Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<b/>Мікола Астрэйка і Цімафей Дранчук 200 дзён за кратамі (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Міколу Астрэйку і Цімафея Дранчука арыштавалі разам з Энірай Браніцкай і Аляксандрам Шалайкам 21 лютага. Арыштаваных вінавацілі ў кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы й інтарэсы грамадзянаў, а таксама ў падрыхтоўцы тэрактаў дзеля зьмены канстытуцыйнага ладу.

Cуд Цэнтральнага раёну Менску судзіў іх толькі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Эніра і Аляксандар выйшлі на волю пасьля шасьці месяцаў адбыцьця пакараньня. Паводле прысуду Цімафей Дранчук правядзе ў зьняволеньні яшчэ пяць месяцаў, а Мікола Астрэйка — амаль паўтара году.

Мікола Астрэйка і Цімафей Дранчук знаходзяцца ў Менскім сьледчым ізалятары. Іх трымаюць асобна. Падчас сьледзтва, ад 21 лютага, актывісты “Партнэрства” былі ў сьледчым ізалятары КДБ, так званай амэрыканцы. Толькі перад пачаткам суду хлопцаў перавялі на Валадарку, дзе ўжо былі іхныя паплечнікі Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка.

У сям’і Міколы Астрэйкі днямі чакаюць нараджэньня дзіцяці. Маці Міколы Яўгенія Астрэйка не атрымала на гэтым тыдні дазволу на спатканьне.

Суд Цэнтральнага раёну пераехаў у будынак зьліквідаванага ўладамі Коласаўскага ліцэю, навучэнцамі якога былі Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка і ягоная жонка Паліна. Кабінэт судзьдзі Леаніда Ясяновіча знаходзіцца ў былым кабінэце геаграфіі. Маці Міколы пераступіла ганак будынку, куды яна раней прыводзіла свайго сына вучыцца:

(Астрэйка: ) “Ня ведаю, якая сіла, хто дапамог мне туды зайсьці й выйсьці, настолькі мне было цяжка. Вось і грошы знайшліся… Будынак адрамантаваны, усё там прыгожа… Дух ліцэю амаль зьнішчаны. Міліцыянты, плот двухмэтровы, мэталічныя штыры. Ясяновіч сядзіць у былой аўдыторыі геаграфіі. Цяжка. Вельмі цяжка”.

Паліна Астрэйка спадзяецца на станоўчы разгляд апэляцыі, які адбудзецца 15 верасьня ў менскім судзе.

(Паліна: ) “Вельмі чакаем і спадзяемся на 15 верасьня. Гэта адзінае, што нам застаецца, — надзея. Сёньня атрымалі ад яго ліст. Ён таксама перажывае гэтыя пачуцьці: спадзяецца, але ня вельмі верыць, што нешта зьменіцца. Чакаем дзіця. Ён таксама хвалюецца, што ня можа быць побач”.

У Цімафея Дранчука за час ягонага знаходжаньня пад вартай нарадзіўся сын. Цімафей убачыў дзіця падчас абвяшчэньня прысуду. Сястра Цімафея Юлія лічыць, што яе брат вытрымае зьняволеньне і выйдзе на волю загартаваным.

(Дранчук: ) “Ня думаю, што Ціма на Валадарцы ўсьведамляе, што сёньня 200 дзён, але пра гэта памятаем мы. Нягледзячы на тое, што яны вельмі складаныя для Міколы Астрэйкі й Цімафея Дранчука, усё ж яны знойдуць у іх карысьць для сваёй будучыні. Іхныя духоўныя эмоцыі будуць расьці, нягледзячы на тое, што фізычна для іх гэта вельмі складана”.

Гаворыць бацька Цімафея Дранчука:

(Дранчук: ) “Гэтыя 200 дзён — яны скрадзеныя ў Цімафея. Скрадзеныя ў нашай сям’і, скрадзеныя ў Вольгі — жонкі Цімоха. Больш як 150 зь іх, з гэтых дзён, скрадзеныя ў Платона, якога бацька дагэтуль не трымаў на руках, ня мог прытуліць яго да грудзей. Сёньня мала краінаў, дзе не паспачувалі нашым дзецям з нагоды жорсткіх прысудаў”.

Сваякі актывістаў “Партнэрства” спадзяюцца, што Цімафей і Мікола хутка выйдуць на волю.
XS
SM
MD
LG