Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адзначаюць Дзень вайсковай славы


Алесь Дашчынскі, Менск У 1514 годзе на Крапівенскім полі пад Воршай войскі ВКЛ на чале з Канстанцінам Астроскім перамаглі расейскае войска, якое на тысячы перавышала паводле колькасьці ваяроў ВКЛ. 9-га верасьня ў Беларусі прадстаўнікамі нацыянальнай і дэмакратычнай супольнасьцяў адзначаецца Дзень вайсковай славы. На сядзібе БНФ у Менску адбылася ўрачыстая імпрэза з нагоды гэтага дня. Улады сёньня пачалі сьвякаваць у сталіцы дзень гораду.

На самым пачатку ўдзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць усіх, хто загінуў за Беларусь. Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка прыгадаў, як 8 верасьня 92-га году вайскоўцы прынялі прысягу на вернасьць Беларусі, а Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў ладзіла парады. Спадар Вячорка таксама згадаў пра гістарычную ролю бітвы пад Воршай.

(Вячорка: ) “Менавіта выдатная перамога пад Воршай, калі меншымі сіламі, але будучы патрыятычна матываванымі, валодаючы найбольш сучаснымі на той момант стратэгічнымі і тактычнымі майстэрствамі нашы продкі паказалі той прыклад, якому вечна можна сьледаваць, і няхай ніхто не гаворыць нам, што мы выбралі для галоўнага вайсковага сьвята дзень перамогі менавіта над нашым усходнім суседам. Памятаем, што нашы вайскоўцы баранілі сваю родную зямлю”.

На сядзібе БНФ адкрылася выстава беларускага мастака Міколы Купавы пад назвай “Раніца 1514 году на Аршанскім полі”. Спадар Купава распавёў пра свае карціны, аднак болей часу прысьвяціў не даўніне, а сучаснасьці.

(Купава: ) “Ну вось цяпер сьвята горада – якое сьвята, якога горада? Я не ведаю. А вось гэта падзея, якая павінна была б аб’яднаць нацыю, павінна ўзвышаць наш народ. Але гэта не ўваходзіць у пляны нашага цяперашніх уладаў і таму мы вось тут сабраліся, але прыйдзе час, калі мы будзем адзначаць гэта так як і павінен наш народ адзначаць такія вялікія падзеі ў нашай гісторыі. Віншую вас!”

А сьвяткаваньні Дня беларускай вайсковай славы працягнуліся выступам музыкаў, сёньняшні канцэрт якіх у канцэртнай залі “Менск” быў забаронены. Вось што кажа адзін з музыкаў гурту “Рокаш”:

(Музыкант: ) “Каму сьвята гэты дзень, адзначаць яго як годна. Зараз мы выканаем некалькі нашых песьняў. Я буду шчасьлівы, калі яны дапоўняць музыкай карціну Купавы. Першая песьня – гэта “Сокал”. Сокал – як сымбаль вольнай птушкі, якой цяжка жыць у няволі”.

Урачыстасьці заўтра працягнуцца ў іншых гарадах Беларусі, таксама ў Воршы. Сачыце за паведамленьнямі на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG