Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара звольнілі пасьля запрашэньня ў школу польскага консула<b/>


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Дырэктара школы імя Элізы Ажэшкі ў вёсцы Мількаўшчына Гарадзенскага раёну звольнілі з працы пасьля таго, як 1 верасьня на ўрачыстую лінейку ён запрасіў генэральнага консула Польшчы ў Горадні Анджэя Крэнтоўскага.

Уладзімера Трафімчыка, цяпер былога дырэктара Мількаўшчынскай сярэдняй школы імя Элізы Ажэшкі, выклікалі ў РАНА на наступны дзень пасьля ўрачыстай лінейкі. Зь ім размаўляў загадчык РАНА Аляксандар Саўцоў і намесьнік старшыні райвыканкаму Валеры Клімовіч. Прапанавалі звольніцца на асабістае жаданьне.

(Трафімчык: ) “Асноўнай матывацыяй для звальненьня было тое, што, маўляў, усе госьці маглі прысутнічаць, а генэральны консул быць не павінен”.

Сёлета Мількаўшчынскай базавай школе надалі імя Элізы Ажэшкі — менавіта ў Мількаўшчыне нарадзілася вядомая пісьменьніца. З гэтае нагоды, кажа дырэктар, было запрошана шмат гасьцей, у тым ліку і з РАНА, зь мясцовага калгасу, прадстаўнікі Саюзу палякаў на чале зь Юзафам Лучнікам, а таксама генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Крэнтоўскі.

Дарэчы, Трафімчык узгадняў запрашэньне консула з прадстаўнікамі РАНА — і ніхто прынцыпова не пярэчыў.

1 верасьня, са словаў Трафімчыка, у школу патэлефанавалі з РАНА:

(Трафімчык: ) “На палову дванаццатай перад пачаткам урачыстасьцяў пачалі тэлефанаваць з РАНА і казаць, што генэральны консул прысутнічаць на ўрачыстай лінейцы не павінен”.

Уладзімер Трафімчык тады патэлефанаваў у консульства, каб паведаміць пра такое рашэньне, але спадар Крэнтоўскі быў ужо ў дарозе.

Загадчык Гарадзенскага РАНА Аляксандар Саўцоў адмовіўся казаць мне ў дыктафон — маўляў, не хачу, каб мой голас гучаў на вашым радыё. А прычыну звальненьня Трафімчыка патлумачыў наступным чынам: “Ён прыйшоў да мяне й сказаў, што сам жыве ў Горадні, а езьдзіць на працу 43 кілямэтраў цяжка, таму просіць звольніць на асабістае жаданьне”. Я заўважыў, што звальненьне дырэктара школы напачатку навучальнага году выглядае дзіўна. На што Саўцоў адказаў: “Я ў душу яму не заглядаў”.

Уладзімер Трафімчык адпрацаваў дырэктарам школы 7 гадоў, па адукацыі ён біёляг, але яго вельмі цікавіла творчасьць і жыцьцё Элізы Ажэшкі. І школа ў Мількаўшчыне, дзе нарадзілася пісьменніца, — адзіная ў Беларусі, якая носіць яе імя.

Спадар Трафімчык меўся наладзіць супрацоўніцтва з польскімі школамі, якія таксама носяць імя вядомай пісьменьніцы. Ён распрацаваў два турыстычныя маршруты па месцах Элізы Ажэшкі — экскурсаводамі працуюць вучні, якія ладзяць экскурсіі на трох мовах: па-беларуску, па-польску і па-расейску.

Цяпер спадар Трафімчык беспрацоўны.
XS
SM
MD
LG