Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксандр Казулін патрабуе пітной вады для зьняволеных


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму сваякам Мікалая Астрэйкі не дазваляюць зь ім спатканьняў? Чым займаецца Мікалай Статкевіч на новым месцы адбыцьця пакараньня абмежаваньнем волі? Артур Фінькевіч кладзецца ў шпіталь на абсьледаваньне. Аляксандр Казулін патрабуе для сябе і іншых вязьняў “Валадаркі” чытай вады.

Тыдзень застаецца да разгляду скаргі на прысуд актывістам “Партнэрства”. Нагадаю, Мікалая Астрэйку асудзілі да 2 гадоў зьняволеньня, а Цімафея Дранчука пакаралі годам калёніі. Абодва юнакі ня згодны з прысудам і паспрабуюць даказаць сваю невінаватасьць у Менскім гарадзкім судзе.

Маці Мікалая Астрэйкі Яўгенія распавяла, што зноў, як і на мінулым тыдні, не атрымала дазволу на спатканьне з сынам. У гарадзкім судзе сказалі, што заяву адносна спатканьня будуць разглядаць ужо пасьля паседжаньня.

Яўгенія Астрэйка днямі даведалася, што не дайшлі да адрасата лісты, якія яна накіроўвала ў турму Аляксандру Казуліну. Пра гэта распавяла жонка Казуліна Ірына, якая 8 верасьня сустракалася з мужам у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Чаму ўлады палічылі лісты непажаданымі, жанчынам невядома. Кажа Яўгенія Астрэйка:

(Яўгенія Астрэйка: ) “Я ж яго ня ведаю асабіста. Я проста напісала словы падтрымкі, а потым яшчэ даслала кароткі ліст, калі мне патэлефанавала ягоная маці, ужо пасьля гэтага прысуду. Толькі каб падтрымаць. Гэта такія невялікія лісты”.

Адносна Аляксандра Казуліна стала вядома, што ён распачаў барацьбу за тое, каб вязьням сьледчага ізалятару далі магчымасьць набываць у турэмнай краме пітную ваду ў плястыкавых бутэльках. Дагэтуль Казуліну і ўсім вязьням зь ягонай камэры даводзіцца піць ваду з крану, а іх пратэсты да зьменаў пакуль не прыводзяць, распавяла Ірына Казуліна.

(Казуліна: ) “Ім перадалі фільтар, з дапамогай якога яны чысьцяць гэтую ваду і пасьля яе п’юць”.

Навіна, якая тычыцца здароўя, прыйшла і ад актывіста “Маладога фронту” Артура Фінькевіча, які адбывае “хімію” ў Магілёве. Юнак паведаміў, што хутка яго пакладуць ў шпіталь на абсьледаваньне. Што да ранейшай забароны на выходныя выходзіць з інтэрнату ў горад , то нічога не зьмянілася. Паводле розных прычынаў гэтая забарона працягваецца.

(Фінькевіч: ) “Шукаюць розныя падставы, каб адмовіць. То кажуць пра дрэнныя ўчынкі іншых “хімікаў”, якія зьбеглі ці ўчынілі хуліганства ў горадзе. Карацей, прынцып “агульнай адказнасьці” ўвялі. То кажуць, што не заплаціў за пражываньне ў інтэрнаце, хаця яшчэ да 15 ёсьць тэрмін заплаціць. Зразумела, шукаюць хоць што, каб зачапіцца”.

Нагадаю, двухгадовае пакараньне абмежаваньнем волі Фінькевіч атрымаў за графіці палітычнага зьместу напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Другі вядомы “хімік”, адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч на гэтым тыдні зьведаў ажно два пераезды: спачатку з Баранавічаў у вёску Сітнікі Пухавіцкага раёну, а яшчэ праз дзень адтуль у вёску Блонь. Палітыка ўзялі на працу ў мясцовую гаспадарку “Індустрыя”. 8 верасьня, калі я датэлефанаваўся да Мікалая Статкевіча, ён спачатку рамантаваў трактар, а потым пад дажджом будаваў загон для жывёлы. Але і ў такіх ўмовах пра спадара Статкевіча ўлада не забывае.

(Статкевіч: ) “Ужо мясцовае КДБ, як кажуць, “пастроенае” і займаецца мной. Ужо наведалі камэндатуру і ўсіх напужалі. Мяне камэндатура правярае штодзённа, але што мяне правяраць? Я ж увесь час на гэтым машынным двары”.
XS
SM
MD
LG