырэктар “Каўчэгу” Ўладзімер Кузьмін.

(Кузьмін: ) “Напачатку дзейнасьці выдавецтва мы выдалі “Беларускія народныя казкі”. Гэта быў першы вінілавы дыск і, мабыць, апошні на беларускай мове. Выклікаў агульны інтарэс дыск Міхала Клеафаса Агінскага з усімі палянэзамі, якія напісаў за сваё жыцьцё. Рыгор Барадулін – мы выдалі яго рамансы.”

(Карэспандэнт: ) “Ня думаю, што яны прыносілі вам вялікі камэрцыйны посьпех. Чаму вы ўсё-ткі пайшлі на працу менавіта зь беларускімі выканаўцамі?”

(Кузьмін: ) “Гэта роднае, сваё. Урэшце ж, хто, калі ня мы?!”

А ўзгадаць адмысловыя выпускі фальклёру, аўтарскай песьні, духоўнай музыкі! Кажа Валянціна Гладкая, кіраўніца вядомага фольк-гурту “Неруш”, які таксама выдаў тут два кампакт-дыскі.

(Гладкая: ) “Удзячныя “Каўчэгу” яшчэ і за тое, што бывае спонсарам: робіць для нас друкаваную прадукцыю, календары. Ідзе на ўсялякія саступкі для музыкаў, таму што часам ня маем грошай, а потым разьлічваемся – такія моманты дабрачынныя бываюць. Яны праўда што адзіныя, хто паўтараюць рэдкія дыскі, якія цяжка знайсьці…”

Сёньня добра вядомы і шматгадовы паэтычны праект сэрыі “Каўчэг”, цягам якога выдадзены першыя зборнікі Тацяны Сапач, Адама Глёбуса, Алены Казанцавай ды многіх іншых. Паэт Міхал Анемпадыстаў называе сабе “двайным тузом”. “Каўчэг” выдаў “Народны альбом”, аўтарам тэкстаў якога зьяўляецца Анемпадыстаў, а таксама ягоны ж паэтычны зборнік “Атэктацыі”.

(Анемпадыстаў: ) “Яны браліся за такую справу, за якую ніхто ня браўся. Яны былі першапраходцамі – першымі выдавалі гурты, якія мала што ніхто не выдаваў – мала хто слухаў. І, як тая ж “Мроя”, у свае часы не віталіся ўладамі. “Каўчэг” заўсёды рабіў гэта спакойна, не прыцягваючы ўвагі да саміх сабе і сваёй значнасьці. Яны сьціпла і рупліва рабілі як бы няўдзячную справу. І гэтая адметнасьць засталася. Гэта галоўнае…”

А нядаўна ў сьвет выйшла праграма джазавага трыо Аркадзя Эскіна “What”s new?” – “Што новага?”. У хуткім часе выканаўцы ня стала. Музыка ж Эскіна будзе гучаць. Дзякуючы “Каўчэгу”.
XS
SM
MD
LG