Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава й канцэрт у Менску ў гонар Аршанскай бітвы


Галіна Абакунчык, Менск У менскай сядзібе БНФ адбыліся прэзэнтацыя выставы й канцэрт у гонар пераможнай бітвы войскаў Вялікага княства Літоўскага над войскамі Маскоўскай дзяржавы ў 1514 годзе. Карціну пад назвай “Раніца 1514 году на Аршанскім полі” выставіў мастак Мікола Купава. У канцэрце з сэрыі “Легенды Вялікага Княства” выступілі гурты “PLAN”, “Рокаш” і “Тастамэнт”. Плянавалася, што імпрэза ў гонар Дня вайсковай славы пройдзе ў канцэртнай залі “Менск”, аднак напярэдадні яго забаранілі.

Над карцінай “Раніца 1514 году на Аршанскім полі” Мікола Купава працаваў год. Карціна паказвае панараму мясцовасьці напачатку гістарычнай бітвы, войскі Канстанціна Астроскага, старажытны Аршанскі замак, а таксама выяву Маці Божай, дзень народзінаў якой таксама сьвяткуецца 8 верасьня. Гаворыць Мікола Купава:

(Купава: ) “Галоўная ідэя — паказаць праз вось гэтую складаную кампазыцыю веліч нашага беларускага духу: войскі зьбіраюцца, яны ўпэўненыя — яны ведаюць, за што стаяць. І ў небе паказаная Багародзіца, якая таксама будзе спрыяць бітве, гэта зразумела. Бо гэта рэдкае супадзеньне дзьвюх найважнейшых падзеяў — бітва на Аршанскім полі з Масквой і дзень нараджэньня Маці Божай — і таму, канечне, яна спрыяла справядлівасьці й праўдзе”.

Пасьля прэзэнтацыі карціны Міколы Купавы распачаўся сьвяточны канцэрт. Ён меў адбыцца на малой сцэне канцэртнай залі “Менск”. За кароткі час прадалі каля 300 квіткоў, але напярэдадні адміністрацыя “Менску” забараніла імпрэзу. Канцэрт адмянілі нібыта з тае прычыны, што працёк дах і пашкодзіў электраправодку. Гэткім чынам, “Легенды Вялікага Княства” ў Дзень Аршанскай бітвы гучалі на сядзібе БНФ у скароце, але цалкам канцэрт гістарычнай музыкі ўсё ж адбудзецца, кажа арганізатарка Арына Вячорка.

(Вячорка: ) “Тут, можа, два фактары супалі — сапраўды праводку заліло. Але, можа б, яны ператрывалі з гэтай праводкай, калі б ня гэткі канцэрт, ды пад гэткую дату. Але будзе так, што мы гэты канцэрт, гэтую гістарычную песьню зробім, але крыху пазьней. І калі гэта будзе не канцэртная заля “Менск”, то будзе іншая — мы ж свабодныя людзі. І ніякая праводка і капрамонт нас ня возьмуць”.

У гонар Аршанскай бітвы пройдзе й 15-ты фэстываль беларускай бардаўскай песьні й паэзіі. Ён адбудзецца на месцы гістарычнай падзеі — каля ракі Крапівенка, блізу Воршы. Імпрэза распачнецца набажэнствам а 18-й гадзіне ў суботу 9 верасьня й будзе доўжыцца ўсю ноч.
XS
SM
MD
LG