Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачнецца пятнаццаты бардаўскі фэст “Аршанская бітва-2006”


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Гэты фэст ёсьць, бадай што, самай буйной мастацкай імпрэзай, прысьвечанай Дню беларускай вайсковай славы – сьвяту, якое так і не сталася афіцыйным, хаця на пачатку 1990-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі Беларусь набыла сувэрэнітэт, шмат хто чакаў, што дзень 8-га верасьня будзе адным з галоўных дзяржаўных сьвятаў.

8 верасьня 1514 году войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Канстанцінам Астроскім перамаглі амаль утрая большае маскоўскае войска, спыніўшы на пэўны час расейскі наступ на Беларусь. Гістарычная перамога такога значнага маштабу, на думку гісторыкаў, цалкам магла б стаць падставай для зацьвярджэньня Дня беларускай вайсковай славы. Бо, да прыкладу, у суседняй Расеі афіцыйныя Дні вайсковае славы сьвяткуюцца некалькі разоў на год і нават на месяц: так, 8 верасьня адзначалі ўгодкі Барадзінскае бітвы 1812 году, 11 верасьня будзе адзначаны Дзень перамогі расейскае эскадры на чале з адміралам Ушаковым над турэцкай эскадрай у 1790 годзе, а 21 верасьня расейская грамадзкасьць мае адзначыць перамогу войскаў Дзьмітрыя Данскога ў Кулікоўскай бітве, што адбылася ў 1380 годзе.

Дзень беларускай вайсковай славы адзначаюць хіба што несанкцыянавана – пікетамі, улёткамі, неафіцыйнымі выставамі, а таксама штогадовым бардаўскім фэстам каля вёскі Гацькаўшчына ў Аршанскім раёне, на беразе тае самае рэчкі Крапівенкі, дзе шмат стагоддзяў таму адбылася славутая бітвы.

Сёлета фэст адбудзецца ня ў першыя выходныя верасьня, як было дагэтуль некалькі гадоў запар, а на тыдзень пазьней. Аршанскі краязнаўца Юры Копцік лічыць сёньняшнюю дату імпрэзы больш мэтазгоднай:

(Копцік: ) “Чаму перанесьлі? Мы вярнуліся да старое традыцыі, якая была ў сярэдзіне 90-х, – ладзіць імпрэзу ў суботу, бліжэйшую да 8 верасьня”.

Юры Копцік разам зь яшчэ адным мясцовым актывістам Генадзем Шэпелевым чакаюць першых гасьцей на Крапівенскім полі ўжо сёньня па абедзе. Адзінае, што засмучае спадара Шэпелева, дык гэта ня дужа добрае надвор’е: на Аршаншчыне каторы дзень ідуць дажджы.

(Шэпелеў: ) “Мокра! На руках машыну маю выносілі. Так што машыны трэба на асфальце пакідаць, трэба людзям сказаць. Але людзі паедуць! Паставяць намёты, кагосьці на сцэну пусьцім. Сцэна ж будзе пад дахам, канешне, так што й там месца хопіць, калі што”.

Генадзь Шэпелеў кажа, што яму ўжо тэлефанавалі зь Менску, Магілёва, Віцебску – пыталіся, як праехаць да славутага Крапівенскага поля, на якім ад сёньняшняга вечара да заўтрашняе раніцы будуць працягвацца выступы беларускіх паэтаў і бардаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG