Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна даведацца, хто з "саюзных" чыноўнікаў махлярыў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Шэраг адказных чыноўнікаў структураў саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі пазбавіліся сваіх пасадаў за фінансавыя махлярствы. Пра гэта паведаміў кіраўнік Падліковай палаты Расеі Сяргей Сьцяпашын, але ён не назваў ніводнага прозьвішча.

Пра злоўжываньні бюджэтам саюзнай дзяржавы Сяргей Сьпашын паведаміў падчас свайго візыту ў Менск. Але спадар Сьцяпашын быў нешматслоўным пра махлярствы, якія выявілі ягоныя кантралёры, а больш ўвагі прысьвяціў дасягненьням.

(Сьцяпашын: ) “У нас ва ўзаемаадносінах праблем зусім няма. У лютым мы праверылі выкананьне бюджэту, кагосьці з працы прагналі, у выніку там ўжо зусім не рабуюць”.

Хто ж стаў ахвярай чысткі ў структурах саюзнай дзяржавы пасьля праверкі Падліковай палаты Расеі?

Я зьвярнуўся да афіцыйнага сайта Палаты. Прозьвішчы выкрытых чыноўнікаў там не пазначаныя. Разам з тым згадваецца пра Тэлерадыёвяшчальную арганізацыю Саюзнай дзяржавы, якая скарыстала з бюджэту 21 мільён расейскіх рублёў і не дала патрэбнай справаздачы. У прэсавай службе арганізацыі паведамілі, што недахопы выявіў аўдытар Віктар Касавураў. Але ягоны памочнік Сяргей Кузьмін не стаў распавядаць пра іншых чыноўнікаў, якіх пакаралі у выніку праверак.

(Кузьмін: ) “Наконт кадравых зьменаў, якія адбыліся, вы пытайцеся ў тых структурах, якія праводзілі гэтыя зьмены. Мы не праводзілі ніякіх кадравых зьменаў”.

Прозьвішча адзінага чыноўніка, які сышоў з пасады ў выніку праверак Падліковай палаты, згадаў прадстаўнік Беларусі ў Сталым камітэце саюзнай дзяржавы Васіль Шаладонаў.

(Шаладонаў: ) “Сапраўды, замянілі кіраўніка Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Цернавушка. Там знайшлі нямэтавае выкарыстаньне грошай. Але больш пра кадравыя зьмены я ня ведаю”.

Паводле справаздачы Падліковай Палаты Расеі, бюджэт саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі за 2004 год ня быў выкананы па тром з 18 артыкулаў, а з трох мэтавых праграмаў фінансаваньня была выкананая толькі адна.

Паводле зьвестак прэсавай службы Падліковай палаты Расеі, з вынікамі праверкі азнаёмленыя ўрад саюзнай дзяржавы і прэзыдэнты дзьвюх краін. Але Сяргей Сьцяпашын заявіў, што дамагацца жорсткага пакараньня ад пракуратуры Расеі Падліковая палата не стала: “Мы не накіроўвалі матэрыялы нашых праверак ў пракуратуру, бо незразумела, ў якую пракуратуру накіроўваць -- у беларускую альбо расейскую, а сумеснай няма”—сказаў Сяргей Сьцяпашын беларускім журналістам.
XS
SM
MD
LG