Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае “чарніла” можа застацца толькі для ўнутранага спажываньня


Радыё Свабода Расейская Фэдэрацыя можа неўзабаве спыніць імпарт вінаў зь Беларусі. Пра гэта заявіў галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка. Паводле Анішчанкі, беларускія віны на 80% складаюцца з малдаўскай сыравіны, а менавіта малдаўскія ды грузінскія віны забароненыя да рэалізацыі на расейскім рынку. Арганізацыя ў сфэры нагляду за якасьцю прадукцыі “Роспотребнадзор” неўзабаве праверыць вартасьць беларускіх вінаў і пры неабходнасьці спыніць іх паток у Расею.

Колькі ў Беларусі вытворцаў віннай прадукцыі — ня могуць дакладна сказаць нават спэцыялісты: калі пасьля ўхваленьня ў 2000 годзе дзяржаўнай праграмы захадаў на папярэджаньне п’янства і алькагалізму вытворчасьць гарэлкі зьменшылася на 27%, то аб’ём вырабленага віна вырас на 70%. У канцэрне “Белдзяржхарчапрам” кажуць, што прыблізна тры сотні заводаў рознай формы ўласнасьці прадукуюць уласныя гатункі, якія трапляюць у тым ліку і за межы Беларусі. Аднак прадстаўнік канцэрну Пётар Кавуноў перакананы: сапсаваць рэпутацыю беларускім вытворцам маглі толькі вытворцы так званага “чарніла”.

(Квуноў: ) “Вінамі ў Беларусі займаюцца заводы спажывецкай каапэрацыі, камунальнай уласнасьці, прыватныя заводы віно робяць, і заводы нашыя. У нашай сыстэме бязладу ня можа быць, таму што гэта “Крышталь”, “Завод шампанскіх вінаў”. І яшчэ не было, каб дасылалі лісты з Расеі: маўляў, што вы нам за байду гоніце? Таму трэба ў Анішчанкі запытацца: якое віно ты меў на ўвазе? Бо ў нас у кожным калгасе свае вінзаводы ёсьць. Можа, хтосьці празь мяжу цягнуў такое віно, а санітарная служба яго злавіла. Гэта ж ня тое, што дзяржава. Яны возяць лесам, полем, ніхто ня ведае, як туды што трапляе”.

Фэдэральная служба “Роспотребнадзор” ужо заявіла: адсутнасьць мытнай мяжы зь Беларусьсю не дазваляе адсочваць усё кантрафактнае, альбо віно нізкай якасьці, якое трапляе з заходняга кірунку. Між тым, расейскі бок не ўдакладняе, прадукцыя якіх беларускіх вінзаводаў выклікае заклапочанасьць. Гаворыць супрацоўніца службы Любоў Варапаева:

(Варапаева: ) “Што да пытаньня магчымай забракоўкі беларускіх вінаў, то ў нас такая праца вядзецца. І як толькі адпаведнае рашэньне будзе прынятае, яно будзе размешчанае на нашым афіцыйным сайце www.rospotrebnadzor.ru”.

Дзяржаўны камітэт стандартызацыі, мэтралёгіі й сэртыфікацыі ад чэрвеня ўвёў дадатковыя патрабаваньні да беларускіх вытворцаў пладовых вінаў. Цяпер дзеля атрыманьня ліцэнзіі юрыдычныя асобы мусяць мець уласнае абсталяваньне, каб перапрацоўваць сыравіну ці распараджацца ім на праве гаспадарчага карыстаньня. Пётар Кавуноў удакладняе: новыя патрабаваньні якраз маюць за мэту ўзмацніць кантроль якасьці прадукцыі вінаробства, а таксама стымуляваць вытворцаў, каб пераходзілі на мясцовую сыравіну.

(Кавуноў: ) “Найперш, за гэты год па нашай сыстэме нуль экспарту ў Расею. Яны там пачалі ўсялякія рэвізіі й не пасьпелі надрукаваць акцызных марак. Па-другое, мы ад малдаўскай сыравіны ўсіх сваіх адварочваем. У нас для сваіх вінзаводаў дастаткова ўнутранай сыравіны. Мы ім увогуле забараняем завозіць вінаматэрыялы. Яблыкі ў людзей закупляйце — і на натуральнай сыравіне рабіце віны”.

(Карэспандэнт: ) “А якасьць ці адэкватная вінаграднаму віну?”

(Кавуноў: ) “Ну, не вінаграднае — дык такое людзі няхай пап’юць. Экалягічна чыстае, са свайго прадукту. А то цяпер будуць шукаць: КДБ, службы бясьпекі пачнуць высьвятляць, каго Анішчака меў на ўвазе. І запыты дасылаць — што вы туды ў Расею накіроўваеце? Не адпраўляем мы нічога дрэннага”.

Штогоду ў прыёмныя пакоі беларускіх шпіталёў з дыягназам “алькагольнае атручаньне” трапляе каля 100 тысяч пацыентаў. Ад пачатку 2006 году ўжо больш за паўтары тысячы чалавек памерлі ад ужываньня нізкаякасных сьпіртных напояў (летась колькасьць памерлых склала 3300 чалавек, 2700 зь іх — асобы працаздольнага ўзросту). У 2003-м у Беларусі адноўленая сыстэма мэдвыцьвярэзьнікаў: шпіталі не пасьпявалі лячыць стацыянарных хворых і адначасна ратаваць непераборлівых выпівохаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG