Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне ў прыватнікаў гіне збожжа


Радыё Свабода У Гомельскай вобласьці на прысядзібных участках вяскоўцы пасеялі сёлета звыш 26 тысяч гектараў збожжавых культур. Паводле зьвестак аблсельгасхарчу, па стану на 8 верасьня прыватнікі змаглі ўбраць толькі 43 адсоткі вырашчанага збожжа. Жыта, пшаніца, авёс гінуць на корані.

У вёсках Калінаўка, Целяшы, Задораўка Гомельскага раёну многія вяскоўцы ўжо страцілі надзею сабраць вырашчаную збажыну.Гаворыць жыхарка вёскі Целяшы спадарыня Марыя:

(Марыя:) “Вунь стаіць 30 сотак аўсу. Ён ужо прапаў, пачарнеў, лёг долу. Ужо ня ведаю, што рабіць. Трэба, відаць, шукаць трактар “Кіравец” - няхай зьбівае гэты авёс і заворвае. Ён ужо травою ўзяўся, пачарнеў і асыпаўся. І вунь, глядзіце, на балоце ў людзей стаіць збажына, і там вунь стаіць. І мае дзеці яшчэ не памалацілі, зяць працуе ў калгасе трактарыстам. Няўжо нельга выдзеліць адзін камбайн?”.

У гаспадарцы суседа спадарыні Марыі, інваліда вайны Падольскага такая ж бяда. На прысядзібным участку гіне каля 15 сотак вырашчанага жыта.

Жонка інваліда, Аўдоцьця Падольская, паказвае пасівелае ад дажджоў і часу жыта:

(Падольская:) “Ну вось палягло ўжо ўсё, пагніло палавіну, папрарастала”.

Ня лепшы малюнак на прысядзібных участках вяскоўцаў і ў Калінаўцы. Спадарыня Ірына вырасьціла сёлета чвэрць гектара жыта гатунку трацікале. Але радасьці ад яго мала:

(Ірына:) “Усё стаіць на корані, не абмалочана. Сотак 25 трацікале. Яно ўжо прарастае на корані. Камбайнаў не даюць – калгас не дае. Прыватнікаў просім – таксама не прыяжджаюць. Што хочаш, тое і рабі. Наш калгас у Цярэнічы перанесьлі. Няхай хаця б адзін камбайн на дзень далі – усе абмалацілі б. Не па-чалавечы да людзей ставяцца”, - лічыць вясковая кабета.

Людзі разумеюць, што надвор`е сёлета для жніва было ня лепшым. Калгас яшчэ не справіўся са жнівом. Перашкаджалі дажджы. Аднак некаторыя вяскоўцы свае праблемы зьвязваюць са скасаваньнем у Целешах былога калгаса “чырвоная плошча” і далучэньнем яго да сельгаспрадпрыемства 9 Мая з цэнтрам у Цярэнічах:

(Марыя:) “Наш калгас злучылі з Цярэнічамі. Уся тэхніка там. Людзей туды возяць, якія пагадзіліся езьдзіць. Астатнія сядзяць дома. Разваявалі ўсё, размалацілі. І людзям тое ж самае”, - кажа ўжо знаёмая нам спадарыня Марыя зь вёскі Целяшы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG