Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 верасьня 2001 году адбыўся адзін з самых маштабных тэрактаў


Радыё Свабода Два пасажырскія “Боінгі”, захопленыя тэрарыстамі-сьмяротнікамі, былі накіраваныя ў будынкі вежаў Усясьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку, пахаваўшы пад заваламі блізу трох тысяч чалавек. Трэці захоплены самалёт абрынуўся на частку будынку абароннага ведамства – Пэнтагону – у Вашынгтоне. Чацьвёрты па ліку “Боінг” у той жа дзень упаў на паўдзённым захадзе штату Пэнсыльванія – мяркуецца, што дзякуючы высілкам пасажыраў ён не даляцеў да Белага дому.

Ужо на другі дзень, 12 верасьня 2001 году, пачалося расьследаваньне тэрактаў. Практычна адразу ж было абвешчана, што асноўным падазраваным зьяўляецца “тэрарыст №1” Усама бін Ляден і створаная ім арганізацыя “Аль-Кайда”. Аднак пошукі асноўнага падазраванага працягваюцца дагэтуль.

У дзясятках краін сьвету сёньня пройдуць жалобныя мерапрыемствы ў памяць пра ахвяраў тэрактаў 11 верасьня 2001 году. Паводле надрукаванага ў жніўні 2002-га першага афіцыйнага сьпісу загіблых, які пасьля неістотна карэктаваўся, ахвярамі атакаў на Ўсясьветны гандлёвы цэнтар сталі 2 819 чалавек з 80 краінаў сьвету. Падчас абрушэньня нью-ёрскіх вежаў загінула і грамадзянка Беларусі, сваякі якой, аднак, настоялі, каб імя загіблай не разгалошвалася.

У двух самалётах, якія ўрэзаліся ў хмарачосы, загінулі 157 чалавек. У Вашынгтоне загінулі 125 супрацоўнікаў Пэнтагону і 59 пасажыраў і членаў экіпажу самалёту. 44 чалавекі загінулі ў выніку падзеньня “Боінгу” у Пэнсыльваніі. Апроч таго, катастрофа забрала жыцьці 343 пажарных і паліцэйскіх. Агульная колькасьць ахвяраў перавысіла 3 тысячы чалавек.

Сёньня ў дыпляматычных прадстаўніцтвах Злучаных Штатаў па ўсім сьвеце чарговым разам ўспомняць ахвяраў тэракту 11 верасьня 2001 году. У амбасадзе ЗША ў Менску таксама заплянаваныя памятныя мерапрыемствы, у якіх возьмуць удзел супрацоўнікі місіі. Гаворыць прадстаўнік амбасады Аляксей Саламаха.

(Саламаха: ) “Ці зьбіраюцца кагосьці запрашаць? Я так мяркую, што не. Але цырымонія заплянаваная. Я маю на ўвазе, такая невялічкая цырымонія павінна адбыцца ў амбасадзе. Мабыць, дзяржаўны сьцяг ЗША будзе прыспушчаны.”

У Беларусі на афіцыйным узроўні ніякіх мерапрыемстваў у памяць ахвяраў 11 верасьня не заплянавана. Зрэшты, і адразу пасьля тэрактаў беларускія ўлады імкнуліся асабліва не гаварыць пра маштабы трагедыі, абмежаваўшыся пасланьнем амэрыканскаму народу ад імя Аляксандра Лукашэнкі. Між тым, колькасьць шэраговых грамадзянаў, якія хацелі пакінуць запісы ў кнізе спачуваньняў, выстаўленай у амбасадзе ЗША ў Менску, перавышала магчымасьці службы аховы дыпведамства гарантаваць бясьпеку дыпляматам.

У ліку тых, хто ад шчырага сэрца спачувае амэрыканскаму народу, Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Генадзь Бураўкін. У рангу пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ён чатыры гады зь дня ў дзень бачыў гэты сымбаль Амэрыкі – вежы-блізьняты Усясьветнага гандлёвага цэнтру.

(Бураўкін: ) “Гэтыя два хмарачосы сапраўды былі і сымбалямі амэрыканскага багацьця, і сымбалямі тэхнічнай думкі. Многія, хто прыяжджаў у Нью-Ёрк, хацелі пабачыць, абавязкова падняцца на іх, каб зьверху паглядзець на горад. Мы неаднойчы – і я, і супрацоўнікі прадстаўніцтва, жонка мая, сябры, якія прыяжджалі, заўсёды туды ехалі, і заўсёды гэта была абавязковая частка праграмы. І калі іх ня стала, то нават чыста візуальна Нью-Ёрк стаў іншым, ён шмат страціў. Калі гэтыя два будынкі былі сымбалем вялікасьці, то тое, што зь імі адбылося – гэтаксама сымбаль. Сымбаль таго, што можа быць у нашым сьвеце: проста так, нейкія тэрарысты могуць тое, што ўзводзілася такой натхнёнай тэхнічнай думкай можна раз – і зьнішчыць. Гэта страшны сымбаль. І гэта такі напамін, як трэба берагчы тое, што можа зрабіць чалавек. Хацелася б верыць, што ўсё на Зямлі вечнае, а яно, аказваецца, зусім ня так. Гэта трэба разумець і трэба берагчы”.

Але, як кажа спадар Бураўкін, самым страшным было ўсьведамленьне бездапаможнасьці тысяч людзей, якія сталі закладнікамі той трагічнай і практычна безвыходнай сытуацыі.

Экспэрты амэрыканскага Нацыянальнага цэнтру палітычнага аналізу прыблізна падлічылі: зьнішчэньне і пашкоджаньне будынкаў, страта працоўных месцаў нанесьлі эканоміцы ЗША страты ў памеры каля 100 мільярдаў даляраў. Апроч таго, фэдэральныя ўлады ЗША выплацілі сваякам і сем’ям забітых ад 500 тысяч да 3 мільёнаў даляраў матэрыяльнай кампэнсацыі за кожнага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG