Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенцы — пра тое, ці існуе пагроза незалежнасьці Беларусі


Сяргей Астраўцоў, Горадня У сувязі з магчымасьцю правядзеньня рэфэрэндуму аб аб’яднаньні Беларусі з Расеяй некаторыя апазыцыйныя палітыкі загаварылі пра небясьпеку для незалежнасьці краіны. Ці існуе насамрэч такая пагроза і ад каго яна можа зыходзіць? Што на гэты конт мяркуюць мінакі ў Горадні — высьвятляў наш карэспандэнт.

(Сталы спадар: ) “Я думаю, што небясьпекі для нашай незалежнасьці няма, ва ўсякім разе мне невядома, каб нехта на нас замахваўся”.

(Спадар: ) “З вонкавага боку я ня бачу нейкай пагрозы. Што датычыць уключэньня Беларусі ў склад Расеі, дык пра гэта гаворыцца ўжо даўно. Чаму толькі гэтае пытаньне не вырашаецца, я не магу зразумець. Пытаньне гэтае павінна або мець рашэньне, або быць скасавана. Гадоў пяць-шэсьць пра гэта размовы ідуць, а вынікаў дагэтуль ніякіх. Гэта, напэўна, камусьці выгадна, але каму — я не магу сказаць”.

(Спадар: ) “Ня думаю, што існуе нейкі вонкавы ціск на нас, Беларусь нармальна разьвіваецца. І ў любым разе, я думаю, што Беларусь застанецца незалежнай і свабоднай”.

(Малады спадар: ) “Якая можа быць незалежнасьць? Усе ў сьвеце залежаць: Амэрыка ад усіх залежыць, мы залежым. Пагроза мне бачыцца толькі ў тым, што людзі думаюць, што нехта прыйдзе і за іх зробіць — з Усходу ці з Захаду, карацей, уся пагроза ў галовах нашых людзей. А ўвогуле ўсё нармальна, ніхто на нас не нападзе. Калі мы сябе ў сваёй краіне будзем сябе паважаць, адчуваць сябе людзьмі, незалежна ад таго — беларусы мы, палякі мы, ці расейцы — усё ў нас будзе нармальна”.

(Спадар: ) “Так, пагроза незалежнасьці існуе. А зыходзіць яна найперш ад кіруючых колаў, а таксама ад Расеі, маё меркаваньне такое. Усё залежыць ад нас, ад простых людзей: як мы прагаласуем на рэфэрэндуме або на выбарах — так і будзе”.

(Сталы спадар: ) “Пагроза нашай незалежнасьці зыходзіць хутчэй знутры, ад улады. Я шмат з чым ня згодны ў палітыцы, якая ў нас ажыцьцяўляецца. Гэта ж датычыць і пытаньня пра аб’яднаньне з Расеяй. Мне здаецца, самой Расеі гэта непатрэбна ў тых рамках, у якіх хочам аб’яднаньня мы, дакладней —нашая ўлада”.

(Спадар: ) “Пагроза незалежнасьці ёсьць, а зыходзіць яна, па-мойму, ня звонку, ва ўсякім разе, пагроза адтуль не такая сур’ёзная, як нас у гэтым пераконваюць. НАТО на нас нападаць не зьбіраецца, я лічу”.

(Маладзён: ) “Па-мойму, няма пагрозы для незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. А што датычыць адносінаў з Расеяй, дык я за саюз зь ёю, але каб гэта быў саюз дзьвюх незалежных краінаў, каб яны не аб’ядноўваліся ў адзіную дзяржаву, я супраць гэтага”.

(Малады спадар: ) “Не, ніякай пагрозы нам няма. Я жыву спакойна: кладуся спаць спакойна і прачынаюся спакойна”.
XS
SM
MD
LG