Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня прайшоў бардаўскі фэст “Аршанская бітва-2006” (фотарэпартаж)


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Бардаўскі фэст праводзіцца ў тым гістарычным месцы, дзе 8-га верасьня 1514 году войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астроскім перамаглі амаль утрая большае маскоўскае войска, спыніўшы на пэўны час расейскі наступ на Беларусь. Імпрэзу наведаў Аляксандар Мілінкевіч

Назву знакамітай гістарычнай падзеі “Аршанская бітва” пераняла й нефармальная мастацкая імпрэза, якая традыцыйна праходзіць тут на пачатку верасьня. Фэст даўно ўжо ператварыўся ў “народнае сьвята” – ён ня мае афіцыйных арганізатараў, а пачыналі яго 15 год таму вядомы сёньня бард Андрэй Мельнікаў, аршанскі краязнаўца Юры Копцік і яшчэ адзін мясцовы актывіст Генадзь Шэпелеў.

Нягледзячы на тае, што сіноптыкі прагназавалі дажджы на ўсю мінулую ноч, сёлетні бардаўскі фэст сабраў пад Воршай ня менш як дзьве сотні чалавек. І самымі першымі гасьцей сустракалі супрацоўнікі ДАІ і міліцыянты з Аршанскага райаддзелу: ужо на пад''езьдзе да бліжэйшай вёскі Гацькаўшчына яны пачыналі спыняць машыны.

Трапіць пад праверку дакумэнтаў давялося ў тым ліку й Ігару Казьмерчаку, старшыні аршанскай Рады моладзевых арганізацый.

(Казьмярчак: ) “Пад''ехалі мы да павароту, нас спыняюць: “Хто такія? Куды едзеце? Вунь ужо АМОН стаіць, чакае на вас!” А потым яны паперапісвалі ўсіх – імёны, імёны па бацьку, прозьвішчы і хатнія адрэсы. Так мы праскочылі першы кардон, а потым бачым – міліцыі й далей хапае. І АМОН прыехаў, і “Спэцназ”. Яны потым у нас пыталіся: "А што тут у вас, арганізацыя нейкая?” “Не, - кажам, - мы самі па сабе. Захацелі ды прыехалі”.

На фэст сабраліся людзі з розных рэгіёнаў Беларусі і самага рознага веку – ад студэнтаў да пэнсіянэраў. Былі таксама й прадстаўнікі розных палітычных партыяў. Усе разам госьці фэсту падняліся на ўзгорак да памятнага крыжа на таксама ўжо трыдыцыйную паніхіду па палеглых ваярах, якую супольна адслужылі ўніяцкія сьвятары айцец Зьміцер з Віцебску і айцец Андрэй з Воршы – той самы, што быў капэлянам намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы.

Паніхіда скончылася сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”. Якраз тым часам АМОНаўцы павылазілі зь мікрааўтобуса, а міліцыянты пачалі нешта перадаваць па сваіх рацыях ды тэлефонах – аказваецца, яны заўважылі ды пазналі экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, які таксама прыехаў на бардаўскі фэст “Аршанская бітва”.

(Мілінкевіч: ) “Слаўная старонка гісторыі нашай! Гісторыі цудоўнай, багатай, мужнай. Гісторыі, якую многія людзі ў краіне ня ведаюць. Дзякуй богу, што ёсьць гэтая моладзь, якая і цэніць, і любіць, і ганарыцца, і распаўсюджвае гэту гісторыю, і ў сэрцы нясе гэтую праўду. Пакуль яны ёсьць – і Беларусь будзе жыць, і гісторыя будзе вядомая наступным пакаленьням”.

Нехта з прысутных папрасіў спадара Мілінкевіча выступіць са сцэны, аднак той адмовіўся, сказаўшы, што прыехаў сустрэцца зь людзямі, перадусім з моладдзю, у неафіцыйнай абстаноўцы. Абстаноўка на імпрэзе сапраўды была неафіцыйнай: пасьля таго, як пачатак яе блаславіў сьвятар Аўтакефальнай Праваслаўнай беларускай царквы айцец Леанід Акаловіч, на сцэну выйшаў бард Андрэй Мельнікаў, а за ім – усе ахвотныя прасьпяваць свае песьні або прачытаць вершы.

Фотарэпартаж:

Паніхіда каля памятнага крыжа









Аляксандар Мілінкевіч сярод удзельнікаў імпрэзы











Сьвятары беларускай Аўтакефальнай царквы асьвячаюць фэст











Сьпявае бард Андрэй Мельнікаў











Перад пачаткам імпрэзы







XS
SM
MD
LG