Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гібель Вячаслава Чарнавіла была забойствам?


Сяргей Навумчык, Прага Міністар ўнутраных спраў Украіны Юры Луцэнка заявіў, што гібель лідэра Народнага Руху Украіны Вячаслава Чарнавіла была забойствам. Ён сказаў, што гатовы прадставіць сыну Чарнавіла, дэпутату Вярхоўнай Рады Тарасу Чарнавілу матэрыялы сьледства, якія пакуль нельга агалошваць

Лідэр Народнага Руху Украіны Вячаслаў Чарнавіл загінуў у аўтамабільнай катастрофе 25 сакавіка 1999 году, калі вяртаўся ў Кіеў з паездкі па рэгіёнах. Ягоны аўтамабіль ўрэзаўся ў грузавік з прычэпам, які раптоўна пачаў разварочвацца і перакрыў трасу. Пасьля прыходу да ўлады прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка распарадзіўся аднавіць крымінальную справу. Прэзыдэнт заявіў, што сумняецца, каб катастрофа была звычайным транспартным здарэньнем.

Паводле міністра Юрыя Луцэнкі, у справе назіраецца істотны прагрэс, і зьявіліся факты, якія гавораць пра тое, што гібель Чарнавіла была забойствам.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Генэральны пракурор Украіны Аляксандар Мядзведзька сказаў, што яму вядомыя факты, на якія спасылаецца міністар унутраных спраў.

(Мядзьведзька: ) “Калі прагучала тэза міністра ўнутраных спраў пра тое, што гэта не дарожна-транспартнае здарэньне, а забойства, я патэлефанаваў міністру і папрасіў даць мне гэтыя матэрыялы. Ён адказаў, што матэрыялы знаходзяцца ў крымінальнай справе, маючы на ўвазе пратакол допыту аднаго сьведкі, дзе ёсьць такое фантастычнае выказваньне, што да гэтага забойства Вячаслава Чарнавіла могуць мець дачыненьне кіраўнікі Расеі”.

Генэральны пракурор дадаў, што словы сьведкі не знайшлі пацьвярджэньня. Ён таксама заявіў, што заява міністра ўнутраных спраў Украіны ўводзіць у зман грамадзкасьць і абвергнуў сьцьвярджэньні сына Вячаслава Чарнавіла Тараса пра тое, нібыта пракуратура наўмысна зацягвае справу. Тарас Чарнавіл распавёў пра раптоўную сьмерць, як ён выказаўся, “каардынатара” забойства, які сядзеў побач з кіроўцам у кабіне грузавіка; паводле экспэртызы, гэты чалавек быў атручаны. Генпракурор Аляксандар Мядзьведзька сказаў, што справа налічвае 20 тамоў, апытана больш як 500 чалавек, і канчатковыя высновы можна будзе рабіць толькі пасьля завяршэньня расьсьледаваньня.

*********************************** Глядзі таксама: Кіеўскія нататкі. Гібель Вячаслава Чарнавіла: здарэньне альбо забойства?
XS
SM
MD
LG