Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..."


Радыё Свабода Сьвятлана Длатоўская, чарговая ўдзельніца перадачы "У што я веру..." Сьвятлана – хатняя гаспадыня, мае сына і дачку, дызайнэрка паводле адукацыі. Скончыла аддзяленьне філязофіі і літаратуры Беларускага Калегіюма.

(Длатоўская: ) "На старажытным гербе маіх продкаў чытаю: “Бог – мая надзея” і разумею, што іх надзея неяк дзіўна паўплывала на маю веру. Пазыцыя “калі ня я, дык хто?” мне нашмат бліжэйшая. Я веру ў тое, што чалавек, пры нейкіх абставінах унікаючы вырашэньня задачаў, пастаўленых лёсам, вяртае іх ланцугом неразьвязаных праблемаў ня толькі для сябе, але і для сваіх нашчадкаў.

Я веру ў тое, што гісторыя – гэта раман і спадзяюся, што паны Длатоўскія (генеалягічнае дрэва якіх сягае каранямі ў двор князя Земавіта Мазавецкага), не ад няма чаго рабіць у 1648-м “шабляю на карках казацкіх вымалёўвалі напісанае Духам Сьвятым” і ў страшным для нашай гісторыі 1655 годзе, калі краіна захлыналася крывёю ды была ўзятая Вільня, прынялі расейскае подданства не з жаданьня ўтрымаць прывілеі ды прырасьціць багацьці землямі смаленскімі, а каб захаваць нешта большае, схіліўшы галовы перад нялюдзкай навалаю. Бо я веру ня толькі ў ахоўную сілу Маці Божай Смаленскай, пра якую клапаціліся мае продкі, а і ў спадчыннасьць. У тое, што пры пэўных абставінах у чалавеку абуджаецца нешта глыбіннае, зафіксаванае ў генах ці недзе на ўзроўні складу крыві, што дапамагае з размаітасьці сьвету беспамылкова абіраць сваё. Іншым разам маргінальнае і ледзьве жывое, нагаданае амаль няўлоўным, ціхім, напаўзабытым бабульчыным расповедам пачынае ўпарта прарастаць скрозь быццам бы звыклае, зручнае, прэстыжнае і камфортнае, змушаючы рабіць выбар зусім не на карысьць апошняга.

Я веру ў сям’ю. У яе выключную ролю ў перадачы жыцьцёвага досьведу, ведаў, выхаваньні паўнавартаснай асобы. Але вызначальным лічу самакшталтаваньне, навучаньне адказнаму і добразычліваму стаўленьню да іншага ў межах сям’і, адкуль яно распасьціраецца далей. Мне падаецца, што час пацьвярджае запатрабаванасьць менавіта такой ролі сям’і ў грамадзтве, паступова нівэлюючы дамінаваньне рэпрадуктыўнай функцыі і пашыраючы магчымыя варыянты складу гэтай адзінкі людзкой супольнасьці. Прынамсі пагардлівае ці абыякавае стаўленьне мужчыны да жаночых здольнасьцяў у сямейных стасунках мяне абражае і бянтэжыць болей, чымся паразуменьне, узаемападтрымка ды трапяткое стаўленьне адно да аднаго прадстаўнікоў аднаго полу.

Часьцяком здараецца, што аднаго і таго ж чалавека з роўным посьпехам можна ахарактарызаваць і як анёла, і як пачвару. Я веру, што годна выйсьці з такой сытуацыі могуць дапамагчы адно чуйнасьць, далікатнасьць і жаданьне бачыць у іншым тое лепшае, што дапамагае лягчэй дыхаць і табе. Трэба несупынна вучыцца гэтаму, каб ня браць на душу самы страшны грэх – грэх няўменьня бачыць у блізкім сваім годную асобу, здольную да паўнавартаснай рэалізацыі".

Гл. таксама: Новую перадачу "У што я веру" адкрывае Івонка Сурвіла “У што я веру”: Мікалай Цімафееў
XS
SM
MD
LG