Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валерыя Навадворская пра магчымы рэфэрэндум, турма на Валадарцы, новая "Наша Ніва" - усё гэта ў аглядзе беларускага Інтэрнэту


Севярын Квяткоўскі, Менск АБЛОГа беларускага Інтэрнэту

Расейскі дэмакратычны палітык Валерыя Навадворская адказвае ў сваім блогу на пытаньне пра магчымасьць рэфэрэндуму пра ўтварэньне супольнай расейска-беларускай дзяржавы: “Лічу, што рэфэрэндуму ня будзе. Пуцін ня супраць, каб разжыцца Беларусьсю, але на правах губэрні, а Лукашэнка сваю абсалютную ўладу нікому не саступіць, хутчэй, уступіць у БНФ. Размовы пра рэфэрэндум ідуць, але далей справа ня пойдзе”.

На фрумах парталу Tut.by абмяркоўваюць зварот экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, які цяпер зьняволены ў менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Спадар Казулін заклікаў ад 19 верасьня лічыць прэзыдэнцкую ўладу Аляксандра Лукашэнкі нелегітымнай, і да наступных прэзыдэнцкіх выбараў перадаць кіраваньне краінай прэм’еру Сяргею Сідорскаму. Да тэмы турмы “Валадаркі” мы яшчэ вернемся далей у праграме. А пакуль водгукі ўдзельнікаў форумаў на выказваньні спадара Казуліна. Карыстальнік Пан Спартсмэн не сумняецца ў тым, што на апошніх выбарах Аляксандар Лукашэнка набраў больш за 80% галасоў: “Трэба выбары выігрываць. А прайграўшы, не выдаваць чарговы прадукт словамаўленьня”. Карыстальнік П/С піша: “Казулін правёў псыхалягічны прыём… Ён ведае скрайнюю падазронасьць Лукашэнкі да самых нязначных ці нават уяўных прэтэндэнтаў на ўладу. Такім чынам ён спрабуе расхістаць існы статус кво ў наменклатуры”.

На палітычным сайце ”Трэці тэрмін – лішні!” можна знайсьці сатырычны “Маленькі палітычны слоўнік”. Вось самыя паліткарэктныя прыклады: “Бітва за ўраджай” – вайна зь зернем і зернебабовымі, якія растуць здрадніцкі павольна; “Апакаліпсіс” -- будучыня пасьля прэзыдэнта, тое ж – голад; “стабілізацыя” – застой… Разам 145 словаў.

На інфармацыйна-забаўляльным партале “Minsk2000” можна знайсьці зусім незабаўляльны фотарэпартаж пра сьледчы ізалятар на менскай вуліцы Валадарскага. Аўтар узгадвае, што ў Пішчалаўскім замку, які складае аснову Валадаркі сядзелі такія асобы як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Якуб Колас, Карусь Каганец… З найноўшага часу можна дадаць: Юры Хадыка, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Рамашэўскі, Павал Севярынец, цяпер там знаходзіцца Аляксандар Казулін. Аўтар рэпартажу, які сябе не называе, суправаджае сваю фотаэкскурсію нататкамі Мадэста Мудрова, дырэктара турэмнага камітэту Менскай губэрні ў канцы ХІХ ст. (цытую): “Жахліва трымаць зь відавочнымі злачынцамі таго, чыё злачынства яшчэ не даказанае”. І хоць у рэпартажы адзначаецца, што адміністрацыя стараецца сартаваць зьняволеных, з фотаздымкаў вынікае, што людзі, чыя віна яшчэ не даказаная, мусяць жыць у прыніжальных умовах: напрыклад, на дваццаць чалавек у камэры адна неагароджаная прыбіральня.

Да Дня беларускай вайсковай славы прымеркавала газэта “Наша Ніва” абнаўленьне свайго сайту. «НН» цяпер можна ня толькі чытаць, але і пісаць, і спрачацца ў ёй, а неўзабаве – і чуць яе, -- гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле. -- «НН» цяпер ствараюць самі чытачы. Штодня. Кожны можа выказаць сваё меркаваньне наконт любога артыкулу, паспрачацца з аўтарам, падыскутаваць зь іншымі чытачамі. Кожны можа сам напісаць артыкул у «НН» проста на сайце. Новая «Наша Ніва» зьбірае беларусаў”.

Адпаведна чытач можа выбіраць, як яму глядзець інтэрнэт-вэрсію “НН”: “Можна праглядаць толькі галоўныя навіны, можна – толькі навіны, напісаныя нашаніўцамі, а можна – усе матэрыялы сайту разам. Зарыентавацца дапамогуць рэйтынгі найбольш чытаных і найбольш камэнтаваных артыкулаў”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі . Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG